Выбрать главу

Сакральная духоўная глыбіня хрысціянства і каталіцызму ўзрошчвалася вякамі. Яшчэ са сваіх ранніх часоў, артадаксальнае хрысціянства гартавалася ў барацьбе з рознымі адхіленнямі ад яго, ерасямі і схізмамі. Напачатку мы бачым барацьбу з гносцітызмам, які аб’ядноўвае ідэі элінізму з усходнімі рэлігіямі і спрабуе ў гэтым рэчышчы тлумачыць хрысціянства. Пратаіярэй А.Шмеман у кнізе “Исторические пути православия” (М., 1993) дэталёва прааналізаваў усе раннія схізмы і іншыя спробы рэфармацыі хрысціянства і адзначае следам за гносцікамі вучэнне Маркіёна, які стаяў на пазіцыі дуалізму Старога і Новага Запавету. Потым з’яўляецца монтанізм – першая ерассю на базе эсхаталагічных уяўленняў. Найбольш значнай ерассю – папярэдніцай многіх сучасных пратэстанцкіх плыняў, – з`яўляецца арыянства (ІІІ стагоддзе). Арыян з`яўляўся перакананым монатэістам і зводзіў Божую вечную Сутнасць Хрыста да яго зямнога існавання ў часе, – як Сына, але звычайнага чалавека і таму не Бога. Пазней (V ст.) мы сутыкаемся з адваротным вучэннем – монафізіцтвам, што вызначае толькі Божую сутнасць Хрыста. Гэтыя ерасі, як і вялікая колькасць іншых, рана ці позна знікалі, але карысць ад іх была: вынікам стала “загартаванасць” праваслаўя і каталіцызму, вытанчанасць Сімвала Веры і іншых асноўных дагматаў, якія пратрымаліся больш за тысячу гадоў і дайшлі да нас у амаль нязменным выглядзе.

З другога боку ў XV стагоддзі ерасі, існаваўшыя ў І тысячагоддзі ад Ражства Хрыстовага, знайшлі і сваё якаснае ўвасабленне ў новай, трэцяй хрысціянскай плыні – пратэстанцтве, якое ўзнікла як рэакцыя на жорсткую іерархічную сістэму артадаксальнага хрысціянства, характэрную найперш рыма-каталіцызму. Апошняя акалічнасць тлумачыць і той факт, што пратэстанцтва сфармавалася менавіта ў каталіцкім асяродку.

Моцная духоўная арганізацыя артадоксаў служыла тормазам працэсу ўтварэння нацый і нацыяналістычнай ідэалогіі. Пратэстанты зламалі гэты бар`ер, павярнуліся тварам да народа і, як гаварылася вышэй, сталі носьбітамі нацыянальнай рэлігі ў некаторых краінах. Аднак гэты працэс ішоў побач з адмаўленнем больш чым тысячагадовай духоўнай спадчыны як Усходняй, так і Заходняй Царквы і прыўнёс непазбежную дэвальвацыю духоўнай эвалюцыі для нацыянальных дзяржаў. І нездарма пратэстанцтва існуе цяпер у выглядзе безлічы сект, розных рэлігійных арганізацый, якія хутка ўзнікаюць і гэтак жа хутка знікаюць. Як пісаў Э.Сміт: “Спроба рэфармаваць рэлігію сканчаецца яе знікненнем”.

Трэба яшчэ адзначыць, што падабенства паміж рэфармізмам і раннім нацыяналізмам з`яўляецца і ідэалагічным і сацыяльным. Па-першае, абодва рухі выкарыстоўваюць эвалюцыйную схему. Рэфармісты лічаць, што чалавек знаходзіць сваю сапраўдную сутнасць у разуменні боскага прызначэння і яго мэтаў у гісторыі. Гэтаксама і нацыяналізм прадугледжвае няспынную барацьбу за нацыянальную аўтаномію і самавызначэнне, за абуджэнне сапраўднай супольнасці і салідарнасці . Згодна з прапанаванай намі тэорыяй стадый, можна аб’яднаць выказаныя погляды адносна рэфармацыі і нацыяналізму, калі ў разуменне боскага прызначэння чалавека дадаць нацыянальнае ўсведамленне ў гэтым прызначэнні.

4. Гістарычныя шляхі і будучыня хрысціянства на Беларусі

Разважаючы аб шляхах хрысціянства на Беларусі, я буду гаварыць у першую чаргу аб праваслаўі, бо менавіта гэтае адгалінаванне хрысціянства з’явілася на нашай зямлі першым: Кіеўская Русь прыняла хрысціянства з Візантыі, якая прадстаўляла ў той час Усходнюю Царкву і ўжо тады па многіх параметрах адрознівалася ад Заходняй Царквы з цэнтрам у Рыме.

Адзначым, што Полацк яшчэ з Х стагоддзя імкнуўся да незалежнасці ад Кіева, якая пры Усяславе Чарадзею была юрыдычна замацаваная (1097 г.). Падзел хрысціянства на праваслаўе і каталіцызм (1054 г.) не крануў Беларусь, бо ў ёй на пачатку існавала адзіная Усходняя Царква, што прыйшла да нас з Візантыі. Менавіта з тых часоў на беларускіх землях і вядзе сваю гісторыю першая Нацыянальная Царква Усходняга абраду , якая атрымала пасля назву праваслаўнай.

У ХІІІ стагоддзі ўтвараецца Вялікае княства Літоўскае з цэнтрам у Наваградку. Вялікія наваградскія князі, пачынаючы з Міндоўга (1204 г. – 1239 г.), імкнуліся займець самастойную праваслаўную мітраполію, якая і была створана за часы панавання Віценя (1293 г. – 1315 г.). У 1291 годзе Канстанцінопальскі патрыярх прызначыў мітрапалітам Навагрудскім і ўсея Русі Феафіла, што з’яўляецца сведчаннем прызнання Візантыяй самастойнасці праваслаўнай Царквы ў ВКЛ. Аднак з гэтых жа гадоў пачынаецца і ўзвялічэнне Масквы, якая імкнулася падпарадкаваць сабе Кіеўскіх і Наваградскіх мітрапалітаў. Пры Альгердзе ў 1354 годзе Канстантынопаль узвёў на мітрапалітаў князя Рамана з Наваградку, а на Масковіі – незалежнага ад ВКЛ мітрапаліта Алексія. Гэта была фактычна першая аўтакефальная Беларуская мітраполія, афіцыйна прызнаная Візантыяй. Пры Вітаўце (1392 г. – 1430 г.) барацьба з Масквой за незалежную мітраполію падымаецца на новую ступень. Хаця Канстанцінопаль не падтрымаў кандыдатур спачатку Феадосія, а потым Рыгора Цымблака для высвячэння ў мітрапаліты, у 1415 годзе Цымблак усё ж быў пастаўлены мітрапалітам ВКЛ праз саборны акт сямі беларускіх епархіяў (полацкай, чарнігаўскай, луцкай, уладзімірскай, смаленскай, холмскай і тураўскай) без узгаднення з Візантыяй. На жаль, Рыгор Цымблак хутка памёр і ранейшая праблема паўстала зноў.