Выбрать главу

Адным, словам, нашчадкі напэўна змогуць здабываць гукі з дрэва, і гэта будзе лічыцца нават не рэвалюцыяй у тэхніцы, а — наступным крокам прагрэсу. На жаль, бярвенні таго насцілу даўно стлелі, а гродзенцы ў пачатку гэтага стагоддзя збудавалі сабе мост каменны, які сёння называем — Старым. На быках з салідных гранітных блокаў. Шырокі. З высокай пасадкай.

Зрэшты, і Стары мост паслужыў першым чынам вайне.

10.

К таму часу вакол Гродна разгарнулася будаўніцтва фортаў. За работу афіцэры штаба шчодра плацілі чыстым золатам, таму цераз мост адразу пацягнуліся тысячы сялянскіх фурманак з цэглай, цэментам, пяском, жалезам, вайсковым скарбам ды абсталяваннем для даўзёрных казематаў — злектраматорамі, помпамі, халадзільніка--мі, рухавікамі.

Аднак усё было дарэмна.

Летам 1915 года, выходзячы з акружэння, рускія войскі новенькія форты, з якіх па ворагу ніхто так ні разу і не стрэліў, узарвалі (змрочныя тунелі, казематы, парахавыя калодзежы ды велізарныя глыбы разварочанага бетону з цэленькімі гнёздамі для гармат, кулямётаў і НП — хоць займай іх зараз! — напэўна будуць прыцягваць да сябе, як магнітам, не адно пакаленне гродзенскіх хлопчыкаў ды будзіць у іх фантазію).

Пры адступленні рускія войскі заадно ўзарвалі і адзін пралёт Старога моста.

З гэтага моманту ў Гродне на працягу пяці гадоў пяць разоў мянялася ўлада, а колькі пры гэтым разоў узрывалі «счэпленыя на жывую нітку» пралёты моста, цяпер і не ўдакладніш. Адно пэўна — калі ў чэрвені 1920-га Гай вёў на Захад цераз Гродна сваю конніцу, яго праслаўленым эскадронам давялося фарсіраваць раку ўброд — насупраць «чумных» могілак і фабрыкі мэблі.

Пасля першай сусветнай вайны капітальна рамантаваць Стары мост давялося ўжо палякам.

11.

Для людзей майго пакалення, каб сцвердзіць, як жылося аднавяскоўцам, што падаліся ў горад пры буржуазнай Польшчы, дастаткова нагадаць апавяданні беспрацоўных, што начавалі пад мостам ды са з'едлівай самакрытычнасцю хваліліся:

«А што? Над галавой не капае. Купанка пад бокам. Каб галава не балела, скразнячок прадувае. I ўсё бясплатна. Дзе ты лепшае месца знойдзеш?!»

У першыя дні Вялікай Айчыннай вайны па адзінай гарадской пераправе хлынулі на ўсход бежанцы. Шэсцьдзесят двум зеніткам гродзенскай СПА снарадаў хапіла толькі на першыя дзве гадзіны раніцай 22 чэрвеня, і горад застаўся без супрацьпаветранай аховы. Як расказваюць старажылы, суцэльны той людскі паток на мосце беспакарана расстрэльвалі з бартавых кулямётаў і гармат антрапоіды люфтвафэ. Мост над вадой узвышаецца на дваццаць адзін метр, але мацярок агортваў такі панічны жах, што яны, бедныя, ратуючыся ад «месераў», хапалі дзяцей, унукаў ды цераз поручкі сігалі ў ваду, бы ў схованку.

I камяні моста нічога не расказваюць.

Нядаўна мне давялося пазнаёміцца з кніжкай амерыканца Рэманда Талівера, выдадзенай у Лондане, ды здзівіцца — бытта свет і не перажываў тых злачынстваў. Аўтар на поўным сур'ёзе апісвае, якімі рыцарамі былі нямецкія асы, калі збівалі самалёт праціўкіка, нават сачылі, каб яго лётчык шчасліва апусціўея ды цэлы ступіў на зямлю, а саслужыўцу, хто нават праз памылку абстраляў пасажырскі поезд, сябры выносілі суровае пакаранне. Куды там!..

На жаль, перыяд таго страшнага спусташэння і забойстваў той-сёй пачаў ужо рамантызаваць, упрыгожваць моднымі кветачкамі ды карціннасцю, прытупляць у нас агіду да фашызму, заваёўнікаў і войнаў, селячы ў душах людзей, як слушна сказаў у адным тэлеінтэрв'ю мой аднакурснік па ВЛК Віктар Астаф'еў, злачынную забыўчывасць, а ў моладзі — бяспечную благадушнасць. Для ацверазення такім было б вельмі карысна калі-нікалі прыязджаць у Гродна, узыходзіць на мост, заглядваць уніз цераз тыя самыя по-ручні, каб з вышыні дваццаці аднаго метра ўбачыць бурлівае, злавеснае цячэнне Нёмана, уявіць сабе лямант, віск, крыкі і стра-ляніну ды паспытаць хоць частку таго жаху, які выпала перажыць у першыя дні вайны няшчасным кабецінам ды бабулям, іх дзеткам і ўнукам, як трохі пазней і гродзенцам, якіх тысячамі вазілі на расстрэл у Навумавічы і Калбасіна. Для іх мост станавіўся тым апошнім рубіконам, ад якога пачыналі яны развітвацца з жыццём.

Бытта помсцячы гітлераўцам за злачыыствы, лёс сурова пакараў і іх.