На камісарава пытанне немец толькі крыва ўсміхнуўся пакусанымі да крыві вуснамі, а вочы яго бліснулі злымі атеньчыкамі.
— Ты бачыш, яшчэ і бычыцца, разыгрывае абражаную нявіннасць! — здзівіўся Пётр Іванавіч.
Камісар падагнаў перакладчыка:
— Няма часу нам з ім цацкацца, чакаю адказу!
Хірург паўтарыў пытанне.
Поўны злосці, палонны яшчэ крыху памаўчаў, тады загаварыў. Адказ яго быў рэзкім, як кулямётная чарга:
— Чаго ўставіліся, цікава? Не сумнявайцеся, перад вамі — сапраўдны штурман-радыст авіяцыі той арміі, што заваявала ўсю Еўропу, захапіла ўжо і палову вашай Расіі! Шайка у вас тут сабралася шматлікая, мяне вы аднаго, вядома, адолелі, стаю перад вамі бяссіль-ны, але вы ўсе — годныя літасці недабіткі, што пазашываліся ў лясны гушчар! Чаму не сунеце носа ў Полацк, Мінск, Віцебск, Невель?
Тут ён з пагардай абвёў усіх вачыма:
— Дык ведай жа, баязлівы рускі зброд, я — немец, ва мне палае магутная сіла германскага духу,— я гатовы да вашых прымітыўных катаванняў ды здзекаў і змагу памерці з годнасцю, як паміралі ўсе нібелунгі! Я трыумфую над вамі! Перадай гэтай большавіцкаму тыпу, нікчэмны яўрэй, што маю яму сказаць толькі адно: не засталося ў парабелуме ні аднаго патрона, інакш жывым вы мяне, праклятыя рускія свінні, не ўзялі б!
Насцярожаныя партызаны пераглянуліся. Позіркамі хлопцы бытта казалі:
«Во, які трапіў фрукт, таварыш камісар, мы ж вам дакладвалі, а дурань грузін за яго яшчэ і заступаецца!»
— Усыпаць гаду пяцьдзесят шомпалаў! — параіў невялічкі ростам падрыўнік Лысенка.
Максімаў стрымана кінуў:
— Бізуны ў нас, Яфім, адмяніла Кастрычніцкая рэвалюцыя. Зараз мы — на тэрыторыі «Расонскай савецкай рэспублікі», і законы ў нас тыя самыя.
Не спяшаючыся, камісар выняў з кабуры свой «ТТ», дастаў з яго абойму, а пісталет паклаў перад немцам на стол. Дадаючы адзін патрон, запрапанаваў:
— А ты, ваяка, на, страляйся тут!
Разведчыкі перасталі нават дыхаць і з насцярожанай цікавасцю ўставіліся на штурмана. Немец пісталета не браў.
Ён потым і сам не разумеў, чаму пры адпаведным эмацыяналь-ным настроі не павёў сябе згодна са сваімі прынцыпамі. Няўжо збаяўся ўсё ж такі смерці? Прапанова была занадта неспадзяванай? Узнікла надзея? Бо з учынка партызанскага камандзіра выходзіла —-лесавікі якраз не мелі намеру яго прыкончыць, аб чым у Полацку пратрубілі ўсе вушы.
Палонны і далей падпіраў галавой грубыя сасновыя бярвенні з сухой карой на столі, але пыха яго некуды падзелася. Выгляд ён цяпер меў разгубленага маладога інтэлігенціка, а светла-сіні мундзір з чатырма сярэбранымі чайкамі на лацканах, з арлом і свастыкай на грудзях, са стужкай ад жалезнага крыжа ў пятліцы нібы пабляклі. Усе атрыбуты войск фельдмаршала Герынга, накінуты на шыю сіні шалік ды залаты пярсцёнак на пальцы ў абстаўленай па-спартанску паўзямлянцы выглядалі недарэчна, па-аперэтачнаму.
Партызаны толькі хмыкнулі. Начразведкі Васіль заўважыў:
— Яны заўсёды так. Фанабэрацца, фанабэрацца, а дасі добра ў морду — робяцца шаўковымі!
Камісар прамаўчаў. Зарадзіўшы «ТТ» зноў ды сунуўшы яго ў кабуру, Пётр Іванавіч хвіліну глядзеў на палоннага, мяркуючы, што з ім рабіць.
— Ага, страляцца ты не хочаш — збіраешся яшчэ жыць,— павёў гутарку, каб адцягнуць рашэнне.— Тады і гаварыць са «смярдзючымі тыпамі» будзеш. Зрэшты, мы пра цябе амаль усё ведаем з тваіх жа дакументаў, што можаш яшчэ дадаць? Перакладчык, даруй яму хамства — ад гэтых вылюдкаў іншага не дачакаешся.
Адводзячы ад хірурга вочы, немец загаварыў мякчэй:
— Я ўсяго — салдат, гаспадзін афіцэр, і выконваў загад свайго начальства.
— Гэта мы ўжо чулі тут не ад аднаго цябе,— буркнуў камісар.— Загады бываюць розныя, у тым ліку і злачынныя, ты за іх не хавайся, калі трапіў нам у рукі,— нясі адказ. Сюды мы вас не клікалі.
Палонны па-хлапечаму агрызнуўся:
— Вы б мяне ніколі не атрымалі, калі б куля не перабіла маслапровад, пярэдняе шкло ў ліхтары не заліло вадкасцю ад матора, не закрыла пілоту агляд!