Што ж тады стала прычынай, якая зблізіла пратэстанцкі Рух з нацыяналізмам? Адразу адзначым, што не рацыяналізм і не секулярная сутнасць пратэстанцтва сталася таму прычынай. Абставін тут некалькі.
Па-першае, гэта з’ява, уласцівая ўсім рэфармацкім рухам, усім схізмам і наогул розным адхіленням ад артадоксальнай рэлігіі – з’ява пераацэнкі каштоўнасцей, вобразна кажучы, пераносу цэнтра цяжару на другасны, знешні бок рэлігіі. У прыватнасці, многія пратэстанцкія плыні, кіруючыся Адкрыццём Іаана Багаслова, засяроджваюць асноўную ўвагу на будучым Страшным Судзе і наступленні Тысячагадовага Валадарства Божага. Гэтая тэма, напрыклад, – галоўная для адвентыстаў 7-га дня.
Вера ў Тысячагадовае Валадарства Божае на думку многіх даследчыкаў з’яўляецца крыніцай нацыяналізму. Нацыяналізм разглядваецца як свецкі спадкаемца руху за 1000-гадовае Валадарства Божае. Не дачакаўшыся другога прышэсця Хрыста, некаторыя, а гэта большасцю людзі, хто мае вельмі павярхоўныя веды аб хрысціянстве, ці нават атэісты, ўзнёслыя мары і спадзяванні на прыход Месіі пераносяць (трансфармуюць) на сваю нацыю – тым самым замяняючы гэтыя спадзяванні нацыяналізмам. Энтані Сміт, які прысвяціў праблеме нацыяналізму цэлую кнігу (фонд Сораса пераклаў яе на беларускую мову пад назвай “Нацыяналізм у ХХ стагоддзі”. (Мн., 1995), лічыць памылкай тэорыю нацыяналізму як трансфармацыю веры ў тысячагадовае Валадарства Божае і даказвае. што гэтыя рухі ў вялікай ступені незалежныя, хаця часта перакрыжоўваюцца .
У падставе канцэпцыі прыхільнікаў шчыльнай сувязі паміж нацыяналізмам і рухам за тысячагадовае Валадарства Божае ляжаць наступныя агульныя рысы гэтых рухаў: сацыяльная справядлівасць, любоў да свайго народа, спадзяванне на кардынальнасць змен, якая патрабуе папярэдняй падрыхтоўкі, выхавання новай маралі. Так, даследчык нацыяналізму Е. Кедуры сцвярджае, што толькі поўнае скасаванне старога ладу, толькі рэвалюцыйны падыход, актывізацыя чалавечай дзейнасці яднаюць нацыяналізм і Рух за тысячагадовае Валадарства Божае.
Важным пытаннем з’яўляецца аналіз сацыяльнага складу двух разглядваемых Рухаў. Не зусім можна пагадзіцца з думкай Э. Сміта аб тым, што існуе падабенства ў сацыяльным складзе нацыяналізму і Руху за тысячагадовае Валадарства Божае. Ён лічыць: ядро людзей, што прадстаўляюць абодва Рухі, складаюць тыя, якія стаяць на краі грамадства – сяляне, рабочыя, і наогул пралетарыі. У дачыненнях да рэлігіі гэта ў пэўнай ступені так – успомнім хаця б евангельскую ісціну: “апошнія стануць першымі”. Аднак нацыяналістычныя рухі, амаль заўсёды ўзнікалі ў выніку дзейнасці інтэлектуальнай вярхушкі грамадства. Э.Сміт сам сабе супярэчыць, сцвярджаючы трохі ніжэй іншае: “нацыяналізм звяртаецца да больш адукаваных і заможных гарадскіх колаў у адрозненне ад Руху за тысячагадовае Валадарства Божае”. І далей: “...у большасці выпадкаў нацыяналізм з’яўляецца гарадскім рухам сярэдніх класаў“. У пэўнай ступені гэта ўсё ж вынік уздзеяння вышэйшага інтэлектуальнага пласта грамадства.
Можна вылучыць дзве альтэрнатыўныя пазіцыі адносна абодвух рухаў. Першая: паміж рухамі існуе безумоўная сувязь, карэляцыя, якая асабліва яўна праяўляецца на ўзроўні ніжэйшага і, магчыма, часткова сярэдняга класу. Аднак, гэтая сувязь не носіць агульна гістарычны і геаграфічны характар, часта ўяўляе выпадковы характар. Аб’яднанне народа вакол нацыянальнай ідэі, што ёсць вышэйшая мэта нацыяналістаў, адрозніваецца ад аб’яднання людзей, якія вераць у надыход Валадарства Божага. У гэтым і адрозненне пратэстанцтва ад праваслаўя і каталіцызму, у якіх сувязь з нацыяналізмам уяўляе сабой глыбінную сутнасць і абгрунтоўваецца на ўзроўні ўсяленскай любові і вертыкальнага імкнення да пераходу на вышэйшы ўзровень іерархічнай піраміды тэорыі стадый.
Рознасць паміж рухам за тысячагадовае Валадарства Божае і нацыяналізмам, такім чынам, істотная і ляжыць у іх мэтах – для першых гэта вера ў лепшую будучыню, што чакае людзей ужо ў іншым свеце (пасля прыходу Хрыста); для другіх важна выхаванне і ўдасканаленне новага чалавека ў зямным быцці.
Ёсць, аднак, і другая рыса пратэстантызму, якая збліжае з ім нацыяналізм больш, чым праваслаўе ці каталіцызм. Гэтая рыса – адсутнасць у пратэстантаў неабходнасці шматгадовага ўвацаркаўлення, даступнасць яго ідэалогіі шырокім масам, прастата і яснасць падачы евангельскіх ісцін, якія не вымагаюць істотнага духоўнага подзвігу – што вельмі важна для праваслаўных, і ўвасабляецца ў жыціях святых, мучанікаў і праведнікаў.