ЧАСТКА ІІ
Уступ да другой часткі
Там нашыя песні, там наша багацце
Там жытняе мора, там магілы дзядоў.
І родныя хаты, і людзі як брацці,
І казкі, і слава мінулых часоў.
Нямнога на Зямлі такіх шматпакутных і гераічных краін, як Беларусь. Гісторыя яе настолькі трагічная, што прыходзіцца здзіўляцца, як нашая дзяржава магла наогул захавацца на працягу цэлага тысячагоддзя. Сапраўды, Беларусі – тысяча гадоў! У часы Кіеўскай Русі нашыя продкі прайшлі шлях дзяржаўнага фармавання славянскіх плямёнаў крывічаў у магутнае Полацкае княства. У часы Вялікага княства Літоўскага Беларусь складала яго ядро. І ў ХIII – XVI стагоддзях нашы продкі, якія зваліся тады русінамі, а пазней ліцьвінамі, былі выдатнымі, таленавітымі людзьмі, якія стварылі першыя друкаваныя кнігі, пабудавалі велічныя храмы, магутныя крэпасці і замкі. Аднак наша зямля нарадзіла таксама і такіх людзей, што сталі гонарам іншых народаў: такіх, як польскі паэт Адам Міцкевіч, рускі пісьменнік Фёдар Дастаеўскі, амерыканскі кампазітар Ігар Стравінскі і г.д.
Сярод славянскіх народаў беларусы займаюць адно з самых ганаровых і паважаных месцаў. І, нават, згубіўшы дзяржаўную незалежнасць пад час расійскай акупацыі Рэчы Паспалітай у канцы ХVIII-га стагоддзя , Беларусь здолела захаваць сваю адметнасць, што дазволіла пасля рэвалюцыі 1917 года стварыць БССР, а ў 1991-м годзе – незалежную дзяржаву Рэспубліку Беларусь.
Сучасная Беларусь – еўрапейская краіна, адносна невялікіх памераў, з 10 мільённым насельніцтвам, большасць якога (79%) беларусы. Краіна з багатымі лясамі, азёрамі і рэкамі, якую, нават, празвалі "беларускай Швейцарыяй". Як і ўсе посткамуністычныя краіны былога СССР, Беларусь падыходзіць к трэцяму тысячагоддзю нашай эры ў стане цяжкага крызісу – як палітычнага, так і эканамічнага. З адносна багатай тэрыторыі СССР Беларусь літаральна за некалькі гадоў ператварылася ў самую адсталую рэпубліку былога Саюза.
Але нават не цяжкае эканамічнае становішча – самая адметная беларуская рыса. Найбольш прыкметнай асаблівасцю нашай рэспублікі з'яўляюцца надзіва пагардлівыя адносіны да сваёй роднай мовы. Хіба ёсць яшчэ такая краіна, дзе б так не паважалі мову карэннай і колькасна найбольшай нацыі! Нягледзячы на тое, што беларуская мова адна з старажытных славянскіх моў, яна менш за іншыя мовы паддалася ўплыву часу. Яшчэ ў мінулым стагоддзі выдатны пісьменнік Уладзіслаў Сыракомля казаў пра нашу мову: "Цудоўнае гэта адгалінаванне славянскай мовы – крывіцкі дыялект!" Уся трагедыя ў тым, што тое "цудоўнае адгалінаванне" знаходзіцца цяпер у стадыі вымірання. Калі такое, як зараз, становішча з беларускай мовай працягнецца яшчэ некалькі гадоў (можа дастаткова і дзесятка), то яна знікне наогул. Цынічная палітыка ўрада адносна "дэмакратыі" навучання і выкарыстання беларускай мовы вядзе яе да вельмі хуткага знікнення. А са знікненнем мовы – знікае народ.
Моўнае пытанне, аднак, не самая галоўная складаючая ўсяго працэсу гібелі беларусаў, як нацыі. Яно з'яўляецца, па сутнасці, другасным прадуктам агульнага абыякавага стаўлення беларусаў да саміх сабе.
Дзяржаўнай незалежнасці беларусы не дабіваліся, як, напрыклад, чэчэнцы, ці эстонцы. Яна з'явілася для іх нечакана, звалілася як снег на галаву і да гэтага часу мала хто нават і на дзяржаўным узроўні ведае, што з ёй рабіць. Мы, беларусы, не ўяўляем сабе жыцця без Расіі (каму не вядомае крылатае – "без России нам не выжить"), мы абсалютна не ведаем сваёй гісторыі, у нас няма адчування нацыянальнай годнасці , у нас няма гонару за сваю нацыю, за яе лёс, за яе будучыню.
Нацыянальны нігілізм – рыса вельмі характэрная для сучаснага беларуса. Каб яе апраўдаць, даць нейкае новае абгрунтаванне ёй, як асаблівай рысы характару беларусаў, быў уведзены і распаўсюджаны тэзіс аб нацыянальнай асаблівасці беларусаў – іх талерантнасці. З абвяржэння сапраўднасці гэтага сцвярджэння, вельмі распаўсюджанага міфа, і пачынаецца кніга.