Выбрать главу

На заканчэнне адзначу: прагрэс у разуменнi неабходнасцi распаду Савецкай iмперыi i станаўлення моцных нацыянальных дзяржаў iдзе цяпер iнтэнсiўна на тэрыторыi ўсяго былога СССР. З гэтай нагоды у артыкуле Б.Лiўшыца "Долой империю" (Век ХХ и Мир. № 8, 1990) сказана наступнае: "В деле национальной консалидации Россия лет на сто отстаёт от Италии и Германии, лет на пятьдесят – от Турции. Наше время – это время распада имперского сознания русского народа и время становления сознания национального". Гэта было напiсана яшчэ ў 1990 годзе, а ў 1991 годзе савецкая iмперыя рухнула.

4. Азначэнне нацыяналiзму ў праграмах палiтычных партый.

Вышэй я даў азначэнне нацыяналiзму, абагульнiўшы асноўныя вынiкi даследаванняў такiх класiкаў, як Н.Бярдзяеў, I.Iльiн. Аднак у праграмах многiх палiтычных партый ёсць не менш цiкавыя думкi наконт нацыянальнай праблемы i іншых, звязаных з ёй.

Вельмi грунтоўна i ўсебакова выкладзены разглядваемыя пытаннi ў праграмах нацыянальных партый, такiх, як: Польская нацыянальная партыя (Polska wspólnota narodowa, Polske stronnictwo narodowe. Zalozenia ideowe. 1990), Украiнская нацыянальная партыя (УНП), Беларуская нацыянальная партыя (БНП), (Праграма БНП, 1994 г.), Арганiзацыя украiнскiх нацыяналiстаў (АУН).

З праграмы Польскай нацыянальнай партыi: "...Чалавек iмкнецца да Бога як да найвышэйшага дабра i дасканаласцi сваёй Нацыi". Глыбока i грунтоўна раскрываецца ў праграме сутнасць нацыі i велiч яе творчага акта: "Нацыя вызваляе ў чалавеку наймацнейшыя пачуццi, творчыя сiлы, найвялiкшую гатоўнасць да вялiкiх учынкаў i самаахвяраванняў. У нацыянальнай супольнасцi чалавек задавальняе ўсе свае патрэбнасцi, мае поўнае пачуццё сiлы, радасцi i бяспекi. Чалавек з'яўляецца найбольш актыўным i творчым толькi ва ўласнай нацыi, якая яго найлепш разумее i найбольш эфектыўна выкарыстоўвае."

Выкладзеныя ў праграме ПНП думкi аб сутнасцi нацый, сутнасцi эвалюцыйнага шляху чалавецтва праз яго iснаванне ў нацыi добра дапаўняюць нашыя папярэднiя развагi i з'яўляюцца дадатковым аргументам на карысць майго погляду на працэс эвалюцыi чалавецтва, пра што будзе гаварыцца ў наступным раздзеле.

Сутнасць i азначэнне iдэалагiчнага падмурка нацыi – нацыяналiзму, з майго пункту гледжання, найбольш выразна раскрыта ў праграме Беларускай нацыянальнай партыi. Працытую наступны выраз з праграмы БНП, якi вельмi ёмка выражае сутнасць нацыяналiзму: "Нацыяналiзм – лепшая духоўная якасць асобы чалавека. Надышоў час вярнуць гэтаму слову яго спрадвечны станоўчы сэнс. Нацыяналізм гэта адданасць сва-ёй нацыі, нацыяналiзм – гэта змаганне нацыі за яе волю i незалежнасць, за яе духоўную i фiзiчную моц, за права нацыі быць роўнай сярод роўных."

Не сумняваюся, прыйдзе час i такое разуменне нацыяналiзму будзе не толькi партыйнай напрацоўкай, а прызнаным духоўным набыткам кожнага грамадзянiна i, нават, з часам знойдзе сваё адлюстраванне ў кожнай школьнай праграме.

5. Эвалюцыя, iерархiя i тэорыя стадый

Сучасныя веды аб чалавеку i грамадстве даюць нам падставу лiчыць, што гiсторыя ёсць паступовае пашырэнне i паглыбленне чалавечай сутнасцi. Зазiрнем у тыя дагiстарычныя часы, калi толькi ўтваралiся першыя аб'яднаннi людзей, першыя племянныя саюзы. У адрозненне ад жывёлы са статка сабе падобных, чалавек у сваiм племенi атрымаў вельмi важны атрыбут – сваё iмя. Спачатку гэта была адзiная, але iстотная якасць, якая азначала адметнасць, iндывiдуальнасць асобы з нейкай групы цi племенi. Трохi пазней у людзей з'яўляецца рэлiгiя. Першыя прымiтыўныя вераваннi атрымалi назву татэмiзму i былi выклiканы звычайнай рэакцыяй на невядомыя, магутныя сiлы прыроды. З гэтых часоў заўважаецца другая фаза расчаплення раней адзiнай супольнасцi першабытных людзей (старажытнага грамадства) – расчапленне асобных плямёнаў па тым сонме багоў, у якiя кожнае з iх верыла, г.зн. – па рэлiгii. Такiм чынам, яшчэ са старажытнасці людзi пачалi адрознiвацца не толькi сваiмi ўласнымi iмёнамi, але i веравызнаннем.