З цягам часу асэнсаванне сутнасці нацыяналнай дэмакратыі рабілася для мяне ўсё больш поўным. Асабліва істотным было пераадоленне псіхалагічнага бар’еру страху перад словам нацыяналізм, што застаўся ў кожнага з нас ад бальшавіцкай прапаганды. Паступова фармаваўся пэўны падыход да нацыянальнай праблемы, сутнасць якога ў нацыяналізме. Шлях да рэабілітацыі і далейшай крышталізацыі нацыяналізму для самога мяне не быў такім і простым. Прышлося адкінуць шэраг стэрэатыпаў мыслення, уласцівых нашаму посткамуністычнаму чалавеку, у тым ліку і мне, пакуль не стала ясна, што нацыяналізм – гэта самая гуманная і самая неабходная рыса чалавека як грамадзяніна сваёй краіны і грамадзяніна сусвету.
Усе гэтыя акалічнасці і прывялі мяне да думкі стварэння кнігі, у якой была б паказана гісторыя ўзнікнення і развіцця нацыянальнага і дэмакратычнага руху на Беларусі, дадзена філасофска-рэлігійнае асэнсаванне нацыяналізму, адлюстраваны погляды праціўнікаў беларускага адраджэння. Таксама ў кнігу уключаны раздзел прысвечаны мала вядомай нашаму чытачу тэме – Суду над злачынствамі камунізма “Нюрнберг-2”. У падрыхтоўцы гэтай будучай акцыі я непасрэдна ўдзельнічаў у якасці дэлегата ад Беларусі на міжнародных з’ездах МАК (Міжнароднага арганізацыйнага камітэту) “Нюрнберг-2” ва Уладзіміры (Расія) і ў Варшаве (Польша).
Такім быў першапачатковы план кнігі. І к 1994 году матэрыялы і артыкулы, прысвечаныя гісторыі станаўлення нацыянальнай дэмакратыі 90-х гадоў, былі сабраныя. Але за час працы над кнігай палітычная сітуацыя істотна змянялася. Адбылася эвалюцыя і ў маіх поглядах на сутнасць нацыянальнай дэмакратыі, як парадыгмы ідэалагічнага кшталту.
У 1991 – 1992-х гадах я шмат думаў аб гэтым, напісаў шэраг артыкулаў аб сутнасці нацыянальнай дэмакратыі (“Дзве тэзы аб нацыянальнай дэмакратыі”, газета”Выбар” ад 18.02.1992, “Беларуская крыніца”, сакавік 1992 г. і іншыя).
І чым больш я засяроджваўся на асэнсаванні філасофіі нацыянальнай дэмакратыі, тым менш разумеў гэтае спалучэнне не зусім стасуемых паміж сабой катэгорый. Адна справа гаварыць аб нацыянальна-дэмакратычным руху ў Беларусі 20-х гадоў, а другая справа – філасофскае абгрунтаванне гэтай ідэі.
Паступова я прыйшоў да высновы, што лібералізм вядзе да дэвальвацыі нацыянальнага. Я пачаў разумець, што нацыянальная ідэя і дэмакратыя – паняцці рознапланавыя, і іх нельга разглядваць адначасна. І спалучэнне “нацыянальная-дэмакратыя”, па-сутнасці, супярэчлівае [1]. Вось гэтыя абставіны і прывялі да стварэння ў 1994-м годзе новай партыі – Беларускай нацыянальнай партыі (БНП). Тэарэтычнай платформай БНП стала тэорыя нацыяналізму. Я прыйшоў да аргументаванага разумення нацыяналізму, як станоўчай, прагрэсіўнай з’явы. Паралельна з працай па практычнаму стварэнню БНП, я напісаў некалькі артыкулаў пра нацыяналізм наогул, а таксама пра яго сувязь з хрысціянствам. Менавіта гэтыя пошукі склалі другую, філасофскую частку кнігі і вымусілі адсунуць на задні план папярэднія мае задумы.
Папярэдняя назва кнігі – "Паслухайце нацыяналіста" была навеяна дыскусіяй, што адбылася на старонках “Советской Белоруссии” ў 1992 г. У той час амаль уся прэса, радыё і тэлебачанне імкнуліся прадаставіць месца і час для асвятлення новых плыняў у палітыцы, азнаямлення з мэтамі і задачамі палітычных партыяў і рухаў. Мне пашчасціла даць інтэрв’ю ў некаторых рэспубліканскіх выданнях, у тым ліку і “Советской Белоруссии”. Пасля ўзнікла дыскусія, і ў рэшце рэшт у "СБ" з'явіўся мой артыкул пад назвай "Паслухайце "нацыяналіста". Гэта і паслужыла штуршком для напісання кнігі з такой назвай. Аднак з цягам часу мае пошукі далі значны плён у плане тэарэтычных распрацовак агульнай праблемы існавання беларускай нацыі і гэтая назва захавалася толькі за раздзелам кнігі.
Другі раздзел прысвечаны міжнародным нарадам, маючым выдатную назву: “Нарады заняволеных (па-руску яшчэ лепей – “порабощённых”) народаў Савецкай імперыі”. Гэтыя сустрэчы адбываліся ў 1990 – 1992 гадах. Яны зніклі, як і знік сам Савецкі Саюз, але ў нашай гісторыі яны займаюць належнае месца, адлюстроўваючы непаўторную атмасферу, уласцівую толькі тым гадам, толькі таму кароценькаму перыяду пераўтварэння таталітарнай дзяржавы СССР у шэраг незалежных постсавецкіх краін. Кожная з гэтых краін потым пайшла сваім шляхам, у сваёй большасці пазбавіўшыся апекі “великой и неделимой” Расіі.
1
Пазней мне трапілася кніга рускага філосафа і пісьменніка К.Ляонцьева "Избранное", дзе ў артыкулах "Візантызм і славянства", "Племенная политика как орудие всемирной революции" выказваюцца вельмі блізкія думкі. У прыватнасці, К.Ляонцьеў лічыць лібералізм і нацыяналізм процілеглымі паняццямі.