Запаведзь 6: “Не убий”.
Па колькасці забітых камуністамі людзей гісторыя не ведае аналагаў. На іх рахунку каля 130 млн. забітых. Гэта адбывалася ў розных формах: рэпрэсіі, войны, голад і іншых. Найвялікшая каштоўнасць – чалавечае жыццё ператварылася для бальшавікаў і іх спадкаемцаў-камуністаў у нішто. Стрэл у патыліцу для супрацоўнікаў НКУС стаў такой жа звычайнай справай, як і прыём ежы, ці наведванне прыбіральні. Нават у наш час нашым беларускім “ваякам” нічога не каштавала збіць двух амерыканскіх спартсменаў, якія праляталі па Беларусі на паветраным шары. І гэта з толькі з той нагоды – “каб чаго не выйшла”! Наша зямля ўсеяна касцьмі забітых і не пахаваных пад часы рэпрэсій людзей. Усё больш і больш адкрываецца на Беларусі і тэрыторыі ўсяго былога СССР такіх месцаў, як Курапаты. Але калі ў Расіі і іншых былых рэспубліках СССР адкрыта вядуць размову аб савецкіх лагерах, шануюць і рэалібітуюць бязвінна забітых людзей, то беларускія камуністы – былыя і новыя – маюць нахабства адмаўляць факты рэпрэсій і змяшчаць у прэсе лжывыя артыкулы аб тым, што быццам бы растрэлы ў Курапатах справа не НКУС, а фашыстаў. З далёкіх ЗША, Польшчы і іншых краін едуць людзі ва ўрочышча Курапаты, каб аддаць даніну памяці сваім загінуўшым родзічам і не тое што сваім, а магчыма – сваім. Яны ўсталёўваюць памятныя камяні, крыжы, кладуць кветкі. І толькі ўрад Беларусі нічым не шануе і не хоча шанаваць памяць тых, хто ляжыць не пахаваным у лясным урочышчы – у цэнтры Беларусі, пад Мінскам. Да гэтага часу, акрамя крыжа пастаўленага Беларускім народным фронтам, там няма нічога, што сведчыла б аб шанаванні беларусамі сваіх продкаў, сярод якіх нямала радні у цяперашнім пакаленні. Усе праекты мемарыяльнага комплексу існуюць толькі на паперы, а ў лясным масіве Курапаты штогод збіраюцца на Раданіцу і Дзяды толькі прадстаўнікі дэмакратычных арганізацый, ды тыя, хто выжыў пасля рэпрэсій, ці іх радня.
А пакуль марадзёры працягваюць руйнаваць магілы, а 120-ці тысячны міліцэйскі апарат абмінае гэтае месца, каб захаваць імпэт для барацьбы з мітынгоўшчыкамі і лепшай часткай беларускай моладзі.
Аб усіх злачынствах камуністаў сказаць не магчыма і не мая задача рабіць гэта ў адным артыкуле. Ёсць шмат грунтоўных артыкулаў і кніг. І калі я не ўстрымаўся ад згадвання жаху Курапатаў, дык толькі таму, што на Дзяды-97 быў там і ўвачавідкі бачыў зруйнаваныя магілы і змог параўнаць цяперашні стан курапацкіх захаванняў з іх станам пад час першых Дзядоў-88, калі людзей разагнала міліцыя.
Але пойдзем далей.
Запаведзь 7: “Не прелюбы сотвори”.
Аб амаральных якасцях савецкіх кіраўнікоў усялякіх рангаў напісаны кнігі. Гэтая амаральнасць бярэ свой пачатак з бальшавіка N 1 – самога Леніна. Ёсць меркаванне, што і хваробу сваю ён атрымаў у парыжскіх бардэлях (па сцвярджэнню Зянона Пазьняка). Шмат напісана аб сексуальных нахільнасцях Лаўрэнція Берыі, апоры Сталіна ў ажыццяўленні мясарубкі Гулага. І наогул апісанне загарадных “банек” партыйных работнікаў з іх абавязковымі "коньячком" і "девочками" трывала ўвайшло ў рэпертуар кінематографа і ў сусветную літаратуру.
Пра Запаведзь 8 мы ўжо гаварылі.
Запаведзь 9: “Не послушествуй на друга твоего свидетельства ложна”.
Практыка выбівання патрэбных паказанняў у славутай арганізацыі жалезнага Фелікса дасягнула свайго апагея ўжо ў 30-я гады. Для таго, каб была нейкая віднасць справядлівасці арышту і наступнага асуджэння, патрэбны былі па закону сведкі “антысавецкай” ці “шпіёнскай” дзейнасці падазраваемага чалавека. І яны заўсёды знаходзіліся. “Ворагамі народа” ў часы культу асобы Сталіна стаў, фактычна, увесь савецкі народ. Не краіна, а адны ворагі. У наш час даносы на блізкіх прынялі форму “стукацтва”. “Стукачы” існававлі , ды і існуюць цяпер у любой арганізацыі. Вынікам іх “працы” з`яўляецца ачыстка арганізацыі ад найбольш актыўных, сумленных і разумных людзей і акружэнне начальства “нужными” людзьмі, здольнымі прадаць каго хочаш, але да часу патрэбнымі.
І, нарэшце, – Запаведзь 10: “Не пожелай жены искреняго твоего не пожелай дому ближнего твоего, ни села его, ни раба его, ни рабыни его, ни вола его, ни осла его, ни всякого скота его, ни всего елика суть ближняго твоего”.
З гэтай запаведдзю бальшавікі пачалі змагацца з 1917 года. Пра жонак можна сказаць шмат, але я толькі ўспомню таго ж Берыю, які не прапускаў ні адной жонкі сваіх падначаленых. Рабаўніцтва ў маштабах дзяржавы, ажыціўлёнае бальшавікамі, атрымала вучоную назву – “экспрапрыяцыя”. Усё накопленае гадамі людзьмі адбіралася без разбору. Фабрыкі, заводы, дробныя прадпрыемствы – усё шло падчыстую ў рукі неадукаванай масы ачмурэлай ад улады чэрні. Самыя працавітыя і заможныя сяляне атрымалі назву – “кулакі” і выкарыстоўвалі свой вопыт не на сяле, а на сібірскіх рудніках.