Выбрать главу
Істотна, што бульба, зь якой зрабілі чыпсы, была зь яго роднай Галяндыі.
Трава таксама.
АДЫСЕЯ
Вось яна, Пэнэлёпа, хто б сумняваўся! У мармуры, хоць ёсьць і пару бронзавых вэрсіяў. Глядзіць удалеч, падпірае рукой падбародзьдзе, палову твару зьлізалі марскія вятры, уся — увасобленае чаканьне. Справа памірае кентаўр — туды яму і дарога, зьлева абапіраецца на кій патасны Адам Міцкевіч (французы кажуць — «Адам Мікевік»), а яна глядзіць не на іх, вызірае кагосьці трэцяга.
Але найцікавейшае — побач. У фатэлі, у чырвоным пінжаку супрацоўніцы музэю — цемнаскурая цётачка з трыма тэлефонамі: мабільнік — у правай руцэ, рацыя — у левай, яшчэ адзін тэлефон, стацыянарны, вісіць на сьценцы над самым ейным вухам, а яна пераводзіць вочы з апарата на апарат, гатовая ў тую ж сэкунду адказаць на званок па кожным.
Я думаю, сапраўдная Пэнэлёпа — гэта яна.
РАСТВО
Petit Palais. Musée des Beaux-Arts
Божае нараджэньне, у вэрсіі паўднёванямецкага разьбяра першай чвэрці XVI стагодзьдзя.
Немаўля Ісус. Два анёлы над ясьлямі. Вол. Восьлік. Авечкі засталіся на другім пляне. Дзьве пары выпадковых сьведкаў, з выгляду — тыповыя нямецкія бюргеры, трэба разумець — пастухі. Усярэдзіне — Марыя з малітоўна складзенымі рукамі.
Ейнага мужа Язэпа, цесьляра, лёгка пазнаць па руцэ з чатырма адцяпанымі пальцамі.
КЛЮНІ. МУЗЭЙ СЯРЭДНЯВЕЧЧА
1. Вітраж XIII ст.
Салямэя ўстае на задні мосьцік. Ёсьць ад чаго страціць галаву.
2. Пакуты Гасподнія (XIV ст.)
Вартаўнікі сьпяць. Хрыстос вылазіць з труны. Асьцярожна, каб не абудзіць.
3. Вітраж XV ст.
Першая думка: каго і навошта Хрыстос цягае за вуха?
Толькі па мячы Пётры разумееш, што вуха насамрэч прыстаўляюць на месца.
4. Сярэднявечны алегарызм
Пяць выяваў Дамы з аднарогам адпавядаюць пяці пачуцьцям. На той, што сымбалізуе зрок, аднарог глядзіцца ў люстэрка Дамы.
Люстэрка маленькае — і аднарог бачыць сябе бязрогім.
5. Сярэднявечны рэалізм
Сьвінка грае на аргане, прычым і арган, і сьвінка выглядаюць максымальна праўдападобна.
6.
На выйсьці машынальна падаў міласьціну музэйнаму супрацоўніку.
АБ КАВЯРНЯХ ПАРЫСКІХ ПРАЎДА
«Ратонда» і «Клязэры-дэ-Ліла», «Пракоп» і «Кафэ дэ ля Пэ» — патаснае фуфло, што даўно ня мае ніякага дачыненьня да мастацтва.
Месцы, дзе сёньняшняя публіка пераплачвае за каву тых, каму налівалі ў крэдыт стагодзьдзе або тры таму.
Сёньняшні Хэмінгуэй сядзеў бы на даху дзевяціпавярховай крамы «Printemps», у кавярні самаабслугі, адкуль адкрываецца бясплатны вайфай і найлепшая панарама Парыжу, з Эйфэлевай вежай або Манмартрам (залежыць ад выбару століка).
Хочаце доказаў? Кава эспрэса, што наліваецца там з аўтамата, на смак вельмі нагадвае ягоную прозу.
СНОБЫ НА ВЫСТАВЕ
1.
У шкляной вітрыне парыскай эратычнай кнігарні адлюстроўваецца доўгая чарга снобаў, што стаяць па білеты на мастацкую выставу.
І ўся чарга нешта чытае, на фоне вялікага ню ад Амэдэа Мадыльяні.