Выбрать главу
І ніхто не памрэ, бо з травой Анарэ ўсе памерлі яшчэ да народзін… Па бульвары Распай едзе казачнік-бай: «Баяць казку?» Ня хоча ніводзін.
ПОСТ-МІРАБО
Пад мостам Мірабо сплываюць вершы Парыжам Захлынуўшыся й памершы І гэты не апошні і ня першы
Каханьне соплі Вершы трэш Мост выжыве а ты памрэш
Пад мостам Мірабо шукаць прыгоды Няма дурных Сумуюць параходы Ля карлікавай Статуі Свабоды
Ды ёсьць сюжэты навырост Хацеў паплакаць выйдзе тост
Пад мостам Мірабо гамон клашару Здаецца Холад зь ветрам далі жару Усім няўдачнікам зямнога шару
Чужынцаў выдае акцэнт Кавярня Прыцемкі Абсэнт.
Над мостам Мірабо як прывід лесу Лес хмарачосаў Ты хацеў прагрэсу Глядзі ж паэт і не памры ад стрэсу
Усё цячэ пад гэты мост Сплыў мадэрнізм сплыве і пост
P. S. Твой верш не прынясе рахунка ў банку Ды жонка Захацела рыфмаванку І з рыфмамі змагаесься да ранку
Сам-насам з мостам Мірабо Слабо пра мост? А не слабо
* * *
я куплю ў букініста гадзіну парыскага сну сорак восем хвілінаў сьпякоты й дванаццаць залевы каб, накрыўшыся мапай, бы коўдрай, гадзінку адну паварочацца з правага берагу Сены на левы
аблажУ ўсе музэі, аблАжу бульвары й сады захаплю ўсе кнігарні, уброд перайду ўсе фантаны трохі сонца ў бутэльцы халоднай парыскай вады ўставіць зь першай цытаты й гатовы турыст апантаны
sous le pont Mirabeau буду качкам сьпяваць пра любоў і паўпляшкі найлепшай гарэлкі пакіну клашару круасанамі сьвежымі буду карміць галубоў гэта сон, паўтараю, чаго ні прысьніцца на шару
па жалезных прыступках Парыж пакідае зямлю і зьнікае ў сьвяточных агнях, нібы мерае вэлюм я, спусьціўшыся ўніз, сувэнірную вежу куплю старгаваўшыся з самым назойлівым афра-Эйфэлем
падміргну дзіваку пад вадой, што глядзіцца ў ваду ўсіх ільвоў і хімэраў бяз камэры сфатаграфую і з такою дзяўчынай на могілкі ўвечар прыйду што прачнецца Гэнзбур і для нас засьпявае ўжывую
мажны вусень запаліць на цёплай магільнай пліце разбрыдуцца дзяўчаты, і мы застанемся сам-насам пачастуе дабром, што ў Эўропе амаль не расьце й дым айчыны яго паплыве над усім Монпарнасам
я чытаў яго кнігі і зараз пазыку вярну і вось гэтую рыфму пакіну яму на паперцы я куплю ў букініста гадзіну парыскага сну а на болей ня хопіць ні грошай, ні часу, ні сэрца