Выбрать главу

Летам 1944 г. нямецкія сапёры ўзарвалі пралёт моста, калі на ўсходнім беразе заставаліся яшчэ значныя сілы вермахта ды ляжала нявывезенае вайсковае дабро, Гітлераўцаў даволі лёгка знішчалі чырвонаармейцы, а ў раёне нафтабазы ад агню байцы паспелі ўратаваць чатыры (з шасці) склады вермахта.

12.

Калі б масты маглі гаварыць, то наш, гродзенскі, абавязкова расказаў бы яшчэ і пра тысячы гаротнікаў, што ў нялёгкія пасля-ваенныя гады разбітымі на франтавых дарогах «палутаркамі» везлі цераз яго вузлы агрэгатаў для цукрабуда і тонкасуконнага камбіната, пералічыў бы мноства павозак, запрэжаных лядашчымі конікамі, што цягнулі цэмент з Росі, цэглу з Ваўкавыска, бярвенні з Кадыша, бедныя цэнтнеры збажыны з толькі што арганізаваных калгасаў, ды абавязкова нагадаў бы жалобныя фурманкі з целамі актывістаў, забітых бандытамі пад Сапоцкіна, Зэльвай, Навагрудкам...

Масты маўчаць, бы нямкі.

Але паміж людзьмі існуе святы, запаветны, вялікі ды адвечны закон, паводле якога нічога на свеце не прападае, бо застаецца ў дакументах, успамінах, звычках, паданнях, легендах, сэрцах і генах. Цяпер цераз гродзенскія шырокія пераправы ездзяць і турысты, і замежныя спецыялісты, а частка народнага прадукту з Гродна ідзе ў Польшчу, Германію, Францыю ды нават у чопарную Англію, бо навядзенне мастоў паміж людзьмі, паміж жыццём, праўдай і прагрэсам — асноўны сэнс чалавечага існавання.

Масты даўно ўжо не палохаюць людзей і не прыносяць гора, а сталі для іх неабходнымі.

Масты цяпер, як мала што іншае, людзей яднаюць.

У суровай барацьбе і цяжкай працы пакаленняў наша Гродна неўзабаве пасля вайны дасягнула рубяжа сталасці ды выйшла ў шэраг стотысячнікаў (1965). Яго развіццё пасля гэтай даты толькі набірала тэмпы. I хоць першы «стотысячнік» — Юра Ляшэнка — зараз вымахаў за 185 сантыметраў (акселерацыя), ён яшчэ ходзіць у 9-ы клас 22-й СШ, а Гродна адзначыла ўжо нараджэнне двухсоттысячнага грама-дзяніна і цяпер рыхтуецца стаць горадам з насельніцтвам у чвэрць мільёна.

Шматлікім і непаседлівым гродзенцам, імкліваму гарадскому будаўніцтву і транспарту патрэбны былі новыя пераправы, таму было вырашана пабудаваць Новы мост. Яго перакінулі цераз Нёман дакладна ў тым самым месцы, дзе летам 1920 года перапраўляўся ўброд Гай са сваёй праслаўленай конніцай.

Кажуць, самай прыгожай формы мост той, які мае самую дасканалую і сучасную канструкцыю. Такім мы ўпершыню ўбачылі Новы мост.

Такімі ў нас будуюцца і наступныя масты.

Бо народ наш праз нягоды і бяду дасягнуў тэхнічнага ўзроўню, які дастойны касмічнай эры. Але і палёт касмічнага карабля толькі працягвае імклівы шлях той самай стралы, што запусціў з лука ў нябесную сінь наш прашчур у зубровай накідцы, прачарціўшы парабалу, як мост, паміж мінулым і сучасным.

ЗАПІСКІ ДЫРЭКТАРА МУЗЕЯ

1. Роздум ля экспанатаў

1.

У Рэспубліканскім музеі атэізму і гісторыі рэлігіі нікога не пакідае раўнадушным карціна народнага мастака Грузінскай ССР Чолы Кукуладзе «Інтэрнацыянал». Вялізнае, два метры на паўтара, палатно з агорнутым жывымі языкамі полымя, перакошаным ад болю тварам гарманіста прыслаў у Гродна аж з Сухумі сам аўтар, аднак падзея, што натхніла мастака, выдарылася на Віцебшчыне.

У вёсцы Малыя Асеткі (Расонскі раён) жыў сляпы музыкант — Фадзей Андрэевіч Івакоў. З яго пляменнікамі — Васілём, Паўлам і Цвінцікам Чола Кукуладзе — тады 19-гадовы танкіст з Абхазіі — партызаніў. Дзядзьку сваіх сяброў абхазец запамятаў па тым, як вы-сокі, мажны мужчына, закінуўшы за плячо трохрадку, перабіраўся босы з вёскі ў вёску на вечарынку, хрэсьбіны ці вяселле, бо танцавалі, радзіліся, пасылалі сватоў ды выходзілі замуж нават і ў вайну. Калі аднойчы Чола спытаўся ў сляпога, чаму заўсёды дзядзька ходзіць босы, чалавек грузіну растлумачыў:

— Браточак, зямельку лепш адчуваю. Бачыш — без кіёчка тэпаю.

Адзін час у сляпога хаваўся хворы партызанскі камісар Варфаламей Якаўлевіч Лапенка. Калі далечваць хворага забралі сваякі, немцы музыканта схапілі і пачалі катаваць.

Нічога ад гарманіста не дабіўшыся, нацысты для застрашэныя людзей сабралі ўсю вёску, запіхнулі арыштанта ў хлявок, падпалілі страху. Скрозь прыадчыненыя дзверы людзям было відаць, як сляпы вывалак з сенавала гармонік ды ўрэзаў «Інтэрнацыянал».

Камандзір нацыстаў раптам спахапіўся — можа атрымацца выдатны здымак! — і кінуўся да машыны.

Калі ён вярнуўся з фотаапаратам, нельга было ўжо нічога разабраць: галасілі бабы, хлеўчык вышчарыўся чырванню голых крокваў і лат, паміж імі шугалі ў неба языкі полымя, хоць з вогненнага пекла і даляталі яшчэ слабенькія гукі неўміручай мелодыі.