Праблемы, якія стаялі перад гэтымі краінамі былі аднолькавыя: як мага хутчэй дасягнуць дзяржаўнай незалежнасці, вызваліцца ад савецкай апекі, адрадзіць нацыянальную культуру і нацыянальную свядомасць народа.
У кожнай такой, калі можна так сказаць, пацярпелай краіне (рэспубліцы) пачынаючы, прыкладна, з 1987 – 89 годоў пачалі ўтварацца Народныя франты, партыі і рухі нацыянальна-дэмакратычнага накірунку, мэтай якіх было зрабіць сваю Радзіму незалежнай, а свой народ – вольным.
Зразумела, што задачы, якія стаялі перад кожнай з постсавецкіх рэспублік, былі вельмі падобнымі. І таму нашы нарады тых часоў праходзілі ў вельмі сяброўскай атмасферы і ўзаемаразуменні. Менавіта там і было сапраўднае брацтва. Армянін сябраваў з малдаванінам, украінец з грузінам... У мяне таксама з’явіліся сябры, з якімі потым было вельмі прыемна сустрэцца на наступных нарадах. Асабліва блізка я сышоўся з сакратаром Польскай партыі Свабоды Войтэкам Стандо, старшынёй партыі Адраджэння Грузіі ў яе гістарычных межах Аўтандзілам Кепчошвілі, членам Выканкама Рэспубліканскай партыі Украіны Іванам Дзем’янюком і іншымі.
Час узнікнення і росквіту нацыянальных партый – гэта час распаду СССР і гэта быў час згаданых міжрэспубліканскіх сустрэч-нарад. Перыяд той быў даволі кароткі: пачаўся недзе каля 1989 – 90 гадоў і скончыўся з утварэннем незалежных дзяржаў, узвядзення межаў і наступленнем агульнага крызісу – прыблізна гэта 1993 г. Пачынаючы з таго года сустрэчы прыпыніліся. Хутчэй за ўсё прычынай сталі фінансавыя цяжкасці. Хаця трэба ўлічваць і той факт, што перад кожнай з новаўтвораных краін паўсталі свае праблемы і вырашыць іх яна магла толькі сама. Але на маю думку, прычыны знікнення "Кансультацыйных нарад" і "Дэмакратыі і незалежнасці" комплексныя. Тут і шматлікія лакальныя войны – Грузія, Абхазія, Азербайджан і г.д., цяжкасці з візавым уездам (напрыклад у Эстонію) і іншыя.
Так ці інакш нарады "Заняволеных народаў" сталі фактам гісторыі. Мне пашчасціла быць удзельнікам пяці з гэтых нарад – Маарду (Эстонія), Тбілісі (Грузія), Бурштыне (Заходняя Украіна), Маскве і Мінску.
Мінская сустрэча была апошняй. НДПБ і БНФ былі арганізатарамі. Нам удалося даволі танна арганізаваць сустрэчу ў гатэлі "Юнацтва" у прыгожым месцы на Мінскім моры. Але ўдзельнікаў, на жаль, было ўжо вельмі мала (чатыры дзяржавы – Польшча, Украіна, Арменія і Беларусь). Гэта можна зразумець: Грузія ўступіла ў ваенны перыяд, Прыбалтыка цалкам аддзялілася ад СССР, а пра Сярэднюю Азію і раней было цяжка гаварыць.
Аб некаторых са згаданых падзей я і павяду гаворку ў гэтым раздзеле. Пасля кожнай з нашых сустрэч я рабіў нататкі і яны прыводзяцца храналагічна ў тым парадку, як ствараліся.
У 1991 годзе, з перапынкам працягласцю крыху больш месяца, мне давялося ўдзельнічаць у дзвюх канферэнцыях (нарадах) нацыянальных партый з розных саюзных рэспублік. Поўная назва гэтых канферэнцый: "Нарада Каардынацыйнага Савета нацыянальна-вызваленчых pуxaў заняволеных народаў Савецкага Саюза". Першая нарада (9-я па ліку) адбывалася ў сядзібе Маарду, каля Таліна ў Эстоніі 19 – 20 студзеня 1991 г., другая – (10-я) – 23 – 24 лютага ў Тбілісі.
На абедзвюх нарадах была прадстаўлена даволі шырокая геаграфія ўдзельнікаў, якія прыехалі з Paceі, Эстоніі, Латвіі, Літвы, Беларусі, Украіны, Малдовы, Крыма, Грузіі, Арменіі, Азербайджана, Узбекістана, Татарстана, а таксама з Польшчы. У Эстоніі было прадстаўлена 23 палітычныя арганізацыі, у Грузіі крыху менш.
Галоўным накірункам дзейнасці кожнай з гэтых партый з'яўлялася барацьба за незалежнасць сваёй дзяржавы і пабудова вольнага ад камуністычнага рэжыму дэмакратычнага грамадства.
На нарадах, нягледзячы на стракаты моўны набор яе прадстаўнікоў, уладарыла поўнае паразуменне, сяброўская атмасфера, паважлівыя адносіны адзін да аднаго. Гэта, відавочна, мае адну прычыну, нашу агульную бяду: усе малыя дзяржавы, прадстаўнікі якіх былі абраны на нарады, у свой час 6ылі акупаваныя Расійскай імперыяй, ці потым Савецкім Саюзам, гвалтам далучаны да СССР у "общий дом". Тая агульная трагедыя аб'ядноўвала на гэтых нарадах эстонца і армяніна, беларуса і грузіна – аб'ядноўвала па-сапраўднаму, па-чалавечы , а не з дапамогай навязанага цэнтрам нейкага рэфэрэндуму.
У Маарду амаль аднагалосна ўдзельнікі прынялі 8 рэзалюцый: •Аб злачынствах СССР у Літве", "Аб акупацыйнай арміі", "Супраць захавання Савецкай імперыі" і г.д. Ад беларускай дэлегацыі , якую прадстаўлялі Нацыянальна-дэмакратычная партыя Беларусі (НДПБ) і БНФ (радыкальнае крыло), была прапанавана і зацверджана рэзалюцыя "Аб Чарнобыльскай трагедыі". У гэтай рэзалюцыі адзначана, што ўлады Беларусі працягваюць будаўніцтва ў забруджаных раёнах, транжыраць міжнародную гуманітарную дапамогу. Дадам, што гэтая рэзалюцыя (як і іншыя матэрыялы нарады) разглядалася пасля на пасяджэнні ў ААН і зрабіла моцнае ўражанне.