Выбрать главу

— Прабачце, я хацела вас аддзячыць,— пакрыўджана забрала яна пачак.

Калі Белая выйшла, я нешта прамямліў, але злосная Нінка мяне ўжо не слухала — пакрыўдзілася. Хоць я быў вінаватым у аднолькавай ступені з Белай, Ніна, надзіва, злосць пастаралася сагнаць толькі на артыстцы:

— Прыстае, зубы загаворвае!.. Раніцой пра якоесь грудное дзіця дапытвалася, а цяпер суне гэтую агіду, шлюха, нямецкая падсцілка, цьфу!

I ў нашым доме покуль што сахарын не ўжывалі — хапала мёду. Тое, што я бачыў, выклікала да Белай жаласць, але я прамаўчаў — не хацеў дражніць сяброўку. Зрэшты, трэба было мне думаць, як цяпер дабрацца дамоў.

Даўно пачаўся каменданцкі час, ісці па дарозе — трапіць пад кулі. Таму павалокся я ў цемры хмарнай ночы цераз поле і балота да сябе на хутар, а ўвесь канцэрт, як наяву, быў перад вачыма. Успомніў пра заданне і адразу адчуў, як нешта выслізгваецца з маіх рук, таму, агорнуты неспакоем, стаў я лаяцца:

«Здрэйфіў, нікчэмнасць! I перад кім? Правільна Нінка казала — перад якойсьці нямецкай шлюхай!..»

«Мама казала, што плакаць хочацца на яе канцэртах. А як жа, заплачаш!..» «Эх, дубіна! Ёлуп цара нябеснага!..» «Ну, пачакай, краля, заўтра ж я за цябе вазьмуся не так!..»

I ўбачыў ужо сябе пераможцам сэрца артысткі. Вядома, я ёй велікадушна за ўсё дарую..

Разыгралася фантазія і намалявала карціну, як мы з Белай пранікаем у нямецкі штаб, выкрадаем важныя дакументы. Потым яшчэ рабуем Беластоцкі «Рэйхсбанк» — партызанам, і нават самому Мішыну з яго дэсантнікамі грошы спатрэбяцца. Новенькім «мерседэ-сам», паўнюткім мяшкамі з купюрамі, прыставіўшы рулю пісталета шафёру ў вісок, нясёмся па шашы ў лес!..

5.

Яшчэ ў Пятэльскіх я даведаўся, што ў наступны дзень трупа адпраўляецца ў Беласток. Якім, артысты паедуць вагонам, здагадацца было няцяжка: поезд меў толькі два пасажырскія вагончыкі без перагародак — адзін «фюр дойтчэ», другі «фюр полен». Сесці ў поезд гастралёры маглі толькі на Валілскай станцыі.

Каб асвоіцца з абстаноўкай, покуль даеду да Валіл, у вагон «фюр полен» сеў я на паўстанак раней — яшчэ ў сваёй вёсцы. Вагон быў пусты, калі не лічыць дзвюх жанчын, якія ехалі ў Беласток лячыць зубы.

Праязджаў я па знаёмым месцы і ўважліва прыглядаўся.

Тыя ж узгоркі, дрэвы, кусты ды правады на пранумараваных тэлеграфных слупах. Бытта і не прыйшлі сюды немцы, бытта еду вучыцца...

У вагоне насцярожваў толькі плакат. Паўпанак з залізанай прычоскай насцярожана прыклаў палец да вуснаў, а ніжэй былі надрукавааны яго словы: «Pst!.. Feind hörf mit» [32]

Астатняе ў вагоне было нязменным. I нават гэтаксама, як і да вайны, кандуктар шчоўкаў кампосцерам, прабіваючы дзірачкі на білетах пасажыраў.

Аб тым, што навокал фашысты, акрамя плаката напамінала яшчэ неасцярожная гутарка жанчын. Жанкі ціха адна адной паскардзіліся:

— Мінулы раз мой доктар ужо не ўзяў савецкіх грошай. Маслам плаціла.

— Усё цяпер, мілая, на абмен!.. А солі, мыла — ні на рынку, ні ў магазінах!..

— Шчэ было б паўбяды гэта, калі б не страх! Толькі і чуеш: таго забралі, таго расстралялі...

Яны глянулі на мяне, спалохаліся ды пачалі шаптацца. А я, здавалася, ужо асвоіўся з абстаноўкай. Вось і станцыя Валілы.

Перад акном праплыла знаёмая стрэлачная будка з іржавай бляхай на даху, два баракі, у якіх жылі яшчэ польскія чыноўнікі — бацькі маіх школьных сяброў. Памалу стаў наплываць вакзал і замёр — поезд спыніўся. Над уваходам у масіўны мураваны будынак красаваўся партрэт Гітлера, а ніжэй была выведзена готыкай цытата фюрэра: «Ich glaube an Deutschland und kämpfe dafür heute und morgen und In der Zukunft, bis der Sieg kommt!» [33]

Перад уваходам у вакзал і праўда тоўпіліся артысты, трымаючы загорнутыя ў брызент інструменты.

Белая была сярод іх. У яе пад курткай я заўважыў тую самую сукенку, толькі на шыі з'явіліся белыя пацеркі.

На пероне ішла праверка дакументаў. Два салдаты з вінтоўкамі накіраваліся і да артыстаў. Белая падала свой «аўсвайс». Покуль немец уважліва разглядваў дакумент, яе сябры чакалі ў такім напружанні, бытта ад таго, што салдат там убачыць, залежыць — жыць ім ці не жыць.

Нарэшце немец узняў галаву, нешта з пашанай спытаўся ў артысткі, тая з какетлівай усмешкай адказала ды кіўнула на сваю кампанію. Вярнуўшы ёй дакумент, салдат казырнуў і з сябрам накіраваўся да бабак з кошыкамі і бітонамі. Толькі тады яе калегі ажывіліся.

Неўзабаве аб'явілі пасадку. З ляскатам адчыніліся дзверы, пачуліся ажыўленыя галасы. Мужчыны дапамагалі салістцы падняцца ў вагон.

вернуться

32

Ш-ш, не гавары лішняга, вораг падслухоўзае! (ням.)

вернуться

33

Я веру ў Германію і за яе змагаюся сёння, заўтра, у будучыні – аж да перамогі! (Ням.)