4.
Зноў спаткаў я Надзю праз дваццаць гадоў пасля вайны і даведаўся, за кім яна замужам, дзе працуе.
З таго часу бачу Надзю на вуліцы свайго горада ледзь не кожны дзень і заўсёды лаўлю сябе на тым, што гэтая шчупленькая і высокая жанчынка з гаспадарчай сумкай у руцэ — усё тая ж самая курсантка з Навагрудка, пра якую я столькі марыў. А яшчэ заўважыў, што і Надзя, угледзеўшы мяне, здалёк папраўляе прычоску, а вочы яе загараюцца маладымі іскрынкамі, ад чаго пару дзён я хаджу ў добрым настроі.
Нядаўна да нас пераехаў мой брат. Днямі крочылі мы з ім па вуліцы Савецкай, і брат упершыню з пасляваеннага часу ўбачыў навагрудскую знаёмую. Усе трое мы крыху пастаялі, паўспаміналі мінулае.
Калі ж адышліся, брат мне і аб'явіў:
— Ну ж і кахала тады цябе яна!..
Я на момант знямеў.
— Што ты пляцеш? — прыстаў я да брата, устрывожаны.— Яна ж да цябе ўсё лётала!
— Лётала, ага! Бо ты яе ведаць не хацеў! Усё падбягала ды пра цябе распытвала — аж дзявацца мне не было куды часам!.. Нават у хор да Валынчыка запісалася з—за цябе, абармота, на танцы зачасціла!..
— Ы-ы-ых!.. Чаму ж ты мне пра гэта тады не сказаў? — папракнуў я Валодзьку, прыпамінаючы, што брат у юнацтве рэдка калі мяне разумеў, як рэдка разумеў яго і я.
— А пра што табе было гаварыць? Ты ж тады кахаў Настусіну Верку, а я ведаў, які ты адналюб! — напомніў ён мне даўнюю, цалкам мной ужо забытую, гісторыю з вёскі.— Бывала, прыбяжыць да мяне, уся засумаваная, я раскажу, беднай, што—небудзь пра цябе, Надзя супакоіцца і — да наступнага разу! Два гады так...
ДРАМА ЗА КУЛІСАМІ
Студэнцкі спектакль.
Дэкарацыя і святло — самаробныя, усё трымаецца ка «жывой нітцы». Але артысты гарачыя, сімпатычныя, у ігру ўкладваюць палымяныя душы, чым прыцягваюць публіку. У зале — паўнютка народу. Слухаюць ды глядзяць спектакль, бы зачараваныя.
Пад канец пастаноўкі парваўся провад. Студэнт-электрык схапіў канцы голымі рукамі, прапусціў ток праз сябе (літаральна цераз сваё сэрца!) і гэтым уратаваў вечар. Гледачы толькі заўважылі, што ў фінальнай сцэне п'есы раптам мірганула святло, пасля чаго накал у лямпачках аслабеў, бытта наваліўся дзесьці на правады слон.
Выходзячы з тэатра, жыва абмяркоўваючы спектакль, людзі і ўвагі не звярнулі, чаму да службовага пад'езда падкаціла «хуткая дапамога», а выпырхнуўшы з яе, маладзенькая санітарка на злом галавы паперла па сходках наверх кіслародную падушку.
НЕПРАДБАЧАНАЕ ЛЯКАРСТВА
Дзевяцікласнік Андрэй вярнуўся са школы, бо стала кружыцца галава. Бацькі змералі тэмпературу, а ў сына — сорак градусаў! Ан-дрэй ужо ляжыць у ложку, крэкча, сапе. Маці хворага поіць малі-навым варэннем і ліпавым цветам. Выклікаюць «хуткую дапамогу».
Сястра спрабуе пацыенту даць укол, ды іголка не можа прабіць тугое цела і згінаецца.
— Ого, мускулы якія! — дзівіцца дзяўчына.— Такога яшчэ ў маёй практыцы не было!..
Медсястра ўстаўляе ў шпрыц другую іголку, але вынік той самы. Сагнулася і трэцяя.
Больш іголак у медыкаў няма, «хуткая» ад'язджае.
Ад таго, што ён асаблівы, юнак узрадаваўся і адразу павесялеў.
— Тата, падбяры мне з падлогі пазгінаныя іголкі! — папрасіў.
I праз пару гадзін устаў — бытта ніколі ўжо і не хварэў. Пабраўшы іголкі ў кішэню, памчаў да аднакласніцы, нібы пытацца, што зададзена па хіміі.
ШТО З ЯГО БУДЗЕ
Трыццацігадовы Давід — нізкарослы і лысаваты. Таленту яму бог даў на рубель, ды і то медзякамі, але сваю пасрэднасць чалавек сіліцца перакрыць іншым.
У нашым санаторыі, у вестыбюлі, пачнуць гуляць у шахматы, а Давід праз галовы гледачоў ужо крычыць:
— Канём яго здымай, канём, чаго марудзіш?!
Ледзь не адначасова раіць карцёжнікам:
— З валета, з бубновага валета хадзі!.. Эх, казаў я, трэ было слухаць!..
Праз хвіліну Давід таўчэцца ўжо каля іншай кампаніі. У момант сарыентуецца, аб чым гавораць людзі, і ўжо падтрымлівае, бытта сам яе ініцыятар. Кідаюць хлопцы мяч — Давід ужо ля сеткі больш за ўсіх скача ды галосіць. Пачуецца акорд гітары — падхоплівае песню. А выйдзеш на мора — і са здзіўленнем чуеш яшчэ здалёк: яго танклявы галасок стараецца перакрычаць пляжны гвалт.
Як ен толькі паспявае ўсюды?!
Спачатку мужчыны нашай змены на Давіда злавалі. Адзін франтавік нават штурхануў яго ў грудзі, і той адляцеў на пяць кро-каў. Але ж у санаторыях спадарожнікаў сабе не выбіраюць. Паступова мужчыны да яго прызвычаіліся, як прывыкаюць да нуднага распа-радку дня, надта строгай сястры-гаспадыні ды вузкага і цёмнага калідора ў галоўным корпусе...