Ужо цалкам спакойна Максімаў паглядзеў на палоннага вачыма старэйшага на цэлае пакаленне чалавека і як бы пашкадаваў юнака:
— Так ці інакш, а — збілі. Нашы хлопцы малайчыны — з такой зброі зрабіць гэта не проста. А ты, пілот, шчасліўчык! Тарарахнуцца з трохматорнай махінай у самую гушчыню лесу на такой хуткасці ды застацца цэлым? Сам разумееш, такое бывае не часта.
— Давід Хануілавіч, пацікаўся, чаму яны ішлі гэтак нізка над лесам, што іх прымусіла, у немцаў жа цвёрды маршрут?!
Гофман успомніў, як папрасіў пілота весці самалёт ніжэй, і пра ўсё расказаў.
— Вашы лётчыкі не ведаюць, што адбываецца на чыгунцы Полацк — Ідрыца — Дно? — ажывіўся камісар.— Неверагодна!
З трафейнага планшэта Пётр Іванавіч выняў лётную карту, разгарнуў на нямецкіх рукзаках ды кіўнуў штурману падысці.
— Глядзі сюды! У нас тут квадратам сто на сто кіламетраў партызанскі край — «Расонская рэспубліка». Вермахт рассякаў яе на дзве часткі ланцужком бункераў: уздоўж чыгункі да самай Ідрыцы сядзелі вашы гарнізоны — часці вермахта, жандармерыі і бобікі. Гэта нам надта невыгодна, таму пуць мы ліквідуем. Шпалы, рэйкі адвозім прэч, палатно раскопваем, масты ўзрываем — на працягу ўсіх ста кіламетраў. Гарнізоны з бункераў самі паўцякалі, а месцамі вытурылі іх мы. Цяпер нямецкіх апорных пунктаў тут няма.
Гофман з заклапочаным недаверам думаў. Камісар яго зразумеў:
— Хочаш спытацца — ці пад сілу такое «лясным бандытам»? У нас ідзе вайна народная. На пуць выйшла ўсё насельніцтва і зараз — дабіваем апошнія кіламетры, нам ужо не зможа перашкодзіць нават сам ваш фюрэр. Так, ёсць чаму дзівіцца. Пра гэткі подзвіг калісьці будуць толькі чытаць у хрэстаматыях. Яшчэ хочаш спытацца: калі мы разбіралі пуць, што рабілі немцы? Ветка вам ой як патрэбная, вазіць — унь сюды, пад Ленінград, Дзямянск, Волхаў войскі, амуніцыю, хар-чы. Спачатку вашыя спрабавалі перашкодзіць, ды не хапіла сілы, пакінулі нас у спакоі.
Штурман стаяў перад камісарам, нібы вучань перад экзамена-тарам — увесь падцягнуты, абцас да абцаса,— і слухаў. Пётр Іванавіч хвіліну яго разглядаў. Толькі зараз кінуліся Максімаву ў вочы яго шыкоўныя чаравікі з жоўтай скуры, бліскучыя крагі ды адпраса-ваныя электрычным жалязкам, мабыць у аэрадромнай гасцініцы, нагавіцы.
— Ты цяпер, відаць, будзеш ужо спяваць пра ўсё? Зрэшты, ясна і так: машына ішла ў «Дзямянскі кацёл». «Рамушаўская гарлавіна» прастрэльваецца савецкай артылерыяй наскрозь, грузы ў абкружа-ную шаснаццатую армію возіце транспартнай авіяцыяй. Нічога, неўзабаве дабярэмся і да Дзямянска. Але цябе ўжо гэта не датычыць.
8.
Камісар на хвіліну змоўк. Ён ламаў галаву — што рабіць з палонным, які для партызан ствараў клопат у лесе.
Вось тут і выскачыў Ладо.
З усёй жывасцю паўднёўца грузін папрасіў:
— Таварыш камысар, дай ёго мнэ!
— Для чаго? — здзівіўся чалавек.
— Нэт з каго пысаць фашыста! Натура нэт! Он мнэ во так нужэн дла картына! Нэміц як спэцыялна для мінэ пасланы Гітлэрам, таварыш камысар, глады на ёго!
Партызаны стрымана зарагаталі.
— Зачым сміётэсь?! Ха-ха, ім смэшна!.. Пётр Іванавіч, чылаве-кам будзь, аддай ёго мнэ!
— Ладо, ты думаеш над тым, што гаворыш? — паспрабаваў абразуміць разведчыка Максімаў.— Хануілавіч, спытайся ў немца, ці даўно ваюе.
Штурман адказаў хірургу:
— Пяць гадоў.
— На якіх франтах служыў?
— Прымаў удзел у польскай кампаніі, у пакарэнні, Францыі, Югаславіі. Вазіў дэсантнікаў на Крыт. Апошні час служыў у Афрыканскім экспедыцыйным корпусе, у генерала Рэмеля. У сакавіку перакінуты сюды. Прыпісаны да Полацкага палявога аэрадрома.
— Узнагароды?
— Жалезны крыж. За аперацыю на Крыце.
— Нацыянал-сацыяліст?
— Так точна!
— Адданы Гітлеру?
— Яволь! — штурман, не задумваючьіся, шчоўкнуў абцасамі і выцягнуўся ў струнку.
— Бачыш?! Нічога, што іклаў не мае — заядлы фашыст! Яму ўсяго дваццаць пяць, а вытрэніраваны, спрытны, бы Тарзан. На хвіліну мы яго тут зламалі, але гэта няважна. Пры першым зручным выпадку цябе ён, дарагі Ладо, проста заб'е ці зарэжа!
— Пачыму — «уб'е, зарэжа»?!— з абурэннем прыстаў да камісара абражаны грузін.— Які такі «выпадак»?! Пачыму ён — лоўкі, спрытны, а я не лоўкі і не спрытны?! Я — палена, курыца, не заб'ю і не зарэжу, так?! Ён мінэ будзе забіць, а я вокам гладэць, так, па-твойму?! Ён — Тарзан, а я — заіц, так? Гытлэр мінэ забіў, так?! Нэміц сылны, был на фронце, а я не сылны, на вайне не был, так?
Разведчык ірвануў на грудзях гімнасцёрку і агаліў валасатую грудзіну з ружовымі шрамамі.