Выбрать главу

Жывёлы, як i людзi, таксама ўступаюць памiж сабой у бойку. Але яны ваююць толькi за ежу цi за права прадаўжэння роду. Для людзей жа вызначальным з'яўляецца фактар духоўны: рэлiгiя, традыцыi, нацыянальная годнасць. I гэтыя фактары часта бываюць мацней за само жыццё. Недзе ў 60-х гадах на Лайвэс алеi (алеi Свабоды) у г. Каўнасе малады чалавек ажыццявiў акт самаспалення. Ён гэта зрабiў таму, што надта любiў сваю Лiтву i не мог мiрыцца з тым, што яго народ трапіў пад савецкую акупацыю i страцiў незалежнасць.

Прыклады такiх самаахвярных учынкаў ёсць у кожным народзе. А калi iх ужо няма – то няма i народа.

Звярнуся зноў да памянутых мной даследчыкаў нашай тэмы. Вельмi блiзкiм да М.Бярдзяева быў I.Iльiн – таксама прадстаўнiк рускай эмiгранцкай iнтэлiгенцыi. Рэлiгiйны фiлосаф, I.Iльiн такую з'яву, як нацыя i нацыяналiзм, бачыць цалкам у святле Божага тварэння. Ён пiша: " Национализм есть уверенное и сильное чувство, что мой народ тоже получил дары Духа Святого, что он приял их своим и инстиктивным чувствилищем и творчески претворил их по своему…поэтому национализм проявляется прежде всего в инстинкте национального самосохраненения, и этот инстинкт есть состояние верное и оправданное… он подчинён законам добра и духа." Ільін вылучыў тры наступныя рысы нацыяналізму: любоў да гістарычнага мінулага і творчаскага чыну свайго народа, вера ў інстынктыўную і духоўную сілу свайго народа і воля да таго, каб свой народ быў дастойным членам у сям'і народаў Зямлі ("Свободно цвёл в Божем саду"). (И.Ильин. Наши задачи. Москва, 1992 г., з артыкула"О русском национализме").

Падсумоўваючы, мы прыходзiм да наступнай высновы: у аснове нацыяналiзму ляжаць паняцці дабра і любові. І найперш любоў да гiстарычнага аблiчча i творчага чыну свайго народа ва ўсёй яго сваеасаблiвасцi, iмкненне да таго, каб ён – народ – жыў творча, вольна i мiрна.

Мы можам цяпер даць i азначэнне нацыяналiзму, вызначыць яго галоўныя рысы. Гэта:

– любоў да свайго народа;

– любоў да свайго краю;

– гордасць за гiсторыю свайго народа;

– павага i адчуванне адметнасцi i непаўторнасцi сваёй мовы;

– любоў да сваёй Айчыны цi патрыятызм;

– вера ў Божае прызначэнне свайго народа;

– боль за няўдачы свайго народа i радасць за яго поспехi.

Як бачым такое вядомае паняцце, як патрыятызм, у нашым азначэннi ёсць толькi састаўная частка шырокай, касмiчнай з’явы – нацыяналiзму.

Прыведзеная карэляцыя паміж нацыяналізмам і патрыятызмам адзначалася і іншымі даследчыкамі. Так, у артыкуле Е.Гейзінга “Нацыяналізм у сярэднявеччы” (Беларускі гістарычны агляд. Т. 2, Мн. 1995) прааналізаваны паняцці patria (айчына) і natio (народ), і зроблена такая выснова: слова natio намнога шырэй, чым patria, хаця яны абазначаюць і блізкія паняцці. У XI ст. у Францыі напрыклад, слова patria абазначала графства ці іх групу і было эквівалентна слову terra (зямля). Слова ж natio не мела адміністратыўнага значэння, а адносілася да сферы пачуццяў, што потым і перарасло ў тую з’яву, што мы завем нацыяналізмам.

Нацыяналiзм знаходзiць сваё канкрэтнае ўвасабленне ў нацыi, як i нацыя стварае сваю духоўную i iдэалагiчную абалонку – нацыяналiзм.

Адзначым, што мы гаворым аб нацыяналiзме як аб духоўнай з'яве, аднак могуць запярэчыць, што ёсць i iншыя праявы духоўнасцi – культура, мова, эстэтыка i iншыя. Адносна гэтых паняццяў адразу можна сказаць і яны не iснуюць абстрактна. Культура, мова i ўсё iншае, што тычыцца духоўнай сферы, заўсёды нацыянальныя. Нацыя абуджае ў чалавеку найбольш моцныя пачуццi i творчыя сiлы, найбольшую гатоўнасць да вялiкiх учынкаў. Наогул, чалавек заўсёды актыўны i творчы толькi сярод уласнага народу, якi яго лепш разумее i лепш выкарыстоўвае.

3. Аб нацыi i народзе.

Пасля найвышэйшай каштоўнасцi i бясконцага дабра – Бога, менавiта Нацыя ёсць найважнейшае дабро Чалавека. Удзелам у жыццi свайго народа чалавек вырашае сваё жыццё ва ўсяленскасцi, Боскасцi i ўдзельнiчае ў жыццi чалавецтва як сукупнасцi народаў.

Колькi слоў аб рознiцы памiж словамi народ i нацыя. Найбольш аптымальнай мы лiчым наступную парадыгму. Нацыя ўтварае народ толькi на той тэрыторыi, дзе яна дамiнуе перад iншымi нацыянальнымi групамi, якiя завуцца ў гэтым выпадку этнасамi. Так, у дзяржаве Беларусь жыве толькi адзiн народ беларускi. Беларусь не мае такiх народаў, як польскi, украiнскi i, нават, рускi. На Беларусi гэта звычайныя этнiчныя групы, а ўтвараюць народ яны адпаведна ў Польшчы, Украiне i Расii. Калi б было iнакш, то мы мелi некалькi народаў польскiх, некалькi народаў украiнскiх, некалькi рускiх (у дадзеным выпадку па два). Такое азначэнне “народа” ўносiць яснасць у гэтае пытанне, заблытанае "iнтэрнацыяналiстамi". Я маю на ўвазе кангрэсы, што не так даўно праводзiлi беларускiя камунiсты i iншыя прадстаўнiкi левых i прарасейскiх арганiзацый. Памятаеце? Калi не, дык нагадаю. На пачатку 90-х гадоў левыя сiлы аб'ядналiся ў адзiную палiтычную арганiзацыю – ДСПС (Рух за дэмакратыю, сацыяльны прагрэс i справядлiвасць). Туды ўвайшлi: Камунiстычная партыя Беларусi, Партыя камунiстаў Беларусi, а таксама розныя прарасейскiя арганiзацыi накшталт Славянскага Сабора "Белая Русь" i Саюза афiцэраў. I вось надумалiся яны склiкаць грандыёзны кангрэс, як бы парад левых сiл. Спачатку меркавалася правесцi "Кангрэс народа Беларусi". Потым "вырашылi", што на Беларусi не адзiн народ, а некалькi i пачалi ўжо склiкаць "Кангрэс народаў Беларусi". Зразумела тут адно: у барацьбiтоў за светлае будучае чалавецтва цалкам адсутнiчае разуменне такiх паняццяў, як нацыя i народ. А як яны збiраюцца рабiць славутае злiццё нацый, калi не ведаюць, што такое нацыя, а значыць i не ведаюць, што злiваць?