Выбрать главу

— Слухай, што табе кажуць!

— Я, дзядзьку, атрымліваю ад тона-гадзін! З вамі так і на абед не зараблю.

Давялося паабяцаць — падпішу пуцявы ліст з двайным марштрутам. Тым не менш, да самага Гродна сядзеў я ў кабіне, як на іголках.

Нарэшце заехалі ў двор музея. Збегліся супрацоўнікі. Адны ўслых абмяркоўвалі, як крыж экспанаваць, якую яму даваць падсветку і надпіс. Іншыя ўдакладнялі назвы вёсак, прозвішчы, а тым часам я не спускаў з яго вока. Толькі калі масіўная і крыжападобная глыба граніту тоўстым сваім нізам з борта гупнула ў выкапаную яму, я з вялікай палёгкай уздыхнуў.

У ЛАЗНІ

Панядзелак. У лазні пуста. Ля шафы распараны мужчына заклапочана крычыць:

— Баншчык, дзе мой гадзіннік?!

— Адкуль я ведаю?! — дзівіцца з крыўдай у голасе аднарукі вусач у белым халаце.

— А хто ведаць павінен?

— Вы мне яго здавалі?

— Пара-адкі ў вас тут!..

— Гм, а на руцэ — што?

— Чьфу, чорт, прашу прабачэння! I як я не заўважыў?!

— А шчэ парадкі крытыкуеце!..

— Прабачце яшчэ раз!.. Гэта ўжо не ўпершыню — от бяда. Мінулы раз — нацягнуў адзін бот на нагу, другі шукаю — ледзь галаву сабе не звярнуў, а бот — у мяне ў руцэ!.. Скляроз ужо, ці што?

Мужчына апранаецца, закурвае, на тумбачку інваліду кладзе аж дваццаць капеек за венік і выходзіць. У прылазніку — ні душы. Толькі чуваць, як унізе гудуць машыны і вібрыруе падлога, як за сцяной ільецца праз сетачкі вада: ш-ш-ш-ш!..

Інвалід заходзіць у парылку, падбірае цэлыя венікі. Іх купляюць кліенты ў касе, а за выкарыстаныя— грошы бярэ ён, хто колькі дасць. Чалавек адчыняе шуфляду, кідае туды дваццаць капеек і сумна мяр-куе — колькі сёння дабавяць? Ат, на цукеркі ды на «жвачку» ўнукам, але ж буфетчыца сёння не працуе. А канец дня яшчэ не хутка.

Інвалід пазяхае ды крычыць касірцы, якая сядзіць у вестыбюлі ля адчыненых дзвярэй:

— Макараўна, чуеш? Ну і кліент мне трапіўся, не дай і не прывядзі! Разумееш, нацягнуў адзін бот, другі ў руцэ трымае ды лямантуе: «Баншчык, тудыт-растудыт, куды мой бот падзеў?.. Аддавай, а то табе галаву на бок звярну!..» I як пайшоў, як пайшоў!.. Гладкі такі, з жыво-оцікам, у багатым касцю-уме... Мабыць, нейкі дырэктар папарыцца прыходзіў... Прызвычаіўся там у сябе на падуладных крычаць, то думаў, што і тут збаяцца яго. Не на таго натра-апіў! О-го-о, са мной гэты нумар не пройдзе, я так і абсадзіў яго. Паўрубля за венік адваліў з гарачкі!

З вестыбюля чуецца голас Макарыхі:

— Ім толькі паддайся!..

— А што я кажу? Так і ўзлезуць на плечы чалавеку такія, дальбо.

Самасцвердзіўшыся гэтак ды азірнуўшыся на ўсялякі выпадак, ці хто не бачыць, чалавек падышоў да люстэрка, прыняў паважную паставу ды стаў падкручваць свае рыжыя, пракураныя вусы.

ВЫРАДАК

Позняя восень. Сыры світанак.

Брыду цераз лужы глухой вулачкай, а ўперадзе — невялічкія два мужчыны. Іхняя гутарка здаецца цікавай, і я прыслухоўваюся.

Старэйшы мужчына пытаецца:

— Гэта сюдэй ты на работу дабіраешся?

— Ак!.. — неахвотна кідае маладзейшы.

— Кожны дзень... Акрамя нядзелі... А! У вас цяпер і ў суботу — свята!

Малады абураецца:

— Укалуваць шчэ і ў яе? Няма дурных!

Па контурах постацей, інтанацыях галасоў здагадваюся: дзядзька з вёскі прыехаў да сына ў госці і, поўны набалелай бацькоўскай настальгіі, праводзіць наследніка на змену. Па якімсьці закону індукцыі сэрцаў я адчуваю, што ў старога на душы. Запавольваю крок, сачу больш уважліва.

Вось дзядзька кранае пальцамі дошкі ў высокім плоце, азірае другі бок вуліцы ды цешыцца, што гэты плот і домікі з прысадамі яго наследнік бачыць па некалькі разоў у дзень, гэтую ўдыхае атмасферу...

На памяць прыходзіць «Амэрыканец» празваны так на вёсцы за тое, што ў часы Пілсудскага ездзіў у ЗША шукаць долі. Аднойчы ён гэтаксама гасціў у нашым горадзе. Спаткаўшы земляка ля касы на вакзале, я спытаўся:

«Як уладкаваўся ваш Віктар?»

«Ой жа і пашыхавала яму! — з гордым здавальненнем праказаў чалавек.— I работа файная, і трохпакаёва кватэра, бы ў Амэрыцы, з выгодамі — ваннай, гарачай вадой, двума бальконамі!..»

«Дык чаго ж вы білет купляеце?! З нявесткай не паладзілі? »

«I яна — кабета паміркоўная, надта мне рада. Але адчуваю сябе тут у вас вельмі нязручно. Найгорш, што нужнік дома — не магу прызвычаіцца, хоць ты плач! О, і ты гэтаксамо, бы мой Віктар, рагочаш. А пабудзь у маёй скуры хоць крыху!.. Выйду пагуляць на падворак, захочацца да ветру, а вакол ні прысаддзя, ні кустоў, ні хлеўчыка — адны клюмбы з кветачкамі ды асфальт. Зноў бяжы на кватэру, дзе ўсе тыя дываны і крышталь, бліскучая мэбля ды кніжкі, зноў вартуй, бы той злодзей, калі нявестка выйдзе, каб прашмыгнуць у сарцір. Каб яно згарэло, цьфу!»