Выбрать главу

— А куды ж вы мне загадаеце сесці? — з гуллівай заклапочанасцю спыталася артыстка.

— Марыя Міхайлаўна, калі ласка, да мяне!

— Ні ў якім выпадку — вы ж з ім з Беластока сюды ехалі! I каля яго гэты страшны плакат!.. Вы тут сядзьце!

— Марыя Міхайлаўна, ашчасліўце мяне! Глядзіце, якая пышная прырода за акном для вашага любавання!

— Мае вы рыцары, пастараюся быць усюды, толькі з разлікам на пачастунак!

— У мяне — семкі!

— О, тады — да вас!

Я добра прыглядзеўся да Белай у Пятэльскіх на кухні і цяпер яе не пазнаваў зноў. Як тады на сцэне, артыстка ўжо зноў мела выгляд маладзенькай дзяўчыны, была пераноўнена бадзёрасцю, энергіяй і той самай чароўнай прывабнасцю. Яна ведала, што ёю захапляюцца, яе любяць, і купалася ў гэтых адданых позірках.

На мяне ж бытта замрачэнне найшло. Нібы ва мне адпусцілі спружыну, і ўсё тое, што спружына моцна дагэтуль трымала, раптам расслабілася, і я перастаў сабой валодаць, страціў здольнасць што—небудзь кумекаць, а гукі і фарбы набылі нейкі новы сэнс.

Да мяне не даходзіла значэнне яе слоў — мяне паланіла іхняя музыка. Я баяўся падняць вочы. Я зусім на Белую не глядзеў, але адчуваў яе рухі ўсімі клетачкамі сваёй істоты.

— Макар Мікалаевіч, вы сталі падобным на дыякана з сабора Пятра і Паўла, запусціўшы гэтую бародку,— прагучэў яе голас.— Думаеце, яна вас уратуе? Дай бог!

Хлапец, у якога прабівалася чорна-сіняя бародка, знарок надта сур'ёзна паказаў на плакат і з добрым нямецкім акцэнтам прамовіў:

— Pst!.. Feind hört mit!..

Усе зарагаталі смехам, падобным да плачу. Калі супакоіліся, Белая прадоўжыла гульню:

— А вы, Ільюша, з гэтым ланцужком на жываце — копія купца з «Навальніцы» Астроўскага, і як я раней не заўважала?!. Чаго засумавалі? Частуйцеся, калі ласка, смажаныя! Ільюша, нюні не распускаць, яны вам яшчэ спатрэбяцца! Глядзіце лепш на мяне! Бо няма большай абразы, рыцары, для прыгожай кабеты, чым тое, калі побач з ёю сумуе мужчына!

Белая і ў вагоне працягвала канцэрт. Бесцырымонна, як гэта ўмеюць рабіць толькі артысты, і бяскрыўдна кранала яна па чарзе кожнага пасажыра. З рускай непасрэднасцю знайшла нейкія словы нават для цётак і таксама ім насыпала семак — адзінага, мабыць, ласунку паднявольных людзей у часы акупацыі.

Калі б я мог цвяроза глядзець у тую хвіліну, я б даўно заўважыў, што ўсе яе спадарожнікі — маладыя хлопцы і толькі маскіруюцца пад «дзядзькоў». Аднак мне было не да назіран-няў. Я проста паглынуў імгненным, прагным позіркам і абвостраным слыхам усё, што мог бачыць, чуць, не прыцягваючы ўвагі: інтанацыю, наскі маленькіх боцікаў, беражок сукенкі, а калі адварочвалася спіной — каскады хвалістых локанаў. Нават семкі ў яе вузкай і белай далоні мелі для мяне асаблівы сэнс.

Я ўсім нутром жадаў, каб яна пачаставала і мяне, але насуперак гэтаму жаданню разумеў, што пачастунку не прыму. Я лічыў сябе нікчэмнасцю, якая не мае права на ўдзел у гэтай гульні. I калі артыстка наставіла сапраўды і мне руку, я спалохаўся, заматляў галавой і адчуў, як ганебна чырванею.

— Пожалуйста, угощайтесь! — прыемна для майго вуха прапела інтанацыя рускай мовы ў вуснах маладой жанчыны.

На секунду я быў вымушаны адарваць свой позірк ад пацерак, з жахам глянуў ёй у вочы і адвесці позірк ад яе вачэй ужо не мог.

З нялоўка настаўленай рукой артыстка, мабыць, па-сапраўднаму ўбачыла мяне толькі цяпер ды адразу разгадала, што творыцца ў мяне на душы. У яе сініх вачах з'явілася насцярожанае здзіўленне, потым — разгубленасць. На нейкае імгненне яна паказалася мне звычайнай бездапаможнай дзяўчынай, якой ветрам сарвала хустку з галавы, панесла па зямлі, а яна не ведае, што рабіць. Потым вочы яе пацяплелі. У іх я ўжо прачытаў амаль што мацярынскую спагаду, добразыч-лівасць і жаданне не то вывесці мяне з няёмкага становішча, не то зрабіць мне прыемнае, цамагчы мне хацела.

Адным словам, сядзеў я, хутаранін-індывідуаліст, як спа-ралізаваны, з душой, поўнай супярэчлівых перажыванняў, не здольны ні думаць, ні гаварыць, ні дзейнічаць. Я толькі адчу-ваў, што чырвань залівае ўвесь мой твар, шыю і нават — вушы.

Мае паводзіны збянтэжылі і артыстку. Яна пайшла ў канец вагона, нібы апараная.

— Эх, жизнь наша цветет пышным пустоцветом! — пастараўся згладзіць уражанне і цяжка ўздыхнуў мужчына з бародкай.

Больш ніхто не сказаў ні слова. Нібы я ўсім сапсаваў песню.

Белая больш не глядзела і ў мой бок, а я сядзеў ды пакутаваў.

Гэта было невыносна. Паслаў бы Мішын мяне нешта падпаліць, узарваць, нават зарэзаць якога—небудзь фашыста ці здрадніка — і я б заданне, напэўна, выканаў, але ж такое?..