Выбрать главу

Адносна вытокаў сацыялізму з хрысціянства мы ужо гаварылі і ведаем, што зрабілі камуністы з вучэння Хрыста. Вылучым цяпер галоўнае, што сапраўды адрознівае камуністычную ідэалогію ад любой іншай і збліжае яе з фашысцкай. Гэта – вучэнне аб класавай нянавісці (у фашыстаў расавай – А.А.) і аб дыктататуры пралетарыята ( у фашыстаў “белакурая бестыя”, блакітная кроў – А.А.). Вось тут і ёсць корань уседазволенасці, вытокі братазабойчай вайны, рэпрэсій. Разам са здзекам над Божымі запавядзямі гэта і прывяло да трыумфа сатанізму на значнай частцы зямнога шара.

Аўтар “Мазгоў”, аднак, падводзіць чытача да справядлівага пытання: што азначае судзіць камуністычную ідэалогію? І сам “адказвае”; “Судить объективные законы природы, общества, мышления и духа , судить человеческие знания, описывающие эти знания, судить людей – носителей знаний...” і г.д. – адным словам, нельга судзіць, як жа гэта так, дадам ад сябе, судзіць, напрыклад, закон Кулона?

Тут мы бачым тыповы прыём дэмагогіі. Які ж гэта закон прыроды – рашэнні славутай сталінскай тройкі? Ці канібалізм у галадаючай Украіне 30-х гадоў? І не чалавечыя веды і аб’ектыўныя законы ператварылі мільёны людзей у манкуртаў, людзей без роду і племені, маючай назву “советский народ”, у цэлыя народы стукачоў і баязлівых згоднікаў. Уся віна ў гэтым кладзецца толькі на бальшавікоў і наступныя пакаленні камуністаў.

Так атрымалася, што ўся нашая гісторыя пачынаючы з 1917 года ўяўляе сабой старашэнны ўрок таго, да чаго прыводзіць адступленне ад Бога, ад Божых запаведзей, паказвае ўсю пачварную сілу “князя мира сего” – Люцыфера, замяніўшага Хрыста ў жыцці многіх людзей, народаў, краін. Не аб’ектыўныя законы прыроды тое, што тварылася амаль усё ХХ стагоддзе ў СССР і краінах, залежных ад яго. Трэба асэнсаваць, што ж у нас адбылося і зрабіць так, каб паўтарэння гэтаму ніколі не было. Трэба зразумець, што пабудова сацыялізму і камунізму ў Савецкім Саюзе, краінах Усходняй Еўропы, Азіі – гэта жудасная памылка нашага выбару паміж Дабром і Злом, гэта і ёсць злачыннае скрыўленне шляхоў гісторыі і вялікі ўрок для будучых пакаленняў. І каб не паўтаралася больш такая памылка і патрэбен Суд над камуністычнай ідэалогіяй, які б забараніў прапаганду яе назаўсёды. Суд менавіта над ідэалогіяй – бо яна ляжала ў аснове ўсіх камуністычных злачынстваў. Яна апраўдывала і абгрунтоўвала кожнае злачыства па ўсёй прасторы камуністычных краін. І гэта пачалося яшчэ ад Леніна, што адлюстравана ў ягоных крылатых выразах накшталт: “…Поощрять энергию и массовидность террора.. Расширить применение расстрела ко всем видам деятельности большевиков, с-р. и т.п. и т.д.“, працягвалася і ў эпоху “развитого социализма” з яе БАМам – цяпер выміраючай чыгункай, працягвалася і ў часы Андропава з таннай гарэлкай па 4 р. 70 кап. і з беспардоннай міліцэйскай праверкай дакументаў у перапалоханых гледачоў кінафільма дзённага сеансу.

Сур’ёзная праблема вось у чым. Дзеля абгрунтавання ідэі Суду над камуністычнай ідэалогіяй неабходна разгледзець такое пытанне: па якіх крытэрыях тую ці іншую ідэялогію трэба адносіць да злачыннай? Адным з такіх крытэрыяў мог бы быць крытэрый таталітарнасці рэжыму. Гэты рэжым адказны за шматлікія фізічныя ахвяры, а таксама і духоўныя. Духоўная дэградацыя грамадства – адна з галоўных прыкмет савецкага грамадства. Прычым, духоўная смерць шмат страшней за фізічную. Вынікам камуністычнага вар’яцтва з’яўляецца не толькі скрыўленне гісторыі, а і ўтварэнне новай жахлівай, нялюдскай мутацыі чалавека. Гома советыкус і ёсць прыклад такой мутацыі. І яшчэ невядома, чым жа скончыцца гэты цяперашні мутацыйны перыяд. Ёсць вялікая небяспека вяртання назад – у настальгічны сацыялізм, але вяртанне на новым вітку дыялектычнай спіралі, і гэта можа прывесці чалавецтва, нават, да пагібелі.

Таму Суд над камунізмам патрэбен. І Суд над камуністычнай ідэалогіяй у першую чаргу. На гэтым Судзе мы павінны даць патрэбную адзнаку гэтай ідэалогіі, акрэсліць яе назаўсёды як антычалавечую, канібальскую ідэялогію. Трэба каб пасля Суду, слова “камунізм”, як і слова “фашызм”, было аднолькава агідным для людзей. Мы не можам забараніць людзям верыць у тое, ці гэтае. Але трэба, каб грамадства ведала, што прыхільнасць да камунізму – тое самае, што і прыхільнасць да сатанізму. У любым грамадстве, напрыклад, ёсць невялікая колькасць сексуальных маньякаў, але ж мы іх стараемся ізаляваць ад людзей.

Так і тут. Фашызм і камунізм, як анармальныя з’явы, будуць дзе-нідзе праяўляцца, аднак мы павінны ўмець лячыць грамадства ад гэтых праяў.

Суд над камунізмам “Нюрнберг-2”, на мой погляд, будзе скіраваны найперш на асуджэнне камуністычнай ідэалогіі. Фізічныя асобы, як і камуністычныя структуры, з’явы часовыя. Яны могуць панесці пакаранне і пытанне будзе закрытае. Ідэалогія ж – гэта з’ява надчасовая. Адным ударам яе не знішчыць. Спатрэбяцца многія годы, дзесяцігоддзі. А магчыма і сотні гадоў, каб слова “камунізм” увайшло ў свядомасць людзей – больш таго, іх мянтальнасць, як амаральнае, агіднае слова, слова, за якім адчуваецца подых апраметнай.