Зайшла ўчора туды, а там — давай мне з пальца кроў браць. Я сястры тлумачу: «Што ты, мілая, у палец колеш, што ты там угледзіш — у мяне ж во тутака ўсё нутро баліць, бо прагніло, бы ў старым цілівізары! Вундзека мой скрылёз, вундзека і маё ўдаўленне, а ты куды сваю тупую голку сунеш?»
I што ты думаеш? Надто смешно ёй стало, пагляньце. Волесь мой такую пстрычку абрэзаў бы файно.
Калі шчэ жыў, завяла яго туды з хворым каленам. Дохтар трапіў малады, а ўжэ чыпурысты — куды там! Тое калено памацаў, памацаў дый кажа: «Вам, папаша, восемдзесят гадоў, нічого тут не дапаможаш».
Мой чалавек як зазлуе, як закіпіць: «Мае гады лічыш? Тваё дзело — лячыць, на тое цябе вучылі! Спраўны такі! I гэтаму калену восемдзесят, а яно ж не баліць?!.»
У таго дохтара ўсю фанабэрыю — як рукой зняло!
I перад сястрой мяне Волесь адстояў бы, а зара — каму заступіцца?
Кане-ешне, грэх цяпер, Гандзечко, што і казаць. Ісцяны бог, усянютко е — і смачная ежа, і файная вопратка, і часу даволі... Жызня добрая пайшла, каб хоць не было толькі чортавай вайны!.. А якія цяпер шыкарныя кватэры — шчэ нават з гарачай вадой! Дахтары бясплатныя, авер'янка ці іншае лякарство за капейкі!.. Унь, каторы год мы з табой, Ань, нідзе не робім, а паштарка, бы тым паням, кажнюткі месяц пераводы нам прэ — дзе і хто чуў такое калісь?!. Маем велькую радасць і ад дзяцей, не трэ надрывацца да сёмаго поту, ногі твае заўсёды ў цяпле... Але ж — о-о, як і цяжко стало жыць старому чалавеку! Часамі сходзіш во, як дзісь, да цэрквы, надыхаешса даўнейшым, усенькаго наўспамінаеш, адпачнеш душой... Заадно наслухаешса — тая памерла і яе на новых могліцах пахавалі, а тую шчэ на старых...
Не-е, я свайго зяця ўпрасіла, каб мяне хаваў на вёсцы. I не таму, што на могліцы тут бацюшку не надто водзяць — мы з табой і калісь яго не вельмі цярпелі, за што старыя людзі абзывалі нас бязбожніцамі. Тое бяды, што ў горадзе не надто і адпяваюць. Але ж паду-умаць толькі, тут нават магілы капаюць не рыдлёўкамі, а гэтым... эскалбат... скалуват... аскулат... а-а, каб на яго ліхо! — кантэйнерамі! Шчэ бянзінам смярдзець потым будзе!
Ты-ы, Аню-ута, паслу-ухай — цяпер нават ямы лянуюцца лапатай заваліць! Дальбух, сама бачыла, калі віленскую Зінку хавалі! Падганяюць ужэ таго... а-ай, як бо тое страшыдло называецца... бульба... во, бульвазёра! I тады ўжэ ён такім жа-лезным казырком суне на чалавека гліняныя груды з дратамі, бутэлькамі ды ражнамі — от велькі мне інтэрас тут ляжаць!..
А-аей, Нюрачко, а што гэто за аўтобус там паказаўсо?.. Рыхтачкі, бы наш?!. Ага, на-аш, яшчэ здалёк я пазнала!.. Давай, дзеўка, залазь! Э-э-э, старая недалэнга з кіёчкам, і куды ты прэшса?!. У пярэднія, у пярэ-эднія хутчэй карабкайса, бо тут унь якой сняной ужэ студзенты збіліса — хібо ж ты прадзярэшса праз іхнія куфэркі?!.
БЕДНАЕ ДЗІЦЯ
Канец навучальнага года.
У калідоры — вучні першага і другога класаў. Дзяўчынкі з букетамі, у белых фартухах, з бантамі ў косках стаяць з бацькамі. Таты і мамы перазнаёміліся ўжо, ажыўлена гамоняць — абменьваюцца вопытам выхавання сваіх наследнікаў.
Зводдаль ад людзей тырчыць з дачкой мажны і тоўсты чалавек. Ён такі надзьмуты, што страх на яго нават глянуць. Курыць, нікога не бачыць, моршчыцца, бытта з—за таго, што сваёй прысутнасцю робіць вялікую ласку, хоць рабіць яму не вельмі цяжка. У вачанятах жа дачкі і гонар за мажнага бацьку, і недаўменне: тата, чаму ты такі нелюдзімы?!
Дзяўчынцы не церпіцца пабегчы да кампаніі і шкада тату. Магчыма, першы раз яна адчувае сябе мацнейшай за свайго бацьку і цяпер шкадуе яго сэрцам дачкі ды чалавека, больш багатага душой, а галоўнае — вольнага яшчэ ад усялякіх умоўнасцей ды звычак.
ІНТУІЦЫЯ
Пасля першай гутаркі з чалавекам, бывае, я ўжо цвёрда ведаю: пайшоў бы з ім «у разведку» ці не. Як правіла, у такім чалавеку потым не памыляўся. Бо, як кажуць, разгадаў яго інтуітыўна, а гэта нічога агульнага не мае з містыкай. Прырода з'явы — з чыста матэрыяльнай асновай.
Мне ніхто ніколі не гаварыў, каб я, узбіраючыся на конскі хрыбет, не садзіўся блізка ад крупа. Адно дарослым зразумеў — бярог каня, каб не зламаць яму хрыбет.
Калі выступае лектар, а мне хочацца кашлянуць, я абавязкова пачакаю, калі чалавек скончыць фразу, і толькі тады дазволю сабе падаць гук.
I гэтаму мяне ніхто не вучыў. Усё — ад жыццёвага вопыту на шматлікіх прыкладах (хоць існуе вялікая катэгорыя людзей, у якіх гэты вопыт чамусьці не пакідае ніякага следу, і ацэнкі людзям ды з'я-вам у іх, з майго пункту гледжання, бываюць заўсёды крыху дзіўныя).