Аднак, будзем спадзявацца, што такое шэрае жыццё нас усё ж не чакае і Рэспубліка Беларусь стане цывілізаванай дзяржавай, у якой жыхары зберагаюць і паважаюць сваю мову, гісторыю, традыцыі і звычаі.
(Артыкул у скарочаным варыянце быў надрукаваны ў газеце "Советская Белоруссия" за 11 жніўня 1992 г.)
Раздзел 2. Заняволеныя народы Расійскай Імперыі скідваюць каланіяльнае ярмо
З распадам Савецкага Саюза ўзнік моцны радыяльна накіраваны рух па ўтварэнню новых незалежных нацыянальных дзяржаў. І цяпер кожная з былых рэспублік СССР уяўляе сабой дзяржаву.
Некаторыя даследчыкі сцвярджаюць, што ў Расійскай імперыі не было прыгнёту малых нацый, яны імкнуцца выставіць царскі ўрад ледзь не дабрадзеемі для нярускіх, адсталых нацый. Але факты гавораць аб іншым. К пачатку ХХ -га стагоддзя Расійская імперыя істотна адрознівалася ад існуючых на той час імперый – брытанскай, аўстрыйскай і іншых. Галоўнае адрозненне – у амаль поўнай адсутнаці ў Расіі традыцый дэмакратыі, уласцівых заходнім дзяржавам. Гэта тычылася дэмакратыі як у дзяржаўным будаўніцтве, так і ў дэмакратызацыі жыцця людзей.
Расійскі самадзяржаўны стыль жыцця быў уласцівы толькі Расіі і ніякай іншай краіне Захаду. З другога боку, у краінах Усходу – Кітаі, Японіі, Карэі, краінах Бліжняга Усходу – Персіі, Туркестане і і ншых, аўтарытарны рэжым – традыцыйны стыль кіравання дзяржавай.
У чым жа прычына таго, што адзіная нацыя з усіх еўрапейскіх – руская сфармавалася з, фактычна, мангалоідным менталітэтам? Я мяркую, што прычына тут даволі простая і даволі празрыстая. Як ні адзін народ, насельнікі Маскоўскага і суседніх яму княстваў былі на працягу стагоддзяў у самых шчыльных узаемадачыненнях з шматлікімі татарскімі плямёнамі. Вякамі Масква плаціла даніну татарскім ханам. Яны жылі настолькі блізкім жыццём, што іхняе шматбаковае партнёрства перарасло ў новую якасць, даўшы свету рускі народ і магутную Расійскую імперыю. Руская нацыя, па-сутнасці, ёсць вынік асіміляцыі славянскіх плямёнаў з татарамі. Дарэчы, гэтую акалічнасць любяць падкрэсліваць самі расіяне.
Часта гавораць – галоўным чынам прарасійска арыентаваныя грамадзяне з арганізацый накшталт Славянскага Сабора “Белая Русь” – пра так званую “дружбу” трох “брацкіх” славянскіх народаў: рускага, украінскага і беларускага. Гістарычныя рэаліі сведчаць, аднак, аб іншым. Замест “дружбы”, на працягу стагоддзяў мы бачым пастаянныя войны беларусаў і ўкраінцаў з рускімі. Цікавае “брацтва”. З другога боку вядома, што беларусы жылі значны гістарычны перыяд у адзінай дзяржаве з жамойтамі – продкамі сучасных літоўцаў. Хутчэй з імі мы – браты. Дарэчы, адчуванне блізкасці, нейкай знітаванасці з прыродай і людзьмі заўсёды ўзнікае, калі бываеш у Літве, ці Беласточчыне. І літоўцы, і палякі – блізкія нам, беларусам, народы па гістарычнаму шляху, па нашаму адзінаму лёсу быць калоніяй у “единой и неделимой” Расіі.
Прыгнёт малых народаў, а дакладней, тых народаў, што захапіла Расія пад час сваіх бесперапынных захопніцкіх войнаў – гэта неаспрэчны факт. На Беларусі добра праславіўся вораг беларусчыны Мураўёў – вешальнік і добра вядома палітыка русіфікацыі беларусаў, што мэтанакіравана праводзіў царскі ўрад. Нездарма многія таленавітыя людзі – выхадцы з Расійскіх правінцый, сталі выдатнымі прадстаўнікамі рускай культуры, хаця самі былі нярускімі. Гэта тлумачыцца простай акалічнасцю: на развіццё свайго нацыянальнага таленту ў асяроддзі свайго народа ў Расійскай імперыі не было ніякіх умоў. Для прыкладу ўспомнім выхадцаў з Беларусі – Ф. Дастаеўскага і А. Некрасава; украінца М. Гогаля, якія сталі класікамі рускай літаратуры. Вельмі прыкры факт, калі адна нацыя прымушае працаваць на сябе другую. Гэта называецца нацыянальным прыгнётам, ці рабствам.
Савецкі Саюз, які ўтварыўся пасля бальшавіцкага перавароту ў 1917 годе, прадоўжыў каланіяльную палітыку імперскай Расіі, хаця фармальна існавалі савецкія “рэспублікі”.
Канферэнцыі, пра якія я павяду гаворку ў гэтым раздзеле кнігі, так і называюцца : ”Нарады (канферэнцыі) Кансультацыйнага Савета (КС) заняволеных народаў (па-руску – “порабощённых”) Савецкай Імперыі. На гэтыя нарады збіраліся прадстаўнікі розных партый і арганізацый нацыянальна-дэмакратычнага накірунку тых рэспублік былога СССР і краін Усходняй Еўропы, якія той ці іншы час уваходзілі ў склад СССР, ці былі ў прамой залежнасці ад Савецкага Саюза (краіны сацыялістычнага лагеру Усходняй Еўропы).