Зразумела, што карысць ад такога кроку была б вялікая, бо гістарычныя шляхі народаў, на жаль, мала грунтуюцца на памылках іх папярэднікаў. І мы маем перыядычны паўтор папярэдніх скрыўленняў чалавечай гісторыі. Але Бог стварыў чалавека не так ужо і безнадзейна грахоўнай істотай. Ён даў яму свабоду выбару паміж Дабром і Злом. І надыдзе час, калі чалавек будучага будзе правільна карыстацца прадстаўленай яму свабодай.
Пастаўленая праблема, аднак, мае вельмі істотную цяжкасць. Яна ў тым, што патрэбен нейкі крытэрый злачыннасці камунізму. І хто будзе суддзёй?
Нездарма пасля маёй паездкі ў 1993 годзе ў г. Уладзімір на ўстаноўчы з’езд Міжнароднага камітэту Суду над камунізмам “Нюрнберг-2” камуністычныя ідэолагі з вялікім абурэннем пачалі лямантаваць – як гэта можна судзіць(!) вялікае вучэнне Маркса-Леніна-Сталіна і крытыкаваць іх кармушку – камуністычны рэжым.
К 1993 году яны ўжо дастаткова акрыялі пасля, на жаль, несмяротнага ўдару 1991 года. Яны без кроплі слязы папалілі свае партбілеты і павыходзілі з КПСС, калі зразумелі, што ім нічога страшнага не пагражае. І маючы магутную мафіёзную сетку “сваіх людзей” на тэрыторыі ўсяго былога СССР, камуністы зразумелі і не без падстаў, што можна добра жыць і без білетаў. К 90-м гадам ХХ-га стагоддзя на вялізным абшары Зямлі – у Савецкім Саюзе была ўтворана новая папуляцыя людзей – “гомо советыкус”. Дык вось, гэты “гомо советыкус” са сваім авангардам КПСС, відавочна, адна з самых, калі не самая унікальная з’ява за ўсю гісторыю чалавецтва. Вонкава будаўнікі камунізму выглядалі даволі прыстойна. І ідэалогія іх быццам бы высокародная і чыстая. А на ХХ з’ездзе КПСС быў нават прыняты эпахальны дакумент – “Маральны кодэкс будаўніка камунізму”. За аснову, праўда, былі ўзяты галоўныя хрысціянскія ісціны, выкладзеныя ў Новым Запавеце, аднак яны выдаваліся камуністамі за свае.
Але не ў тым справа, дзе ўзялі камуністы свае ідэі для свайго кодэксу. Уся жудасць, увесь цынізм у тым, што яны жылі і жывуць па адваротнай маралі. Ім удалося стварыць грамадства з антыхрысціяскімі запаведзямі, стварыць аазіс сатанізму на Зямлі. Усе дзесяць Божых запаведзей былі не проста растаптаны, іх антытэзы сталі як бы кіраўніцтвам у жыцці савецкага чалавека.
Такі прыклад. У наш быт трывала ўвайшла пагаворка: “Каб мы жылі ў радасці і шчасці – трэба красці, красці, красці”. І кралі. Усе. Ад нізу да самага верху савецкай грамадскай лесвіцы. (Антытэза восьмай запаведзі – "Не крадзі"). З’явіўся і свой камуністычны праклён “Каб ты жыў на адну зарплату!”
Глянем, аднак, на запаведзі па парадку.
Першыя тры запаведзі тычацца адносін чалавека з Богам: 1) “Аз есмь Господь Бог твой”, 2) “Не сотвори себе кумира”, 3) “Не приемли имени Господа Бога твоего в суе”. Тут камуністы дзейнічалі вельмі проста – яны наогул адверглі Бога. І не проста адверглі, а замацавалі гэта на практыцы. Яны пазабівалі вялікае мноства святароў, а ўцалелых раскідалі па лагерах. Храмы былі ці знішчаныя, ці ператвораныя ў канюшні. Сотні каштоўных кніг і ікон былі спаленыя і вывезены за мяжу. Сатана правіў баль на тэрыторыі былой Расійскай імперыі.
Запаведзь 4: “Помни день суботний, еже светити его.” Як вядома, старазапаветны дзень субота ў хрысціян заменены нядзеляй. Таму гэтая запаведзь азначае шанаванне нядзелі. А што было ў СССР? Да цяперашняга часу існавала і існуе практыка пераносу на выхадныя працоўных дзён – каб “больш пагуляць у іншыя дні”. У народнай творчасці гэта адлюстравана вершаваным спосабам: “Спасибо партии родной за доброту и ласку, что отобрала выходной и обос..ла Пасху”.
Запаведзь 5: “Чти отца твоего и матерь твою, да благо ти будет, и долголетен будешь на земли”. Ужо на пачатку свайго “победоносного пути” бальшавікі зламалі старажытны звычай шанавання бацькоў. Успомнім славутага Паўліка Марозава. Ён стаў героем і прыкладам для дзяцей за тое, што прадаў свайго бацьку! Дзеці здавалі сваіх бацькоў у ГПУ, а бацькі адракаліся ад сваіх дзяцей. А к моманту канчатковага сфармавання папуляцыі “гомо советыкус”– 70-м – 90-м гадам нікога ўжо не дзівілі шматлікія паведамленні ў газетах і часопісах аб згвалтаванні бацькам сваёй дачкі, ці аб забойстве сынам маці за тое, што не дала грошай на бутэльку.