У той жа кнiзе М.Бярдзяева сказаны словы, якiя павiнны стаць класiчнымi: "Национальность не может претендовать на исключительность и универсальность, она допускает другие национальности и вступает с ними в общение. Национальность входит в иерархию ступеней бытия и должна занимать своё определённое место, она иерархически соподчинена человечеству и космосу".
Важнасць i актуальнасць гэтых слоў з асаблiвай сiлай адчуваецца ў наш час. Успамiнаецца наступны выпадак. У 1988 – 1990-х гадах пачаўся працэс развалу савецкай iмперыi, якi характарызаваўся вялiкiм уздымам нацыянальна-вызваленчых рухаў ва ўсiх савецкiх рэспублiках. Паўсюдна вырасталi партыi нацыянальнай арыентацыi i Народныя франты. Аднак, нягледзячы на хаатычнасць i разнастайнасць гэтых рухаў, яна не былi iзаляванымi. Амаль адразу яны ўступiлi ўва ўзаемныя кантакты – "зносiны", як было вышэй сказана. У вынiку такiх кантактаў была створана мiжнародная арганiзацыя – “Кансультацыйная нарада заняволеных народаў Расiйскай iмперыi", пра якую я ўжо распавядаў у пачатку кнігі.
Я зноў узгадаў тыя нарады ў сувязі з праблемай нацыяналізму. Удзельнiкi нарад прадстаўлялi найбольш свядомую частку грамадзян сваiх рэспублiк, тых, каго i можна назваць нацыяналiстамi. Там я, у прыватнасцi, пазнаёмiўся з "класiчнымi" нацыяналiстамi з АУН. Большасць удзельнiкаў прадстаўляла СССР i таму рабочая мова была руская. Але часта гучала i англiйская. Цiкава, што малдаванiн з румынам добра разумелiся i на румынскай i на малдаўскай (гэта, фактычна, адна i тая ж мова). З палякам Войтэкам Стандо я размаўляў па-беларуску, а яму цiкавей было звяртацца да мяне на украiнскай, бо ён яе якраз вывучаў...
Адным словам, моўнай праблемы не было. Затое там уладарыла агульная атмасфера падтрымкi, жадання дапамогi кожнаму ў дасягненнi незалежнасцi яго краiны. У Талiне, пад час зiмовай адлiгi, мы стаялi побач з эстонцамi на барыкадах (тады якраз адбывалiся вядомыя падзеi ў Прыбалтыцы), у Тбiлiсi я разам з Валерам Буйвалам i Валерам Сядовым стаяў пад бел-чырвона-белым сцягам на мiтынгу Нацыянальна-дэмакратычнай партыi Грузii, якi адбываўся акурат насупраць рэзiдэнцыi Звiяда Гамсахурдзii. А ў местачковым горадзе Бурштын (Заходняя Украiна) нядрэнна пілася мясцовае пiва пад сяброўскiя размовы з цудоўнымi жыхарамi-бурштынцамi – скрозь "нацыяналiстамi".
Вось што такое сапраўдны нацыяналiзм.
Рэдка войны памiж народамi ўзнiкалi па вiне нацыяналiстаў. Наадварот, часцей за ўсё iх развязвалi тыя людзi, для якiх не iснавала паняцця нацыi, духоўнасцi, культуры. I не толькi адносна "малога" народа, якi яны заваёўвалi, але i свайго – "вялiкага". Гэта былi тыя палiтыкi, якiя выражалi iнтарэсы "залатога цяльца" – капiтала. Мы ведаем безлiч заваёўчых войн Рымскай iмперыi, потым тое ж паўтарылася ў Вiзантыйскай iмперыi, а пазней мы ўбачым, як карта зямлi перафарбавалася ў колеры, адпавядаючыя то французскiм заваёвам, то iспанскiм, то англiйскiм. Усе гэтыя iмперыi распалiся. Адной з апошніх iмперыяй, што захаваліся на пачатак ХХ стагоддзя, была Расiя. Углядзiцеся ў гiстарычныя карты – ад невялiчкага Маскоўскага княства яе насельнікі пашырылі свае ўладанні да непамернай велiчынi i дасягнулі Цiхага акiяна. Усю гэтую неабсяжную тэрыторыю рускiя саманазвалi Расiяй, – нягледзячы на існаванне карэнных жыхароў – цi то гэта якуты, цi то алтайцы, цi то эвенкi, паглынуўшы сотнi нацый i этнасаў. Затое цяпер Расiя ганарыцца "сваiмi" алмазамi ды нафтай. А паспрабуй не згадзіцца! Да слова, знакамітая Чачня не для ўсіх “бандыцкая” альбо “сепаратыцкая”, для некаторых яна стала нават сiмвалам, прыкладам гераiзму для абароны сваёй свабоды. У сваю чаргу праімперскiя правячыя колы ў хаўрусе з айчынным капiталам не былi б самiмi сабой, каб упусцiць такi важнейшы стратэгiчны i прамысловы аб'ект як Чачня.
Калi для капiтала галоўнае – памножыць гэты капiтал i чхаць яму на мараль i этыку, то для "малых" народаў галоўнае – адстаяць свой гонар i незалежнасць. Iнакш кажучы, з пукту гледжання "малой" краiны, вайна, што вядзецца супраць яе "вялiкай" краiнай, з'яўляецца агрэсiўнай, шавiнiстычнай. І, наадварот, дзеяннi "малой" краiны, накiраваныя на абарону сваёй Айчыны, прадстаўляюцца "вялiкай "краiнай як выступленнi кучкi нацыяналiстаў i тэрарыстаў.
Ёсць i iншая сiтуацыя, якая неаднаразова ўзнiкала пры распадзе савецкай iмперыi ды i цяпер працягваецца. "Малыя" нацыi сутыкаюцца лбамi, а "вялiкая", астаецца быццам бы i нi пры чым, хаця на самай справе з'яўляецца непасрэдным арганiзатарам бойкi. Прыкладаў шмат – гэта падзеi апошнiх гадоў у Грузii, Азербайджане, Малдове i iншых краiнах. Характэрна тое, што то тут, то там нам пастаянна "ненавязчиво" ўводзяць у вушы слова "нацыяналiзм". "Вялiкая" нацыя, карыстаючыся неабмежаванымi магчымасцямi доступу да сродкаў масавай iнфарамцыі, паспяхова даводзiць: "вось як дрэнна – нацыяналiзм"!