Выбрать главу

За часы панавання ў ВКЛ князя Свідрыгайлы мітрапалітам усея Русі Канстацінопальскім патрыярхам быў пастаўлены смалянін Герасім. Прычым яго дзейнасць ахоплівала толькі межы ВКЛ – Масква не падпарадкоўвалася.

З 1458 года мітрапаліты Кіеўскія і ўсея Русі выбіраліся незалежна ад Маскоўскай Царквы і такім чынам існавалі дзве незалежныя мітраполіі. Першым мітрапалітам Кіеўскім і ўсея Русі быў Рыгор Баўгарын (1458).

Такім чынам, можна з усёй упэўненасцю гаварыць аб тым, што перыяд ад 980 да 1596 года – гэта час існавання незалежнай праваслаўнай Царквы ў ВКЛ, час першай фактычнай аўтакефаліі нашай Царквы. Другі перыяд – ад 1596 г. да раздзелаў Рэчы Паспалітай – суіснаванне праваслаўнай Царквы разам з каталіцызмам, уніяцтвам і пратэстанцтвам у складзе беларускіх зямель у Рэчы Паспалітай. Гэты час быў вельмі цяжкім для праваслаўя, як і наогул для для грамадскага жыцця i развiцця беларускай нацыянальнай культуры, бо дзяржаўнай рэлігіяй у Рэчы Паспалітай быў каталіцызм, а беларуская мова выціскалася з ужытку. Гэты перыяд, які характарызуецца даследчыкамі, як перыяд заняпаду беларускай культуры, адметны распаўсюджаннем рыма-каталіцызму – асабліва ў форме уніяцтва на землях ВКЛ, і ўнёс своеасаблівы заходні элемент на фармаванне ментальнасці беларусаў. Аднак уніяцтва так і не прыжылося на нашых землях, чаму сведчаннем з`яўляецца абвальны пераход уніятаў у праваслаўе пасля анексіі Рэчы Паспалітай Расійскай імперыяй.

Трэці перыяд існавання праваслаўнай Царквы на Беларусі пачаўся пасля бальшавіцкага перавароту і зноў звязаны з адраджэннем руху за аўтакефалію Царквы. У 1922 годзе на Саборы ў Мінску была утворана Беларуская аўтакефальная Праваслаўная Царква (БАПЦ), якая праіснавала да 1932 года. Кароткі час потым БАПЦ існавала пры нямецкай акупацыі. У наш час БАПЦ існуе ў эміграцыі – ЗША, Канадзе і іншых краінах з беларускай дыяспарай.

У самой дзяржаве Беларусь, дзе жыве каля 10 млн. чалавек, у наш час існуе мітраполія Беларускай праваслаўнай Царквы (БПЦ), якая падпарадкоўваецца Маскоўскаму патрыярхату Рускай праваслаўнай Царквы (РПЦ). Аднак з нядаўняга часу (1989 г.) БПЦ не проста частка РПЦ, а ўяўляе сабой экзархат – аб`яднанне некалькіх епархій (на Беларусі іх 10), якія маюць пэўную самастойнасць. Такім чынам і ў наш складаны час Беларуская праваслаўная Царква стаіць на шляху да аўтакефаліі, аднак з упэўненасцю можна сказаць, што магчыма яна – аўтакефалія – толькі пры ўмове поўнай дзяржаўнай незалежнасці Беларусі ад Масквы.

Нягледзечы на поўную трагізму 1000-гадовую гісторыю Беларускай праваслаўнай Царквы, якая то дасягала поўнай самастойнасці (у часы ВКЛ), то была амаль далучанай да Рыму праз масавы пераход да уніяцтва, то злучалася з Рускай праваслаўнай Царквой пасля ліквідацыі Рэчы Паспалітай, то была амаль знішчаная бальшавікамі за 75 год іх панавання ў СССР – беларускае праваслаўе жыве. Прычым, гэтай багатай гісторыі нашага праваслаўя ўласцівы і свой нацыянальны характар, які адлюстраваўся ў фармаванні беларускай культуры наогул. Дастаткова прывесці прыклады вядомай усяму свету беларускай школы дойлідства, беларускага іканапісу, ці ўспомніць беларускія канты – выдатныя вялікодныя, калядныя і іншыя песенныя спевы. Вялікі ўклад у царкоўную музыку зрабілі выдатныя беларускія кампазітары Равенскі, Куліковіч і іншыя.

Царкоўнае ўнутранае жыццё характарызуецца вялікай пашанай да тых, хто самаахвярна працаваў на карысць Веры, мог аддаць і аддаваў сваё жыццё за яе. Такія людзі ўзводзіліся ў ранг Святых. Шмат з іх было кананізавана і Беларускай праваслаўнай Царквой. Зусім нядаўна – ў 1984 годе, – па блаславенню патрыярха Маскоўскага Пімена было ўсталявана святкаванне Сабора Беларускіх Святых. Свята гэтае адзначаецца ў трэцюю нядзелю па Пяцідзесятніцы. Сабор Беларускіх Святых уключае ў сябе каля 15 асоб – праваслаўных хрысціян, якія жылі ў розныя часы з ХІІ стагоддзя (свяціцель Міна) да ХVІІІ стагоддзя (свяціцель Георгій Каніскі) і за свае заслугі перад Царквой і перад беларускім народам былі кананізаваныя.