Заходзіш у бібліятэкі.
Сядаеш за столікі ў кавярнях.
Шукаеш халяўнага інтэрнэту.
Часам сыгнал ловіцца,
але неяк няўпэўнена.
Часам у цябе пытаюць пароль,
якога ты, зразумела, ня ведаеш.
Другую палову дня
ты яшчэ тупей бадзяесься па горадзе
з нататнікам.
Шукаеш халяўнага натхненьня.
Заходзіш у паркі,
у брамы, у храмы, у крамы.
Сядаеш за столікі ў барах.
Часам сыгнал ловіцца,
але неяк няўпэўнена.
Часам у цябе пытаюць пароль,
якога ты па-ранейшаму ня ведаеш.
Для інтэрнэту хоць можна купіць 3G-мадэм.
2.
Калі ты нешта фатаграфуеш
у цэнтры Менску,
і раптам незнаёмая рука
бярэ цябе за плячо,
а суворы голас
кажа больш так не рабіць,
бо могуць і канфіскаваць камэру,
або проста пасадзіць у камэру, —
паспрабуй уявіць, што ты ў Парыжы,
на ўзгорку Манмартр,
у храме Сакрэ-Кёр,
і мясцовы цемнаскуры бамбіза
ветліва, але настойліва
просіць схаваць фотаапарат.
Засталося, каб нашыя
белаcкурыя бэстыі
навучыліся казаць табе: «Мerci!»
Ці прынамсі: «Дзякуй!»
3.
Пад рэгі Боба Марлі,
якім прапах Парыж,
я думаю пра Шарля,
які ўжываў гашыш.
І гук рабіўся пахам,
і пах рабіўся гукам,
паветра пахла Бахам,
а часам нават Глюкам.
І смак гучаў зялёны,
і колер быў салёны,
гук горкі быў на дотык,
бо дзейнічаў наркотык.
-----
А мне яго вар’яцтва
знаёмае даўно,
бо згадваю юнацтва
з паходамі ў кіно.
Таму назад чвэрць веку
чачэрскіх мальцаў табар
ідзе на дыскатэку
ў кінатэатр «Акцябар».
Падлога ходзіць ходырам,
а дзеўкі з голым пузікам —
з такім магутным водарам,
што заглушаюць музыку.
ДОТЫК
Яна была ў майцы
з турыстычным парыскім каляжыкам
на грудзях:
зьлева, дзе сэрца, —
Эйфэлева вежа,
справа, насупраць вежы, —
Авэню Шанз Элізэ.
Спачатку ён дакрануўся справа.
Пад Елісейскімі палямі не было станіка.
Эйфэлева вежа забілася хутчэй.
НАЦЮРМОРТ
Столік. Хлеб. Аліўкі. Арэшкі.
Шклянка. Лёд. Пастыс. Кальвадос.
Тратуар. Шчасьлівыя грэшнікі.
Поўня. Поўнач. Хрыстос уваскрос.
ПАРЫСКАЯ ТРАСЯНКА
Тонучы ў Сене,
хапаесься за саломінку.
ФУТБОЛ ЛЯ МУЗЭЮ РАДЭНА
За плотам музэю гуляюць французы ў футбол.
Крычаць, аж чутно праз навушнікі аўдыёгідаў.
І з кожным ударам жыцьцё замірае наўкол,
і, нібы табло, зьзяе золатам шпіль Інвалідаў.
Турысты ў музэі наструніліся — хто каго?
Глядзяць цераз плот — і стаяць без увагі скульптуры,
самотны Бальзак і ў абдымках дзьвюх дзевак Гюго,
тытаны культуры на сьвяце фізычнай культуры.
Мысьляр знакаміты ад зайздрасьці пазелянеў,
хаваючы вочы, падпёр падбародзьдзе рукою.
«Нашто цалавацца?» — адчулі каханкі сумнеў.
Прыкрылася Ева: «Вы дзе, гледачы? Што такое?»
Старэнькі японец здымае на камэру матч.
Арабка ўздыхнула. Відаць, за Радэна заўзее.
Мысьляр ледзь пя плача. Філёзаф, хоць ты патлумач,
як блякла на фоне жыцьця выглядаюць музэі!
Спорт нумар адзін і арабку схіліў на свой бок,
і дзеда-японца, і там, ля платану, путану,
што косіць пад экскурсаводку. Ці гэты радок
хоць неяк паможа Радэну даць рады Зідану?
Удар. Гол у браму мастацтва. Жыцьцё павяло.
Татальны футбол пераможную сэрыю выдаў.
Разьбегліся хмары і сонца гарыць, як табло,
ўсьміхаючыся зь Інвалідаў. З усіх інвалідаў.