Выбрать главу

А гэтых назіраў у парку.

Прыгорбленыя жыццёвымі нягодамі два селяніны ў простай вопратачцы піхалі каляску з дзіцем. Відаць, маладога і маладой бацькі прыехалі да дзяцей у госці. Бабулі недзе маладажонаў адправілі на работу, пачалі пячы і смажыць, унучку ж на пару гадзін даручылі сваім мужыкам. I вось маленькі анёльчык з сосачкай у роціку спаў, а нестарыя яшчэ дзяды памаленьку і згодна крочылі па жвіровай дарожцы ды прыглушана гутарылі. Да гэтых не трэба было і падкрад-вацца, вядома загадзя — гутарылі дзядзькі пра жыццё-быццё. Напэўна, прыкідвалі леташні ўраджай, меркавалі, ці суровая будзе зіма, абураліся распутнікамі і параўновалі сваіх старшынь калгасаў. Рукі мужчыны мелі закарэлыя, з нягнуткімі пальцамі, думкі — ясныя, вочы — сумленныя. Такія людзі — носьбіты народнай мудрасці, векавога вопыту, і менавіта на іх трымаецца наш свет.

...У сырым паўзмроку дзядзька перада мной дапытваўся ў сына:

— Яна дзіця таксамо сюдэй водзіць у садзік?

— Ак!..

— Цяжко, беднай, брысці з малым.

Малады гыркнуў:

— А возік нашто? Спецыяльна купіла! Цэлую палучку ўбухала!

— Што тут — возік, булавешка? Калдобін унь якая прорва!

Сын нецярпліва кінуў:

— Ак!..

Я мужчын абагнаў. Заглянуў ім у твары і жахнуўся.

З вясковым дзядзькам крочыў малады гіцаль са зморшчаным і даўно не голеным тварам. Вечарамі ля нашага пад'езда гэты тып заўсёды выпрошвае ў прахожых трыццаць капеек ды арганізоўвае «на траіх». Не разабраўшыся, аднойчы запыніў мяне з сябруком, сунуў пад нос бутэльку, шапнуў:

«Хочаш трэцім? Давай рубель!»

Я схітраваў:

«Так у вас жа няма шклянкі!»

«Ы-ых, велькі пан! Навошта табе яна! Па восем булек на горло!»

«?!.»

«Нікому не будзе крыўдна, праверана — жалезна! Не бойся!» — запэўніў.

А вось зараз шалёнымі вачыма бліскаў ён на бацьку, са злосцю нешта бурчаў. Усё яго нутро займала толькі адно — як адвязацца ад спадарожніка ды хутчэй пахмяліцца.

УСЁ АДНОСНАЕ

Чайную лыжачку мёду ўсё жыццё носяць тры пчалы. Мала? А дзесяць тысяч пчол важаць адзін кілаграм.

Пчолы — яшчэ нічога.

Вага мушкі — сем міліграмаў. На адзін грам лезе іх аж сто пяцьдзесят штук. Колькі іх трэба на тону? Цяжка сабе нават і ўявіць.

Падумаць толькі, у кожнай з гэтай малечы — свае кішачкі, страўнічак, клопаты, а нават — свае капрызы.

З МІНУЛАГА

У архіве трапіў мне на вочы дакумент пра Стэфана Баторыя, які, як вядома, памёр у Гродне, у будынку, дзе цяпер адно з аддзяленняў медінстытута (вугал Савецкай плошчы і вуліцы Карла Маркса). Пасля яго смерці графы і прыдворныя чыноўнікі склалі акт на каралеўскую маёмасць. У акце можна прачытаць прыкладна такое:

«...На складзе апячатана 51 бочка піва, 8 жупаноў... 3 талеркі з залатымі краямі (адна талерка прапала на бале ў пана Калантая), 7 місак залатых (адна прапала на вяселлі ў пана Рымшы), 23 вуздэчкі са збруяй (з аднаго нагрудніка нехта выкалупаў рубін)...»

НА АЎТОБУСНЫМ ПРЫПЫНКУ

Дзіндобры, Ганна! Ты чаго такая знебарачаная? Ах, Езу, яна ўжэ і з кіёчкам! Не паддавайса, дзеўко, бяры прыклад з мяне! Маю і скрылёз і ўдаўленне, але хаджу шчэ на сваіх дваіх! I во, глянь, які цяпер мой рот бліскучы — бы начышчаны на вялікдзень самавар! Як прысталі мае, як прысталі: «Ма-ам, чаго будзеш мэнчыцца без зубоў, на грошы і ўстаўляй сабе новыя!» Ну, я і паслухалася. То першыя дні, як толькі мае з дому, я хутчэй тыя зубы з рота — вон! — ды пад падушку! А во ўжэ прызвычаіласа: хаджу і імі нават.

Толькі не прыса так, Гандзя. Лепш пачакаймо тут аўтобуса — духу ў мяне не хапае. Маем час, зара каторы—небудзь пад'едзе. Э-э, мілая зямлячка, цяпер і хадзіць развучыліса! Нават праз вёску наравяць, каб пракатацца на машыне!..

Во — тут і стоймо. А хлапцоў з чорнымі куфэркамі бяжыць да нас сколькі!.. Мабыць, заняткі ў іхнім інстытуце скончыліса, на аўтобус і яны. А што-о? Няхай народ сабе егдзіць, гэто — нічого. Нават сам Ісус Хрыстос на восліку егдзіў. То цяпер, калі паназаводзілі столькі розных машын? Ды яны не коні, што ў кожнага свой нораў. Бы я электрычнае жалязко — уключыў дый кіруй, куды трэбо!

Машына — штука надто добрая. Але, скажы, Нюшка, во бяда на нашу голаў — цілівізар!