НЕ ТАЯ ГЛЕБА
Бабцы Хімцы дачка з Масквы правадніцай поезда перадала ананас.
Вярнуўшыся з вакзала, кабеціна доўга дзівілася на вялізную свежую зялёную шышку; нюхала яе, азірала з усіх бакоў ды, заклапочаная, апусціла на паўгадзіны ў летнюю ваду. Затым, цяжка ўздыхнуўшы, Хімка выдрала самы лепшы вазон і падарунак асцярожна пасадзіла ў гаршчок.
Праз паўмесяца з Масквы нечакана завіталі дарагія госці — зяць з жонкай. Пасля пацалункаў дачка шчасліва спыталася:
— Мам, а правадніца ананас табе перадала? Спадабаўся нябось?!
— Дзякуй за гасцінец. Але штосьці кепска надта расце. I малаком падлівала, і растворам марганцоўкі... Мабыць, дочачка, у нас яму глеба не тая.
МЫ ВЕДАЛІ
«У вайну жылі мы ў Мардовіі. Панаваў голад. Малолі на муку жалуды, елі з іх бліны, а потым хадзілі з жоўтымі зубамі і вуснамі.
Аднойчы бацька раздабыў кілаграм жытняй мукі. Каб цеста атрымалася больш, параілі яму да мукі падмяшаць ліпавых апілак. Тата доўга пілаваў цурбан, сушыў апілкі, перамешваў з мукой.
Напаліўшы печ, мама на шырокай хлебнай лапаце пасадзіла цеста пячыся. Мы, малыя, паселі ды нецярпліва чакаем свежага хлеба.
Праз гадзіну заглянулі ў печ, а там ад цеста засталася толькі чорная плямка: згарэлі пілавіны, згарэў і кілаграм жытняй мукі. Крык, роспач, плач.
Каб замарыць голад, нас, дзяцей, адправілі ў лес па ягады. Мама пачала малых чакаць.
Ужо вечарэе, а нас усё няма. Нарэшце мама бачыць: дзеці валакуцца.
Я адразу паскардзілася:
— Мам, а ты нічога не ведаеш? У лесе я ўпала і доўга-доўга ляжала! Потым адкрываю вочы, а Ваня сядзіць нада мной, хныча. «Не румзай,— кажу,— я ўжо прачнулася!» Ха-ха-ха-ха!.. От смешна, праўда?.. Мам, ты таксама ўжо плачаш? Сціхні, не трэ-э!.. А мы ведалі, што, калі табе раскажам, ты адразу будзеш плакаць!..»
НЕПРЫТОМНАСЦЬ
Таццяна і Ліда сябравалі яшчэ студэнткамі, хоць і былі зусім розныя па характару. Таццяна любіла рабіць людзям дабро, а Ліда клапацілася больш аб сабе. Тая і другая выйшлі замуж за вайскоўцаў.
Аднойчы Таццяна Іванаўна падрыхтавала сяброўцы на Восьмага сакавіка падарунак. Яна купіла кніжку, паклала ў яе латарэйны білет, абвязала ўсё ружовай стужкай, прыйшла да імянінніцы ды сарамліва прамовіла:
— Дарагая Лідзія Андрэеўна! Самы лешпы падарунак — кніжка. Вядома, пажадана — ашчадную, але я табе дару — мастацкую. Трымай!
Мінула пяць гадоў.
Таццяна Іванаўна зайшла наведаць на новай кватэры сваю даўнюю сяброўку, муж якой ужо стаў важным чынам. Пагаварыўшы аб тым і аб сім, Лідзія Андрэеўна пачала паказваць сваё багацце: апошняга выпуску халадзільнік і каляровы японскі тэлевізар, нямецкую кухню ды спальную, югаслаўскі гарнітур, пышныя цудоўныя дываны...
Скажы, а каторы з гэтых ты выйграла?
— Адкуль ты ўзяла, што дываны я выйграла?! Усе сем — купленыя! Вось гэты — муж прывалок з Ташкента, той — з Ашхабада, а тыя сама выдрала ў чарзе ля нашага універмага!
— Ой, дык ты нічога не ведаеш?! Паслухай, Лідка, калі я ўкладвала латарэйны білет у кніжку, запісала нумар. З маіх білетаў ні адзін не выйграў, а на твой выпаў — дыван!
Гаспадыня кінулася да шафы ды паспешліва разгарнула кніжку. Білет, як калісьці туды яго паклалі, так і ляжаў там.
Жанчына гупнула на паркет. Маючы сем дываноў, Лідзія Андрэеўна непрытомнай была мінуты чатыры. Цікава, ці страціла б прытомнасць, не маючы — ні аднаго?
УСПАМІН
Ён мяне мучыць у час пасадкі ў самалёт, ды адно ў той, якім я вяртаюся дамоў. Успамін гэты стаў неадчэпны, як хранічная хвароба. Чэсна кажучы, выкладваю гэтую гісторыю на паперу ды спадзяюся, што такім чынам аблегчу сабе душу.
Справа выглядае так.
У Мінскім аэрапорце, скажам, аб'яўляюць пасадку на гродзенскі АН-24. Паток пасажыраў нясе мяне да кантролю. Міліцыянер правярае маю сумку, і я кірую на двор, саджуся ў шырокі, як вагон, аэрадромны аўтобус. Коцім па гладкім бетоне і неўзабаве спыняемся каля самалёта. Людзі чамусьці пруцца хутчэй да трапа, бытта не стане месца ў самалёце, але я — пасажыр бывалы, адстаю ад людзей на пару крокаў. Чаго таўчыся ў натоўпе? Справу ў Мінску зрабіў, на душы спакойна, ведаю з вопыту, што месца мне абавязкова будзе і праз пяцьдзесят мінут, напэўна, дабяруся дамоў. Людзі ў АН-24 залазяць доўга, і я за гэты час паспяваю агледзець аэрадром.