Выбрать главу

Рабаўніцтва простых людзей дзяржавай глубока ўрасло ў камуністычную сістэму, стала амаль нормай. Яно працягваецца і ў наш час, прыняўшы форму шматлікіх падаткаў, сталага росту цэн і іншых завуаляваных форм.

Вось што зрабілі камуністы з Божымі запаведзямі. Вось вам “Маральны кодэкс будаўніка камунізму” на справе.

Самае агіднае што пакінула ад сябе савецкая сістэма, – гэта здольнасць рабіць усё светлае, добрае – цёмным і дрэнным, а тое, што ва ўсім свеце паважаецца і з`яўляецца вялікай каштоўнасцю, для камуністаў – вялікае зло і праклён.

Ідэёлагі камунізму выпрацавалі з гадамі адметны стыль у сваіх тэарэтычных “трудах”. Гэты стыль выдатна адлюстраваны ў вялізнай масе опусаў, напісаных савецкімі пісьменнікам і філосафамі, партыйнымі сакратарамі і іншымі савецкімі дзеячамі. Пачынаючы з Леніна, мы маем цэлую плеяду “класікаў” – Сталін, Брэжнеў, Гарбачоў...

Пасля таго, як адбыліся два ўстаноўчыя з’езды МАК па Суду над камунізмам “Нюрнберг-2” (пра іх гаварылася вышэй), я даў некалькі інтэрв’ю, адно з якіх таксама прыводзілася (артыкул № 5).

Дык вось, на гэтае, зусім невялічкае інтэрв’ю ў "СБ", як гнеўная рэакцыя “трудового народа”, газета “Мы и время” (N 13, 1993 г.) змясціла знішчальны артыкул прафесара Івана Кучарава пад красамоўнай назвай “Мозги набекрень”.

Як лёгка здагадацца, меліся на ўвазе мае мазгі. Артыкул наогул быў вытрыманы ў вельмі выдатным стылі эпохі Леніна – Сталіна – Брэжнева. Возьмем сам пачатак: “Вожак радикального крыла белорусских нацдемов Анатолий Астапенко возвратясь со сборища своих единомышленников из Росси, Украины, Литвы, Эстонии, Польши и Румынии дал интервью...”. Перлы падкрэслены мною. Аказваецца, лідэр партыі (на той час я быў старшынёй РК НДПБ) для прафесара-камуніста І.Кучарава – гэта “вожак”, а з’езд дэмакратаў МАК – “сборище”. Па сутнасці, такі жаргон ужо абразлівы, але далей болей: “Согласно биологическим законам у особей с врождённой злобностью происходит самоотравление организма, а мозги сдвигаются набекрень.” Чулі пра такія законы? Не? Я таксама. І мяркую ніхто на свеце. Відаць, прафесар “марксистко-ленинского учения” іх сам адкрыў. І як канкрэтны прыклад такой “особи” прафесар прапанаваў “вожака” Астапенку. Можна было б падаць і ў суд на спадара Кучарава за абразу. Але ягоны лёс склаўся так, што пытанне адпала само сабой. Праз некаторы час пасля гэтай публікацыі па прыезду ў Вільню прафесар быў арыштаваны за спробу дзяржаўнага перавароту ў Літве. (І.Кучараў быў да 1991 г. ускладзе ЦК КП Літвы і браў непасрэдны ўдзел у падзеях крывавай ночы ў Вільні 13 студзеня 1991 года). Адсядзеўшы за кратамі некалькі гадоў у Віленскай вязніцы, праф. І.Кучараў быў з дапамогай мінскіх камуністаў выпушчаны. Пад час адсідкі беларускія камуністы паспелі скласці яму імідж ледзь не героя – душы нявінна забітых людзей, што ляжалі на яго сумленні, не лічацца – як заўсёды ў камуністаў. Але нечакана І.Кучараў памірае і цяпер аб ім ужо не гавораць.

Дык вось, пра “Мозги набекрень”. Больш за ўсё аўтара артыкула абурыла тое, што ў сваім інтэрв’ю “СБ” я выказаўся за неабходнасць Суду над камуністычнай ідэалогіяй. Сама пастаноўка пытання настолькі ўзбясіла прафесара, што ён, відаць, у выніку і выдаў перл аб “особи со враждённой злобностью”. Прафесар бліскуча даказвае, што ён дасканала авалодаў мастэрствам дэмагогіі і псеўданавуковай мудрагелістасці.

Спачатку даецца азначэнне ідэалогіі. Потым ужо ідзе марксісцкая тыпалогія ідэялогій: міфічная, рэлігійная і навуковая. Лёгка бачыць што першыя два тыпы – гэта, фактычна, адзін і той жа тып. Ну, а навуковая ідэалогія, вядома, тая, якая грунтуецца на матэрыялізме, бо “марксизм-ленинизм единственно правильная идеология”. Як у дзіцячых вучылках: “Что такое хорошо и что такое плохо?” Дык ведайце людзі – ідэалізм – гэта дрэнна, а матэрыялізм – добра. Калі не верыце, спытайце ў любога камуніста. У артыкуле І.Кучарава мы чытаем: "Коммунистическая идеология – часть общественной научной идеологии“. Бачыце, як жа можна гаварыць пра нейкі там “Суд над камуністычнай ідэалогіяй”, калі яна самая навуковая, самая прагрэсіўная. Праўда, у артыкуле, зусім у рэчышчы папярэдняй гаворкі, сказана, што вытокі сацыялізму “уходят к проповедям Иисуса Назаретянина (Христа)”. Цікава, між іншым, чаму прафесар не пісаў, як прынята ва ўсім свеце, імя Спасіцеля – Ісус Хрыстос? Партыйныя “ориетировки” не дазволілі?.