Выбрать главу

«Ото не шанцуе чалавеку!»

Адным словам, Надзя была недаступнай, і я пачынаў пра яе марыць. Я прыдумваў дзяўчыне пяшчотныя словы, пускаўся з ёю ва ўяўнае падарожжа...

Зрэшты, я не толькі будаваў са сваёй багіняй паветраныя замкі; займаліся ў педвучылішчы мы аж два гады, яны складаліся з многіх месяцаў і дзён — студэнцкія будні мне не раз давалі магчымасць сутыкацца з дзяўчынай бліжэй.

2.

Неўзабаве так выйшла, што мы з Надзяй трапілі ў гарадскі хор, якім кіраваў славуты Валынчык. У час спеваў я заўсёды станавіўся за дзяўчынай. Мой барытон накрываў Надзін слабы тэнарок, я сваім голасам бытта дзяўчыну абнімаў, і мы тады, нашпігаваныя гарманіч-нымі гукамі, ляцелі некуды ў чароўную далечыню, а мне было гэтак добра, што з той пары здаецца, бытта я ведаю прыгажосці раю.

Аднак найбольшае здавальненне прыносілі танцы. Некалі ў вёсцы дзяўчаты са мной не хацелі танцаваць — я наступаў ім на ногі, збіваўся з такта, але тыя часы мінулі даўно. У танцы я цяпер адчуваў ап'яняючую асалоду рытму, прыемную мускульную радасць ды хвалюючую прысутнасць партнёршы, перад якой я мог выказаць сілу і спрыт. На вечарах у педвучылішчы мой Валодзька-няўклюда тоўкся пад сцяной, а ў гэты час я запрашаў Надзю на вальс ці факстрот, амаль нёс яе на руках па вялізнай актавай зале — гнуткую і лёгкую, бы пушынку,— і што рабілася тады ў маёй душы можа зразумець толькі той, хто падобнае нешта перажываў сам, бо хвалюючую магію танца яшчэ ніхто не здолеў апісаць!

Аднойчы ехалі мы гурбой на канікулы ды ў Баранавічах сталі чакаць перасадкі. Валодзька ў зале вакзала адразу ўзняў з дзяўчатамі гармідар, а я накупіў газет, знайшоў у кутку свабодную лаўку ды прымасціўся, каб пачытаць, што робіцца на свеце.

— Алёшка, можна да цябе прымасціцца? — пачуў я неўзабаве нясмелы Надзін галасок.— Стамілася надта...

Ад разгубленасці я дзяўчыне нават не адказаў, а толькі пасунуўся да сцяны, і Надзя села побач. Дакладна гэтак, бы зморанае дзіця, яна пачала вяла хіліцца, а потым паклала мне на калені сваю хвалістую капічку ды заснула.

Гадзіны чатыры, памятаю, мы тады чакалі поезда, і ўвесь гэты час я не варушыўся, трымаў яе галаву, не могучы адарваць зачараваных вачэй ад яе шаўкавістых пасмачак. Мне не толькі не доўжылася — з Надзяй так бы век прасядзеў.

3.

У першы дзень вайны мы да абеду лазілі па Навагрудку без толку, покуль на казармы не наляцелі нямецкія самалёты. Пасля бамбёжкі павылазілі нашыя вучні з кустоў і са здзіўленнем пачалі азірацца. Навокал панавала такая самая спякота, гэтаксама стаялі будынкі, тырчалі дрэвы, толькі мы былі ўжо не тыя самыя — за якіх—небудзь дваццаць мінут страху і ўніжэння нашы душы сталі больш дарослымі на цэлую эпоху ды напоўніліся трывогай. Хлопцы раптам закрычалі:

— Лаві! Лаві!..

Па Наваельненскай шашы адтуль, дзе бамбілі, ляцеў ашалелы конь з разбітай фурманкі — адзіная, як мне здаецца, ахвяра першага нямецкага налёту на горад. На кані былі набэдрыкі і хамут, у гужах тырчалі кавалкі аглобляў ды перакошаная дуга, па бруку цягнуліся лейцы...

Калі гняды даляцеў да мяне, я з хлопцамі выскачыў яму наперарэз, павіс на вуздэчцы ды пачаў каня супакойваць. Ашалелае стварэнне правалакло нас крокаў з дваццаць і спынілася.

Толькі цяпер мы ўбачылі, што з—пад вока ў каня струменіць кроў. Я прыціснуў ранку пальцам, але гэта не дапамагала. Дзівак, трэба было мне намацаць жылу ды націснуць на яе, але з гарачкі я забыўся пра ўсё, чаму нас вучылі.

— Алёшка, шапку на! — пачуў я ля вуха жахлівы Надзін галасок.

Узяў я нечую кепку ды паспрабаваў утаймаваць фантанчык ёю. Покуль што не цякло, і я закамандаваў:

— Надзя, трымай кепку ты, а я сарву аглоблі, хамут з дугой, адвядзём каня к ветэрынару.

Надзя паслухалася, і вось мы ўжо на ветэрынарным пункце. Пажылы мужчына прыняў ад нас рахманага цяпер і змакрэлага каня ды паказаў, дзе вада, каб мы памыліся.

Неўзабаве вярталіся мы праз узбударажаны горад у вучылішча. Плакалі і на цэлую вуліцу клікалі некага жанчыны, мітусіліся людзі, рыпелі тармазамі машыны, але ж мы ніякай панікі не заўважалі — крочылі пасярэдзіне вуліцы, як героі.

Мы не проста ўратавалі каня.

Было такое ўражанне, што на мяне лезла навала фашыстаў, я заядла сек па іх з кулямёта, Надзя падавала мне ленту, першую атаку мы адбілі і цяпер адчувалі такую роднасць душ, што не страшныя былі ніякія ворагі — хай толькі паспрабуюць сунуцца яшчэ раз!

...Праз пару дзён вучні педвучылішча разбрыліся хто куды.