Выбрать главу

Выявілася — ні разасланыя фота, ні роспыты нічога не далі. Праўда, як толькі ўчора сказалі па радыё пра выпадак, пазваніла жанчына — на аўтобусным прыпынку ля стадыёна скрозь завею яна выразна чула дзіцячы крык «мама». Мамонаў з начальнікам міліцыі абышоў тое месца яшчэ раз. Сёння бацька наведаў і кабету, каб распытаць дакладней, але яна, надзіва, зараз не была ўжо так пэўная.

Вінавата пазіраючы на бацьку, энергетыкі яшчэ паведамілі, што пасля аб'явы па радыё шуганула па горадзе чутка пра банду, якая бытта рэжа дзяцей, запіхвае трупікі ў трубы або хавае малых жывымі ды на машыне з не гродзенскім нумарам вывозіць з горада.

У сераду вечарам прысутныя нават праводзілі сваіх дашкольніц дамоў.

Дырэктар электрастанцыі, сам бацька дзвюх дачок, на ўсе гэтыя жахі нецярпліва махнуў рукою:

— А, чаго людзі не выдумаюць!.. Мамонаў, якая ў цябе просьба да нас, чым табе памагчы?

Зламаны горам, счарнелы ўвесь чалавек папрасіў людзей, каб абысці і раку, праверыць палонкі.

— Э-э, калі, не дай бог, яна ў Нёмане, цела знойдзецца і вясной, нічога не пераменіць. Рана хаваеш дачку, Анатоль Хведаравіч, трэ шукаць жывую. Ля камісійнага жывеш? Што паміж магазінам і бальніцай, дзе яе апошні раз бачылі? Стадыён! Магла пралезці праз дзірку ў плоце і пакрочыць напрасцяк, а там — люкі.

З міліцыяй, Уладзімір Нічыпаравіч, стадыён абышлі. Напрасцяк? Колькі з Інай хадзіў, а ніколі не лезла ў дзіркі...

— Кепска ведаеш сваю дачку, Анатоль. У такім узросце ўсе яны любяць лазіць праз дзіркі. Другое. Ты ўпэўпены, што стадыён агледзеў грунтоўна?

Бацька задумаўся.

— Ага, няўпэўнены! А я сам бачыў там адкрытыя калодзежы тэлефоннай каналізацыі — восемдзесят сантыметраў дыяметрам, глыбокія... Чыгунныя накрыўкі, відаць, вучні пацягалі на металалом, хоць сувязістаў гэта і не апраўдвае... Адным словам, усім браць тычкі, інструмент і дасканала праверыць люкі.

3.

З энергетыкамі на стадыён прыбыў і леташні выпускнік Мінскага політэхнічнага Мікалай Кійко. Нявопытнаму інжынеру далі самы безнадзейны ўчастак — ад цэнтральных варот направа.

У гэты дзень было ціха. Яскрава ззяла сонца. Наслухаўшыся пра жудасныя выпадкі, калі бандыты запіхвалі бытта ў каналізацыйныя трубы кавалкі целаў, хлопец паскрыпваў снегам па лыжні і толькі для парадку пазіраў прыжмуранымі вачыма ў бакі — месца для злачынства было тут зусім неспрыяльнае.

Злева ад лыжні ў іскрыстай белі хлопец неўзабаве ўбачыў чорнае кола. Ад гэтай дзіркі ў зямлі ён нічога не чакаў, бо побач — аўтобусны прыпынак. Аднак інжынер неахвотна саступіў на цаліну, нагнуўся і... аслупянеў. Убачанае дзіва аніяк не вязалася з пачутымі жахамі ды выпадкам, пра які гаварыў увесь горад. Мяркуйце самі.

Густыя вясеннія промні праз ідэальна круглую дзірку пранікалі ў якісьці склеп ды іскрыліся там інеем на сценах бетону. У трохметровай глыбіні на бляшанках з—пад кансерваў сядзела дзяўчынка з чырвоным капюшонам і трымала на каленях адкрытую кніжку.

— Што ты там робіш?!— вырвалася ў хлопца шчырае здзіўленне.

— Чытаю! — узняла галаву малая ў акулярах.

— Як жа ты туды трапіла?

— А я правалілася.

— Калі?

— У аўторак.

Толькі тут інжынер спахапіўся:

— А як цябе зваць?

— Іна.

— Ха, Мамонава! Так бы адразу і казала! Давай руку!

Мікалай зняў рукавіцы і ўпаў на снег. Да халодных пальцаў у парваных пальчатках ён змог толькі дакрануцца. Кійко ўсхапіўся, замахаў тычкай, закрычаў сябрам:

— Братцы, сюды-ы, знайшо-оў!..

Бацька падумаў пра найгоршае і заенчыў. Хлопец яго супакоіў:

— Хведаравіч, жывая ваша Іна, ідзіце і даставайце!..

Праз хвіліну дзяўчынку вывалаклі. Дасталі і партфель. Бацька хапіў малую на рукі, стаў яе паспешліва расціраць:

— І-іначка, до-очачка, ты жыва-ая?!. Я ж з самім Цыбулёвым сто разоў тут бываў, як жа та-ак?!. Што адмарозіла, кажы!

— Сне-егам яе тры, Толя, сне-егам! — параілі.

Чалавек не паслухаў:

— Ты зусім жывая?!. Іна, скажы, што табе баліць?

Але дачка, бытта яму і не радая, нецярпліва спыталася:

— А што мамка робіць?

— Чакае цябе!.. Нічога не адмарозіла, няўжо-о?!.— мацаў далей яе рукі і ногі бацька.— Як жа ты туды трапіла?

— Ішла, ішла і ўпала... Тата, мамка вельмі гаруе, што мяне столькі няма?

З усіх бакоў агледзелі малую і мужчыны. Ніякіх адзнак абмаражэння не знаходзілі і яны, толькі — ацёкласць.

Інжынеры паспелі даследаваць і люк. Гэта сапраўды быў калодзеж тэлефоннай каналізацыі з пустой камерай аб'ёмам пяць кубічных метраў, з такой пасткі без дапамогі не выбрацца і даросламу. Але ж там мінусавая тэмпература, сценкі вахлатыя ад інею, як дзіця трывала?