Выбрать главу

Трэцi падыход – юрыдычны. Ён грунтуецца на ведах, атрыманых ад першых двух разгледжаных накiрункаў, i ставiць сабе за мэту распрацоўку сiстэмы мiжнароднага права па праблеме Суду “НБ-2”. Юрыдычныя мiжнародныя законы і правiлы павiнны быць распрацаваны перш за ўсё. Толькi потым можна ўсур’ёз гаварыць аб правядзеннi Суду над камунiзмам. Для гэтай мэты павiнны быць прыцягнутыя як iснуючыя мiжнародныя арганiзацыi накшталт ААН, так i створаны новыя, спецыфiчныя, мэта якiх – “падвядзенне юрыдычнай рысы пад усiмi злачыннымi скрыўленнямi чалавечай гiсторыi” (Зварот 1).

Такi быў змест майго выступлення.

У вынiковых дакументах 2-й мiжнароднай нарады МАК “НБ-2” прагучалi заклiкi да стварэння сеткi рэгiянальных камiтэтаў “НБ-2”. Рэзалюцыя N 87 з патрабаваннем максiмальнага спрыяння i падтрымкi працы па падрыхтоўцы Суду над камунiзмам была накiравана ў ААН, прэзiдэнту Польшчы Валенсе i прымасу Польшчы Глембу. Месцам дыслакацыi МАК з’яўляецца Швейцарыя.

Такiм чынам, у 1993 і 1994 гадах былі створаныя два фактычна незалежныя мiжнародныя камiтэты “Нюрнберг-2”: першы з дыслакацыяй у Расii, другi ў Швейцарыi. Можна сказаць: Усходнi i Заходнi аргкамiтэты. У абодва МАК уваходзiць Беларусь. Само сабой выспявае пытанне: цi не час аб’яднаць два камiтэты ў адзiн? I менавiта Беларусь павiнна ўзяць на сябе гэтую роль. Зноў тут як бы спрацоўвае геапалiтычны фактар.

Беларусь больш за iншыя краiны пацярпела ад фашыстаў падчас 2-й сусветнай вайны. Цяпер, як вядома, Беларусь – запаведнiк камунiзму. Цi не наканавана ёй узяць на сябе крыж у барацьбе з яшчэ большым злом, чым фашызм – камунiзмам?

Я спадзяюся, што наступны з’езд аб’яднанага МАК “Нюрнберг-2” адбудзецца менавiта ў нас, у сталiцы Беларусi – Мінску.

(«Пагоня», 9–15 верасня 1994 г.)

8. ЦІ МОЖНА СУДЗІЦЬ КАМУНІСТЫЧНУЮ ІДЭЯЛОГІЮ?

Кволыя парасткі дэмакратыі на Беларусі пачалі імкліва затухаць з устанаўленнем аўтарытарнага рэжыму А.Лукашэнкі. Духоўна апустошаны народ, які ніколі не ведаў самастойнасці і свабоды, выхаваны ў грамадстве “развитого социализма”, не прыняў шляху да дэмакратыі і дзяржаўнай незалежасці. Настальгія па часах Брэжнева, а для старэйшага пакалення і Сталіна, стала кіруючым рычагом для большасці беларусаў і яны падтрымалі таго, хто ім быў бліжэй. Лукашэнка быў свой чалавек: і мова “свая” – трасянка, і выхадзец, як і большасць з нас – з вёскі, і змагар з карупцыяй, хаця яму і “мешают”. Прэзідэнт паабяцаў людзям, што савецкі сацыялізм можна вярнуць, а магутную дзяржаву СССР – адрадзіць.

І народ як бы і забыўся аб сваім страшным мінулым, як бы і не было ў нас мільёнаў рэпрасаваных у 30-я – 40-я гады, не было штучна ўтворанага голаду на Украіне, не было Курапат...

Назад у 60-я гады! Нам не патрэбен ні нацыянальны сцяг, ні матчына мова – нам патрэбна танная кілбаса ды гарэлка! І мала хто з такіх людзей задумваўся, што шляху назад ужо няма, як няма і “единого и нерушимого” Савецкага Саюза. Камуністы пакінулі абяскроўленую рэсурсамі зямлю, пяскі і пустыню на месцах былых балот Палесся, ну і яшчэ беларускі народ – людзей, даўно забыўшых Бога і ягоныя запаведзі. Будучыя пакаленні нам не даруюць такой спадчыны. І кожны з нас адказны перад нашымі дзяцьмі і ўнукамі.

Гэты артыкул напісаны з мэтай аднаўлення працы па выкрыццю наступстваў камуністычнага рэжыму ў СССР, якая пачалася пасля вядомых падзей 1991-га года вялася і вядзецца ў большасці посткамуністычных краін, што сталі на шлях прагрэсу. Мы павінны асудзіць камуністычны рэжым і яго ідэалогію, паставіць крыж на ім назаўсёды. І неабходна юрыдычна замацаваць у законадаўствах розных краін немагчымасць аднаўлення камуністычнага рэжыму.

Спачатку хацелася б зазірнуць у нядаўнюю гісторыю антыкамуністычнага руху.

У 1992 годзе – у час крызісу камуністычнай партыі і станаўлення дэмакратыі, у Мінску быў створаны аргкамітэт па Суду над камунізмам “Нюрнберг-2”. У газеце “Свабода” за подпісамі лідэраў вядучых партый і іншых грамадскіх арганізацый быў надрукованы зварот да грамадства з прызывам прыняць удзел у арганізацыі Суду над камунізмам і былі акрэслены асноўныя задачы такога Суду. У якасці адной з галоўнейшых задач будучага Суду ў звароце прапаноўвалася прызнаць злачыннай камуністычную ідэалогію. І калі прызнаць гэта як факт, то неабходзен і канкрэтны вынік гэтага прызнання – Суд над злачынствам, імя якому – “камуністычная ідэалогія”. Таму вельмі важным з’яўляецца таксама юрыдычнае замацаванне ў заканадаўствах розных краін забароны прапаганды вучэння аб дыктатуры пралетарыяту і класавай нянавісці – важнай састаўной часткі марксісцка-ленінскай тэорыі.