Выбрать главу
Скажам, прыдумаў жа нехта пахаваць паэта Жэрара дэ Нэрваля (1808—1855) проста насупраць самага знакамітага францускага пісьменьніка. Толькі ўявіце: ля тваёй магілы увесь час таўкуцца турысты, і ўсе як адзін да цябе сьпінай. Некаторыя нават спатыкаюцца аб цябе, фатаграфуючы. І толькі я, дзівак, на дзесяць хвілін завіс каля ўлюбёнага паэта, і толькі цяпер заўважыў Бальзака (1799—1850).
Дарэчы, скажы мне, хто твой сусед па магіле, і я скажу, кім ты быў пры жыцьці.
Вось Поль Элюар (1895—1952) загуляўся ў камунізм, і цяпер ляжыць побач з генсекам камуністычнай партыі Францыі Марысам Тарэзам (1900—1964).
А Мальер (1622—1673) ні ў што такое не гуляў, і цяпер побач з калегам па пяры, сумленным байкапісцам Лафантэнам (1621—1695), ляжаць разам за агульнай агароджай, як адна сям’я.
Мюсэ (1810—1857) і Шапэн (1810—1849) не за агульнай агароджай, а досыць далёка адно ад аднаго, але ў самім афармленьні магілаў адчуваецца адна рука. Падазраю, жаночая (1804—1876).
На магіле Апалінэра (1880—1918) — вялікае сэрца у выглядзе верша-каліграмы, а на Ўайлдавай сэрцаў безьліч, і ўсе — чырвоным маркерам або губной памадай.
Магілу Ўайлда (1854—1900) знайсьці лёгка па выбухах жыцьцярадаснага рогату, дзявочага і асабліва хлапечага. Ўайлд з усіх бакоў агароджаны шкляной сьценкай, каб не разарвалі прыхільнікі, якія сьпярэсьцілі ўсё шкло надпісамі і сьлядамі памады. Заслугоўваюць увагі: «Pleasure to meet you Oscar!» — з сэрцайкам, «Oscar my favorite dandy» — з зорачкай, і мой улюбёны: «Oscar te amamos!» — з кубінскім сьцяжком. Найбольшы надпіс, вядома ж, па-расійску: «Любви все возрасты покорны!» Цікава, як выглядала б на Пэр-Ляшэз магіла Цоя (1962—1990)?
Магіла Морысана (1943—1971) не агароджаная шклом, затое там увесь час дзяжурыць жывы паліцэйскі, стаіць ля камля найбліжэйшага дрэва і часам перашкаджае ляпіць да яго жуйкі, але дрэва ўсё адно ў жуйках, прылепленых да іх манэтках і іншых сьціплых дарунках. Самы шчодры пакінуў бляшанку бэльгійскага піва, пакойся зь мірам, Джымі!
Над магілай Мадыльяні (1884—1920) пачынаецца дождж, а над магілай Эдыт Піяф (1915—1963) канчаецца, і неба робіцца блакітнае.
У надмагільнай пліце Марсэля Пруста (1871—1922) адбіваюцца аблокі.
СЕРЖУ ГЭНЗБУРУ
Як ні ўцякалі ад лёсу твае Гінзбург-тата і Гінзбург-мама — Піцер, Стамбул, Парыж, — рідна нэнька дагнала Гэнзбура: за дзесяць крокаў ад дому ўкраінцы шыбуюць да храма, за дваццаць пяць ад магілы — Сымон Пятлюра!
ПАРЫСКІЯ МУЖЧЫНЫ
У мужчыны з Парыжу — харызма і шык, нос, багет і шалік на шыі. Хто бяз шаліка, той не парыскі мужык, і бязносыя тут — чужыя!
Ён ідзе й не кранае багетам зямлі, выкшталцоным сталічным крокам, а жанчыны з усіх ускраін зямлі сочаць — пэрыфэрыйным зрокам…
* * *
Субота. Ранак. Дождж. У Люксэмбурскім садзе вітаецца здалёк з Бадлерам Элюар. Клашар у паліто з кішэнямі на задзе выкідвае багет, каб іншы зьеў клашар.
У галаве гучаць знаёмыя матывы. Стакроткі й дзьмухаўцы бамжуюць між газонаў. На тратуары там і тут прэзэрватывы і скарыстаныя чахлы ад парасонаў.
ШЧЫГРЫНАВАЯ ТРАЎКА
Ехаў казачнік-бай па бульвары Распай, да бамонду ў кавярню «Ратонда»: там зь відэльца й нажа усьміхаецца джа — скарачэньне ад слова «Джаконда».
Круціць з бронзы касяк Анарэ дэ Бальзак у плашчы ад Агюста Радэна. Ёсьць на цэлы бульвар эксклюзыўны тавар, а тапельцам — бясплатная Сена.
Дастаўляе трава з Монпарнасу ў Менск-2, зь перасадкай у Шарля дэ Голя. І ні да, ні пасьля: прэзыдэнт Нікаля — проста хлопчык па імені Коля.