Выбрать главу

Наш быў стары і зусім кепскі. Прагніло ў ім, мабыць, усё нутро, бо па тым екрані, як уключыш, снег сыпаўсо і карцінкі скакалі. Як нагляджусо, бывало, як нагляджусо, то і мая галава пачынае ўжэ — дзыг! дзыг! дзыг! — а тады шчэ і разбаліцца. Ну, ён — ніжынер, яна — навучаны сатруднік, палучкі прыносяць велькія, узялі ды купілі каляровы. Мне там усяроўна, у якіх гальштуках, з якімі кудламі тыя нахально-штрументальныя спевакі выдзіраюццо, але ж маі-ім!..

Ой, мілая, давай выбірацца з гэтага тлуму на край, а то шчэ тут нас растопчуць, бы тых жабаў і, думаеш, заўважаць? Ры-ыхтык!.. А нех на яго, якая цяпер пайшла моладзь рослая — трапіш гэтак во між іх, то як у лес сярод сосен. Ды ўсе статныя, бы тыя дубкі! I то-онкія: пяцёх уварвуцца ў аўтобус, а месца — ані крыху не паменее! Затое языкі-і ў і-іх — не дай ты госпадзі! Раніцой, каля жалезнаго вакзала спрабую выпаўзці з аўтобуса, і адзін такі рызыкант мяне падганяе: «Давай, давай, бабуля, а другі раз бяры з сабой абавязкова парашут!»

Ці наш адгэтуль убачым?.. Здаецца, будзе відаць. Чакаймо во тут, дыхт ля асфальту.

Але пра што гэто я?.. Што машынамі народ наравіць егдзіць абгаварыла... Пра зубы табе расказала... Упамянула і пра парашут... Гэты мой скрылёз, каб на яго ліхо, каб на яго!.. Ага, успомніла!

Скажы ты, Нюрачко, як усё хутко ў гэтым чалавеку ўкараніласо. Вячэраў хто ці не вячэраў, а смак адзін, бо ўся ўвага — на цілівізары. Дроў цяпер не сякуць, сечкі не рэжуць, калаўродка бабы ўсе ночы не круцяць, кудзелі не смокчуць, чаму і не паглядзець на карцінкі. Калі б усё ў іх было ў меру!.. Дзяцей, ведаю, карае яна на кухні — як перадаюць тыя футбо-лы. Але ж не раз сабе думаю: а калі ж мая дачка са сваім мужыком гаворыць, хібо як палягуць? Толькі ж, мілая, які можа быць тады разгавор — абое гэткія ладныя, маладыя!.. Ве-едаем з табой, Гануся, якое тады гаварэнне — самі былі такімі!

Не, на зяця грашыць не стану, дальбо, вельмі спрыяе. Нават ложак паставіў мне акурат супроць таго екрана. Яму ніц не кажу — цярплю. Кожны вечар цягне раней легчы, ды мушу чакаць, покуль уволю наглядзяцца, бо аніяк спадніцы не магу зняць. А як жа ты яе здымеш — з халернаго екрана цёнгле хто—небудзь глядзіць! Ужэ і пасуду перамыю другі раз, а каструлі шчэ і содай добро прашарую, усім шкарпеткі зацырую, а ён, яна, малыя да той бліскучай скрынкі — бы прыклееныя! Добро ведаю: позірк на екрані — з электрыкі ці з таго посфару, што бывае на могліцах, але ж заўша жывы чалавек хаваецца за гэтым, хібо ты станеш перад ім агаляцца? Шукаю сабе новы занятак.

Ах, каб яно згарэло, каб яно!

Ты бо, глянь, паўбуханкі пад нагамі валяецца!.. Чэрствы!.. I гэткі кавалак булкі!.. Усе пекары зара спецыяльныя школы паканчалі, а буханка ў іх на другі дзень чарсцвее. Мы з табой, Анюта, аніякіх навук не праходзілі, а наш хлеб тыдзень можно было на стол падаваць!.. Давай пакладзем дабро во сюды, пад дзераво — хоць птушачкі здзяўбуць!

Бо-ожа, бо-ожа, ці ж маглі мы з табой, Анюта, калісьці падумаць нават, што нашыя дзеці хлеб пачнуць раскідаць?!.

О-ой, як усё перамяніласо-о!

А людзі, а лю-удзі, хібо ад гэтаго ўсяго лепшымі пасталі? Дзе ты бачыла! Як бог даў тысячу гадоў таму прароку Майсею на Сінайскай гары тых дзесяць запаведзей, так ні на адну і не паменшало! I напіваюццо, і фуліганяць, а жанок мяняюць, а бацькоў не слухаюць, брыдко гавораць... Скажы, што ўсе яны сабе думаюць?!.

Ах, які маладзенькі унь і ўжэ курыць!.. Што з цябе будзе, дурачок?!. Табе шчэ малачко піць, а ты ўжэ гэтую заразу смокчаш!..

А тая унь з белым сабачкам выйшла! Такой бабе само дзяцей раджаць ды народ імі цешыць, а яна — смярдзючаго цюцьку на павадок ды цванцыкуе з ім па вуліцы. Цьфу, каб ты раганула, каб ты!..

Ат, Нюшка, адна нашая радасць — унукі. Але ж і з імі таксамо, скажу табе шчыро, вухо трымай востро — о-ох, трыма-ай! Ты адно паслухай.

Вяду ўчора сваго верталёта з заапарка, а ён: «Баба, а хто з тых звяроў цігрэйшы — леў ці тыгр?.. Тата казаў — усе людзі парабіліся з малпаў. I ты была калісьці малпай?.. Даўно-о?.. I па дрэвах лазіла?.. Высоко?.. Раскажы, ба-ба-а!.. А з тых малпачак, што мы цукеркамі кармілі, дзяўчынкі паробяцца ці хлопчыкі?»

Не паспяваю і слова вымавіць, а ён усё сыпле: «Баба, звер з вешалкай на галаве — алень? А сланы перад вайной мамантамі называліса, праўда?»

От табе і малое!

Далей іду ды думаю — як жа табе, унучак, адказаць? Пра тыграў, аленяў і малпаў — дальбух ніц не ведаю. А сланы, здаецца, і даўней былі. Гэто пра мамантаў, Ганна, у нас на вёсцы ніхто не чуў! Але адкажы так, а яно перапытае ў бацькі, і зяць, калі, барані бог, няпраўда, шчэ будзе рагатаць з дурной вясковай бабы! Пасмяецца, вядомо, не са зла, ды ўсяроўно гадко, калі маладыя з цябе зубы скаляць. Бы ў той паліклініцы.