Андрэй Хадановіч
Парыж-Дыснэйлэнд
Білеты лепш загадзя замовіць праз інтэрнэт. Дабірацца лепш самалётам, каб зэканоміць больш часу для забаваў і адпачынку.
Спачатку рэкамэндуецца агледзець парк з адной ці некалькіх яго найвышэйшых кропак:
* атракцыёна «Эйфэлевая вежа»;
* атракцыёна «Вежа Монпарнас»;
* званіцы атракцыёна «Нотр-Дам» ды інш.
Для большай зручнасьці наведнікаў усе атракцыёны зьвязаныя між сабой 5 лініямі дзіцячай чыгункі і 13 лініямі дзіцячага мэтро, але найбольшую радасьць прынясе вашым дзеткам фунікулёр ля атракцыёна «Сакрэ-Кёр». (Наведнікам з боязьзю вышыні рэкамэндуецца альтэрнатыўная забава — «Парыскія Катакомбы».)
Безумоўны прыярытэт Дыснэйлэнду — юныя наведнікі, якія могуць абсалютна бясплатна і неабмежаваную колькасьць разоў карыстацца Луўрам, Абацтвам Клюні ды іншымі інтэлектуальнымі атракцыёнамі, а таксама праходзіць першы ўзровень квэсту «Сарбона».
Увага, гэтае правіла пакуль не распаўсюджваецца на атракцыёны «Пляс Пігаль» і «Булёнскі лес», якія маюць узроставыя абмежаваньні: юным наведнікам трэба памераць свой рост, дзеля чаго ля кожнага дарослага атракцыёна маюцца спэцыяльныя лінейкі, званыя ў народзе «тулуз-латрэкамі»: меншыя за прыняты стандарт да забаваў не дапускаюцца.
Для сталых наведнікаў парку прадугледжаная сетка бясплатнага харчаваньня: дастаткова атрымаць чырвоны жэтон сябра клюбу «Парыскі клашар».
Шматлікія паркавыя забавы выходзяць далёка па-за межы рэпэртуару Ўолта Дыснэя. Так, атракцыёны-музэі населеныя шматлікімі пэрсанажамі ўсіх міталёгіяў сьвету, а на «Эйфэлевай вежы» ўначы нават працуе «Пражэктар Саўрона».
На тэрыторыі парку маецца некалькі ціраў: для маленькіх — «Гаўрош», для дарослых — «Свабода вядзе на барыкады». (Некаторыя наведнікі, асабліва з Расіі, блытаюць гэты атракцыён з Жаннай д’Арк, якую можна адрозьніць па характэрным джэдайскім мячы, а таксама са «Статуяй Свабоды» — падарункам парыскага Дыснэйлэнду амэрыканскаму.)
Ёсьць казачныя лясы, а таксама сады, сквэры і ўласна паркі, аздобленыя фантанамі, скульптурамі і сапраўднымі жывымі парыжанамі. Калі вы не сустрэлі ніводнага фантана, не засмучайцеся: на тэрыторыі парку 260 дзён на год ідзе дождж.
Спэцыяльна для мэляманаў парк абсталяваны культавымі атракцыёнамі — зь вечаровай арганнай музыкай і ранішнімі званамі.
За невялікую плату вы зможаце сфатаграфавацца з вашымі ўлюбёнымі казачнымі героямі: Джакондай, Вэнэрай Мілоскай, Како Шанэль, Бальзакам, Бадлерам, Гэнзбурам і Напалеонам Банапартам. Асабліва пасуе для такіх мэтаў квэст-лябірынт «Могілкі Пэр-Ляшэз», разьмешчаны на правым беразе парку. Калі вы на левым беразе, можаце наведаць аналягічны атракцыён «Могілкі Манпарнас».
Набыўшы ў фірмовых паркавых крамах усяго паўлітра найсмачнейшай парыскай вады, вы зможаце не памерці ад смагі і абсалютна бясплатна дыхаць унікальным парыскім паветрам.
Не рэкамэндуецца набываць усе сувэніры, што прапануюць турыстычныя крамы, і наведваць усе кавярні, разьмешчаныя на тэрыторыі парку, — небясьпечна для вашых фінансаў!
Строга забараняецца:
* падоўгу ўглядацца ў рэпрадукцыі мадэрністаў на аўтобусах, што рухаюцца ў ваш бок, — небясьпечна для жыцьця!
* падоўгу ўглядацца ў Сену з моста Мірабо ды іншых рачных атракцыёнаў — небясьпечна для жыцьця!
* падоўгу карыстацца любым парыскім атракцыёнам — небясьпечна для жыцьця!
* лічыць Парыж чымсьці большым, чым парк дзіцячых атракцыёнаў, — небясьпечна для жыцьця!