— Вількаўшчыну ведаеш?
— Так точна!
— Вязі!
Машына рванула.
— Лятучка наша паехала на аператыўнае заданне,— пачаў тлумачыць начальнік.— Давялося выпрасіць грузавую на маслазаводзе, прабачце...
— Дабяромся, таварыш маёр, і на такой! — запэўніў я чалавека як найбольш шчыра.— Лета, не памерзнем! — Хоць ты залезь пад дошкі ад таго, што гэты бывалы чалавек з такім вымоўным і самавітым тварам, трыма накатамі ордэнскіх планак на сінім кіцелі вымушаны мне, па ўзросце — яго сыну, дагаджаць. Кім ён быў у вайну? Камандзірам батарэі? Батальёна?.. Гэткага ніякая Сонька спаіць не магла б.
Парасеклі мы мінскую шашу, выскачылі на палявую дарогу.
Калісьці тут былі маляўніча параскіданыя ў купінах прысад дамы. Не адзін бывалы чалавек з—пад якога—небудзь Калініна, Волагды або Чэлябінска, мажліва, якраз у гэтую мінуту глядзіць на свае старыя раны ў ванне ці лазні ды ўспамінае з удзячнасцю бедную цётку з—пад беларускай Крыніцы, якая дала яму кавалак хлеба, кубак малака. А мо ўснамінае тутэйшага дзядзьку, які перавязаў байца, даў цывільную вопратку і завёў да партызан...
Потым фашысты помсцілі гэтым людзям — ні следу цяпер ад тых домікаў. Сям-там віднеліся кавалкі калодзежных цымбравін ды астаткі падмуркаў — бытта контуры старажытных крэпасцей.
А во, здаецца, у той вёсачцы жыла і Палагея Казлоўская.
У сянніку яе сястры жандары, шукаючы зброю, знайшлі палкавы сцяг. Сястру выратавала бяздзетная ўдава Палагея — яна сказала, што сяннік яе. Жандары загадалі збірацца ў камендатуру.
Цётка ведала, што едзе на смерць, дастала з сундука і апранула на сябе ўсё новае, на развітанне пацалавала сястру і маленькага, падабранага на ваеннай дарозе, сірату.
У гарнізоне паліцаі жанчыне на плечы цвіком прыбілі ў жывое цела сцяг ды так і павялі да шыбеніцы. Цётка была не вучоная і не мела здольнасці да прамовы перад смерцю, што потым прыпісала наша абласная газета. Ды і часу на прамовы каты не давалі — яны бываюць толькі ў кепскіх фільмах. Паліцай закідваў ёй вяроўку на шыю, і цётка Палагея толькі пракляла яго маці, самога абазвала дрэнню ды перахрысцілася — на, вырадак, вешай!
7.
Адным словам, быў я поўны рвення дапасці да Вількаўшчыны і вызваліць людзей ад агіднага павука, які зараз спрабуе аблытаць сялян сваім павуціннем.
Сустрэлі мы ўчастковага. Машына спынілася.
— Сяржант, вы ведаеце, дзе жыве Хіцюк Сонька? — спытаўся ў яго маёр.
— Ведаю.
— Кажуць, яна жане самагонку?
Малады міліцыянер здзіўлена паціснуў плячыма:
— А хто яе цяпер не жане, таварыш маёр?
—?!
— Чаму да Сонькі, таварыш маёр? Можам заехаць і да каго іншага, бо там у яе хаце — не ўвайсці!
Відаць, маёр хлапцу міргнуў, бо сяржант раптам прыкусіў язык.
— Падавайце сюды свой самакат, паедзем забіраць апарат! — маёр пацягнуўся па сяржантаў веласіпед.— Самі ў кабіну сядайце.
— У кабі-іну? — хлапец замяўся ды секунду вырашаў загадку, чаму там пуставала месца.
— Залазь, залазь туды! — выйшаў з цярпення начальнік.— Пакажы, дзе жыве, бо я даўно ў яе быў!
Нарэшце сяржант убачыў мяне і зрабіўся сур'ёзным. Хвіліну ён ламаў галаву, як быць.
— Я і адгэтуль шафёру пакажу! — участковы са сваім двухкалёсным транспартам ураз апынуўся наверсе.— I веласіпед буду трымаць!
— Паехалі! — не стаў больш спрачацца маёр.
Машына зноў узняла за сабой воблака пылу.
Я глядзеў па ходу трохтонкі. З левага боку ў зялёнай даліне віднелася Зяльвянка. Перада мной — выбоістая шаша. Ці хоць паспела зайсці маладзіца? Кіламетраў за тры на дарозе не было ні душы. З правага боку — узгорак з камяністым полем. На палетках ледзьве можна было разабраць замораныя кусцікі бульбы. Маёр паважна і салідна маўчаў, затое яго сяржанта аж разрывала — так хацелася пагаварыць беднаму.
— Ну і ўраджай тут у вас! — паспачуваў я.— Бульбы ўсяго па нятнаццаць цэнтнераў з гектара будзе!
— Нашыя мужыкі кажуць — нічога, што малы, радзіва дабавіць! — з хітраватай усмешкай заўважыў хлапец.
Маёр асуджальна на яго зыркнуў: маўляў, ведаеш, перад кім мелеш языком?! Я зарагатаў.
Паказалася вёска. Яе сонныя стрэхі выцягнуліся ўздоўж рэчачкі. Я сабе на хвіліну ўявіў, якая там страшэнная сумота. Успомніў намёк сяржанта, што самагонку гоняць многія, і Хіцук мне ўжо здалася не такой пачварай. Забяром у яе апарат, напішу артыкул, а што зменіцца? Ведае, мабыць, пра гэта. і начальнік міліцыі, таму такі абыякавы. Каб што—небудзь тут перамянілася, трэба штосьці іншае, чаго не ў сілах зрабіць ні я, ні маёр.