Выбрать главу

Праз тыдзень і не ўяўлялі сабе і адпачынку без Давіда. А дзяўчаты і маладзіцы нават ахвотна сталі браць яго ў кампанію, хоць усур'ёз яго не ўспрымалі. Знямоглыя ж бабкі, інваліды ды пенсіянеры ужо без яго, здаецца, і жыць не маглі: лесцілі яму, усміхаліся здалёк, бо Давід нагадваў старым даўно мінулае ды быў той асобай, што ў любы час гатова перад ім дурэць і крыўляцца.

Гэты няўрымслівы блазан з астаткамі запозненага юнацтва — вядома, ахвяра дрэннага выхавання. Вось-вось не стане ў яго салаўя маладосці, нельга будзе строіць з сябе дурня, што ж з яго тады атрымаецца,— яшчэ адзін няўдачнік?

КЕМЛІВАСЦЬ ПЕДАГОГА

У дзіцячы дом прывезлі сірот з Карэі, і яны хутка пачалі па-нашаму разумець. А неўзабаве і гаварыць пачалі. Толькі ж бяда, у карэйскай мове няма гукаў «ф», «ш» — і пры чытанні ў дзетак атрымлівалася «абрыка», «афёр». Доўга біліся педагогі, покуль знайшлі выйсце.

Перад дзецьмі запалілі свечкі ды загадалі:

— Падзьміце і кажыце цяпер. Толькі па камандзе — раз, два, тры!

— Ффа-абрыка! — узрадаваліся малыя.

— А цяпер уявіце сабе, што вы — вецер, дзьміце на дрэвы, і лісце шалясціць — ш-ш-ш-ш. Вы зрабіце гэтаксама ды назавіце, хто дзядзька Антон, які нам хлеб возіць. Ну: раз, два тры!

— Ш-ш-шафёр!

Не менш узрадаваліся і педагогі.

ДАРОСЛЫЯ СВАВОЛЬНІКІ

Марыя Іванаўна праз бацькоўскі камітэт з вялікай цяжкасцю сабрала сродкі ды прывезла дзесяты клас на экскурсію ў Маскву. Завяла нават у канцэртную залу імя Чайкоўскага.

I вось пачаўся канцэрт. Сімфанічны аркестр выконваў якраз цудоўную музыку Грыга з оперы «Пер Гюнт». Вучні сціпла сядзелі ды слухалі.

Праз паўгадзіны настаўніца з жахам выявіла: восем хлопцаў некуды зніклі. Што здарылася? Уцяклі, але — куды? Міліцыя забрала за нешта?!.

Калацілася яна ў трывозе цэлы канцэрт.

Калі клас спусціўся ў раздзявалку, уцекачы ўсе да аднаго там іх чакалі.

— Што здарылася? — напала настаўніца.

Маўчанне.

— Дзе вы былі?

— У высотным доме насупраць каталіся на скарасным ліфце...

— Ну і як?!.— ледзь выдавіла з сябе настаўніца, баючыся, што выбухне плачам.

— Ы-ы-ых, здо-орава!

— Аж дых забівае!

— Бытта ў космас ляціш!

— Так прыемна было?

— Марыя Іванаўна, пайшлі, пакажам!

З ХВОРАЙ ГАЛАВЫ

Дзядзька Шыман вёз капусту. Конь раптоўна звярнуў з дарогі, фурманка раз'ехалася, і капуста пакацілася ва ўсе бакі.

Стаіць заклапочаны гаспадар ля воза ды лае каня.

— Шыман, чаго яна ў цябе гэтак паразляталася? — пытаецца сусед.— Глядзі, аж у кювет нават пазалятала!.. I на поле — гэ! — нават у лужыну!

— Бо тут, брат, што галава, то і розум! Але конь, халера на яго, куды глядзеў?! У, воўчая падла, збірай тут цяпер з—за цябе!..

ВОВІНА ТАЯМНІЦА

Ногі Вову маці выцірае адэкалонам. Корміць яго толькі па навуковых кніжках. Праз стэрыльную марлечку выціскае сок з морквы, з яблыкаў, з апельсінаў, каб, барані божа, не засмеціць сыну страўнічак, не заразіць мікробамі ці яшчэ горш — вірусамі.

Хлопчык доўга супраціўляўся рэжыму і пакарыўся толькі таму, што маці дазволіла яму бегаць у госці да цёці Марусі.

Суседка Маруся трымае свіней, у яе сенцах заўсёды стаіць вялізны цэбар з кормам. Дзіця забягае і, калі нікога няма, са смакам, якога ніколі не бачыць вучоная маці, спрабуе... бульбу з вотруб'ем.

Сёння цётка Маруся ўпершыню застала Вову ля цэбра і застыла як укопаная. Жанчыне ўспомнілася яе дзяцінства.

Вось яна з малымі хаваецца ад бацькоў пад ложак, абдзірае сценку ды каштуе гліну. Калі ж нікога няма дома, цягне з—пад печы яшчэ цёплыя вугольчыкі ды запіхвае ў рот...

НЯВЫКАНАНАЕ ЗАДАННЕ

1.

Ранняй вясной сорак другога года ў лес каля нашага хутара прыбыла група партызан. Адзін чалавек з яе пажадаў мяне бачыць. Я і адправіўся ў лес.

На сустрэчу прыйшоў малады партызан з клічкай Мішын. Мы з ім доўга гаварылі. Фактычна, я слухаў, а чалавек мяне настаўляў:

— Ведаеш, Аляксей, такія, як артыстка Белая, ужо ад'еліся, цяпер ім ладнага хлопца падавай! Не цырымонься, смела ідзі на збліжэнне, з выгляду ты — арол! А калі створыш умовы і зачэпішся — прывядзеш яе да нас. Далей — наш клопат!

Цяпер, праз дваццаць пяць гадоў, я бачу, што Мішын быў чалавекам легкадумным, але тады такім не здаваўся. Яго варанёны аўтамат, незалежнасць напаўнялі мяне гонарам і давалі сілы. Я з зайздрасцю падумаў, што ў такой справе, да якой падбівае мяне Мішын, сам ён сабаку з'еў, толькі ўзяцца за яго чалавеку не дазваляюць абставіны, таму гэта ён вымушаны даверыць другім.