Выбрать главу

Раптам я ўспомніў просьбу маладзічкі.

Таварыш начальнік міліцыі, я думаю, трэба нам падстроіць так, бытта да Хіцук заходзім выпадкова.

Ля першых будынкаў маёр машыну стрымаў:

— Сяржант, пасядзі тут з вадзіцелем. Тлумач, каторая хата Соньчына.

8.

Хіцук жыла недзе ў канцы вёскі.

З маёрам крочылі мы па вуліцы. Адгэтуль вёска здалася яшчэ больш мёртвай. Сям-там лазілі парасяты, забаўляліся дзеці. Купаліся ў пяску куры. Перасохлая, засмечаная зямля. Струхлелыя платы. Усё зацярушана саломай, высахлым гноем. Электрычнасці няма. Да го-рада далёка. Праўленне адгэтуль кіламетры за чатыры.

З правага боку за брамкай тырчала пара старых. Абое пачцівыя, высокія, хударлявыя і апранутыя ў чорныя безрукаўкі з сукна.

— Таварышу начальніку,— затрымаў стары маёра ды ледзьве не абыякава аб'явіў: — Нас абакралі.

Насцярожаны маёр спыніўся.

— Але! — пацвердзіла бабка.— Прыехаў з флоту на пабыўку ўнук і ноччу забраў у нас трыццаць рублёў...

Мужык з жонкай чакалі, што скажа начальнік міліцыі. Нібы бездапаможныя дзеці глядзелі яны з надзеяй і верай. Зрабілася шкада — пакрыўдзіць такіх старых?

Аднак іхняя заява парушала нашыя планы.

— Ладна, Казлоўскія, мы яшчэ да вас зойдзем,— кінуў маёр.— Чакай нас дома, Юзэф!

— Каб не забылі толькі,— спалохана папрасіла бабка.

— Казлоўская, не бойся.

Так і не глянуўшы на мяне, старыя пакорна патэпалі дамоў. Людзі бачылі ў начальніку міліцыі апору, патрона. Я ж адчуў сябе тут лішнім прыблудай, але нізавошта но адстаў бы ад яго, бо прадбачыў нешта цікавае.

Праз некалькі хат налез на нас, абсыпаны мукой, п'яны мужчына.

— Таварыш маёр, здрасце! — ледзьве варочаў ён языком.

— Здароў, Мікодым.

— Здрасце, тав-варыш маёр...— пасунуў п'яны руку начальніку міліцыі, падтрымліваючы яе другой, ды спахапіўся, што маёр не раўня, і руку апусціў.

— Ну, здароў.

— Таварыш начальнік, бярыце мяне, я прызнаюся!

—?!

— Я ўзяў тыя праклятыя мяшкі! Тры штукі! Я!— незнаёмы грымнуў сябе кулаком у грудзі, ад чаго над вопраткай узнялася белая хмарка, а сам ён захістаўся на кволых нагах.

— Ты?

— Я! Толькі ўбачыў вас праз акно, так адразу ёй і кажу: «Ж-ж-жонка, ужо ідуць па мяне, збірай торбу з харчамі, цяпер мне — амба!...» Бярэце мяне, арыштоўвайце, таварыш маёр, прызнаюся вам, як на споведзі ў касцёле! — чалавек наставіў абедзве рукі, бытта яго мы меліся вязаць.

— Тады валяй у канец вёскі, там машына з міліцыянерам! — спакойна загадаў маёр.

Чуў ён пра пакражу мукі раней?

Удакладніць я не паспеў, бо глянуў за агароды на рэчку, і мяне як бы хто тузануў за руку — я ж тут бываў.

У сорак трэцім прыйшлі мы сюды ноччу з Гута-Міхалінскага лесу ўзрываць мосцік, каб у Крыніцы немцы не маглі пасылаць на лес браневікоў. Мінёры закладвалі тол, а я з сябрам вартаваў тут дарогу. Заадно прасіў у цётак смятаны для хлопцаў на вячзру...

Цяпер я раптам выразна ўчуў крухмальны скрып снегу, брэх сабак, якіх ужо даўно няма і на свеце, убачыў дураслівае блісканне дзявочых вачэй. У вялікім доме мы засталі кудзельніц і крыху падурэлі з імі.

У іншай хаце я амаль закахаўся. У баптыстку.

Адчыніў дзверы на кухню — чысціня, цяплынь, парадак, а на сценах ільняныя палотнішчы з вышытымі фразамі. Што гэта баптысцкія лозунгі, я здагадаўся потым. Покуль што маёй увагай авалодала дзяўчына ля печы. Яна была далёка не прыгажуня. Таўставатая. Залішне скуластая. Але зусім не такая, з якімі я кожны дзень сустракаўся. Надта хатняя. З разапрэлым тварам. У свежым зялёным світэры і новай сукенцы. З цёмнымі ад вады, мокрымі, толькі што ўкладзенымі ў моцны вузел косамі...

«Яна!» — як бы хтосьці крыкнуў мне на вуха, бытта ўразіла токам.

Хлопцы перабольшана жартавалі з яе бацькам, тактоўна абмінаючы веру гаспадароў, не заўважаючы лозунгаў, без прычыны спрачаючыся, а я сачыў. Дзяўчына трымалася асобна і нібы казала — на, глядзі, узірайся сабе на мяне, калі так хочаш!..

Я тады нават не пачуў яе голасу, а пасля цэлымі тыднямі, месяцамі марыў, каб мяне паслалі на заданне зноў праз гэтую вёску. Дом яе стаяў уздоўж вуліцы, памятаю добра. Цяпер чамусьці ўсе дамы стаяць шчытамі да яе...

А мо мне толькі так здаецца, і мы былі ў іншай тады вёсцы — усе яны так падобныя адна на адну!

Гм, дзесьці менавіта тут знаходзіцца і той млын, каля якога я бачыў Вальку Кананчучку з прорвай гусей ды мурзатых дзяцей. Мо дзядзька ўкраў муку якраз у яе мужыка? I не зойдзеш у госці, бо толькі перапалохаеш Вальку...