Выбрать главу

— На тую хату — новую, з падмуркам?— здзівілася цётка, бытта нічога я і не казаў.— Чаму не, знайшоўся б кавалер шчэ і не такі!

— Мо і гэты быў бы чалавекам, каб не Сонька...

— Каб яго з тропу не збівала!

— Дык хто ж яна такая? — зазлаваў ужо я.

— Хто Соньку Хіцук не ведае?!

— Што мае дзеці праз яе намэнчыліся, нацярпеліся! — цягнула ўсё сваё маладзічка.

— Ці ж толькі ты мардуешся? Бегае, як сучка, і за іншымі мужчынамі, зазывае да сябе! Такога старога, як мой, не чапае, вядома, але чуць крыху маладзейшы...

— Бо свайго не мае!

— Самагонку тую жане, іх, дурняў, спойвае! А вядома, што іншаму абармоту трэба? Абы выпіць ды свежая спадніца.

— Цётка, што выдумляеце, хіба цяпер дазваляюць гнаць самагонку?!

Жанчыны паглядзелі на мяне, як на дурня.

— Заўша апарат у яе дыміць!

— Адкрыта!

— Ніколі яго з хлеўчыка не ўбірае!

На самагоншчыкаў — рассаднікаў хвароб, хуліганства, сямейных непаладкаў, зубы тачыў я даўно, і тут бабы закранулі мяне за жывое. Чаго не бачыў у той эмтээс? Лепш выведу на чыстую ваду пачвару-самагоншчыцу.

— Я з рэдакцыі. Даю вам, цёткі, слова гонару, што болей не пагоніць. Зараз паедзем з міліцыяй, забяром яе і ўсю апаратуру. Як дакладна яе зваць? — пачаў я запісваць сабе ў блакнот.— Хіцук Софія... Вёска?

Старыя падказалі.

— Ой, таварыш гарадскі! — спалохалася маладзіца.— Толькі рабеце як—небудзь так, каб ні адная душа не ведала, што сказала вам я, бо зараза маіх дзяцей пакалечыць, а мужык паленам прыб'е, як даведаецца! I паслухайце: сярод начальства яна мае паслушэнства, бо яны знаёмыя лічэ з партызан!

У гэты момант на асфальце з'явіўся «масквічок». Я падняў руку, машына спынілася.

— Толькі дваіх! — высунуў галаву шафёр.

— I вам у той бок? — спытаўся я ў маладзіцы.— Паехалі!

У машыне я ўжо маляваў сабе карціну, як заходжу ў міліцыю, як абураюся, што яна сама разводзіць нездаровыя ачагі, як потым з бравымі хлопцамі ў сініх мундзірах з малінавымі пагонамі прыбываем у вёску, як арыштоўваем распутніцу. Тады я пішу ў газету хлёсткі фельетон, а рэдактар замест эмтээсаўскага матэрыялу залічвае мне гэты.

— Тава-арыш,— даверліва зашаптала маладзіца, нахіляючыся да майго вуха.— У мяне ўжо е тры хлопцы, навошта мне чацвёртае дзіця? З такім дурнем і з гэтымі клопатаў хапае!.. Хадаіла ў Ваўкавыск, думала на аборт дамовіцца, цяпер правіцельства дазваляе. Але не ведала, куды звярнуцца. Сорамна пытацца ў чужых людзей... Палазіла, палазіла па горадзе дый вяртаюся ні з чым. Мо дапаможаце мне вы, га?

Я адчуў, што чырванею.

Апрытомнеў я толькі праз кіламетраў дзесяць, падумаў: чаго маю саромецца? Усё гэта чалавечае, а жанчыне сапраўды няма іншага выйсця. Што мне каштуе пазваніць у бальніцу ды спытацца?

— Добра, паспрабую ў Крыніцы разведаць у доктара. Прыеду ў вашу вёску з міліцыяй, вам скажу.

— Ой, рабеце толькі так, каб ні адна душа не здагадалася, што мы знаёмыя! Сонька шчэ маіх дзяцей пакалечыць, а муж з хаты прапрэ!

— Пастараюся.

— Налева унь Крыніцы. А мая вёска — направа. Мяне тут выпусціце. У горадзе хто яшчэ ўбачыць з вамі, перадасць, і бяды не абярэшся ад майго дурня. Я цераз палі да сябе павалакуся. Адгэтуль да Вількаўшчыны — восем кіламетраў.

Машына спынілася.

6.

Начальнік міліцыі Крыніцкага раёна, пажылы маёр, выслухаў мяне з насцярожанай увагай і без слова распарадзіўся падаць машыну. Калі мы выйшлі на двор, нас ужо чакала трохтонка.

— Калі ласка! — запрасіў ён мяне ў кабіну.

Там было толькі адно месца. Куды ж сядзе начальнік — наверх? Няёмка прыніжаць яго перад шафёрам.

— Я лепш — у кузаў! — скочыў я на кола. Маёр разгублена развёў рукамі.

— Тады і мне давядзецца з вамі...— выразна шкадуючы, што прападае месца з камфортам, кінуў чалавек ды пачаў узбірацца за мной.

На мацёрую самагоншчыцу начальнік чамусьці не выказваў дагэтуль ніякага абурэння. Прафесійная звычка — быць стрыманым і пакідаць эмоцыі адвакатам, пракурору?

Мабыць, не толькі таму.

Выглядала на тое, што чалавек не надта верыў у карысць нашай паездкі. Ехаў, бо баяўся мяне. Якраз ішла кампанія супроць самагона-варэння, рэдакцыя не давала спуску і міліцыі. Ды вось у Крыніцу з'явіўся з вобласці карэспандэнт, які лепш ведае, што тут робіцца, чым ведае ён, начальнік міліцыі цэлага раёна, што, мажліва, ужо гатовы матэрыял для фельетона.

Чалавека мне ўжо было шкада. Хіба ён вінаваты? За ўсім не ўсочыш. Сорамна, бытта пажылому і самавітаму дзядзьку вымушаны я паказаць, што ў яго ззаду на нагавіцах дзірка.

Нарэшце маёр з няўклюднасцю стараватага мужчыны пераваліў сваё масіўнае і нягнуткае цела цераз борт, прымасціўся побач са мной на лаўцы, паклаў на калені планшэт. Здзіўлены шафёр, высунуўшыся з кабіны, усё чакаў.