Выбрать главу

Зробім цяпер агульную выснову. Калі раней мы гаварылі пра саборнасць Хрыстовай Царквы – праваслаўнай і каталіцкай, якія маюць ужо тысячагадовую гісторыю, то ў нашую эпоху – эпоху нацыянальнага монатэізму, ёсць усе падставы гаварыць аб саборнасці нацыянальных цэркваў. Руская праваслаўная Царква ужо даўно сфармавалася ў саборным выглядзе і вельмі асцярожна ставіцца да ўсялякіх адхіленняў ад яе канонаў. У святле вышэйсказанага Беларуская праваслаўная Царква мае таксама ўсе падставы сфармавацца ў нацыянальную саборную Царкву і гэты працэс актыўна ідзе. З беларускім варыянтам саборнага каталіцызму справа складаней, бо гэтая канфесія не прадуглежвае аўтакефаліі, а ў саміх дагматах прызнаецца верхавенства Папы Рымскага.

Яшчэ адно важнае пытанне рэлігійнага жыцця Беларусі паўстае ў сувязі з існуючай ў нас шматканфесійнасцю. Гэта пытанне аб экуменізме Хрысціянскіх Цэркваў і найперш экуменізму праваслаўных і каталіцкіх плыняў, як найбольш старажытных, артадаксальных і саборных канфесій. Шмат усілкаў прыклаў на вырашэнне праблемы экуменізму праваслаўя і каталіцызму ў агульнасусветным маштабе ўжо згаданы намі рускі філосаф У.Салаўёў. Ён свята верыў у будучую адзіную хрысціянскую рэлігію, створаную шляхам аб’яднання каталіцызму і праваслаўя. Але ў сапраўднасці атрымалася ўсё не так, дакладней ніякага экуменізму не атрымалася. А сам вучоны стаў для праваслаўных ерэтыкам, а для католікаў застаўся чужаком, бо па хрышчэнню быў праваслаўным.

На нашу думку такі вынік не выпадковы. За многія гады незалежнага існавання надта рознымі сталі як ўнутраныя асаблівасці каталіцызму і праваслаўя, так і знешнія абрады ды традыцыі. І для Беларусі на сучасным этапе – этапе кволага, нясмелага адраджэння хрысціянства пасля бальшавіцкага генацыду, пытанне аб экуменізме з’яўляецца заўчасным, калі наогул магчымым.

Апошняе сцвярджэнне вымагае больш дэталёвага аналізу. Чаму ж немагчымы экуменізм – аб’яднанне каталіцызму з праваслаўем? Мы ўжо адзначылі галоўную прычыну: вялікая розніца паміж нацыянальнымі характарамі Усходу і Захаду. Гэта абсалютна розныя менталітэты: рацыяналізм і прагматызм Захаду, і рамантызм і ідэалізм Усходу.

Становішча Беларусі ў гэтым кантэксце самае трагічнае. Яна ляжыць на мяжы дзвюх культур і дзвюх рэлігій – каталіцызму і праваслаўя. Я свядома не кранаю пратэстанцтва, бо яно не адлюстроўвае нацыянальнай ментальнасці, той асаблівасці, што фармуецца стагоддзямі. Пратэстантызм, нягледзячы на ўсе фактары, нітуючыя яго з народам, – інтэрнацыянальная рэлігія. Гэта рэлігія прагматычных людзей, такіх людзей – найперш са сферы бізнесу, – якія ёсць у асяроддзі любой нацыі. І нездарма найбольш распаўсюджана пратэстанцтва ў ЗША – дзяржаве, якая не мае векавых нацыянальных традыцый.

Дык што ж з атрымалася з беларусамі? Менавіта падзел нашага народа на католікаў і праваслаўных ў XVI стагоддзі стаў прычынай заняпаду ВКЛ. Нашу старажытную дзяржаву – ВКЛ разрывалі дзве процілеглыя сілы прыцягнення: адна – на Захад, другая – на Усход. Гэта акалічнасць існуе і ў наш час. Зноў пачынаецца адраджэнне уніі – хаця, акрамя выкарыстання беларускай мовы, ад “усходняга абраду” ўва ўніяцкім богаслужэнні нічога не засталося. Аднак, у адрозненне ад часоў ВКЛ, зараз уніятам нічога “не свеціць”, бо яны непатрэбны ні Рыму, ні Маскве і прыносяць ім толькі лішні клопат. Адраджэнне каталіцкага касцёла мае многа больш перспектыў не толькі ў параўнанні з грэка-каталікамі, але і Беларускай праваслаўнай Царквой, якая, хаця і падпарадкоўваецца РПЦ, аднак не атрымлівае аніякай дапамогі ад Масквы. Магчыма, гэтая з’ява тлумачыцца адвечным імкненнем каталіцызму да экспансіі і заможнасці Рымскага Касцёла. Тым не менш, нягледзечы на занядбанае становішча праваслаўя на Беларусі, сам дух праваслаўя трывала жыве сярод 80 % беларусаў і пераважае нават у Заходняй Беларусі.

Страшную, знішчальную для духоўнасці беларусаў місію па-ранейшаму нясе атэізм. Яго існаванне зараз стала вельмі небяспечным у сувязі з адменай забароны на рэлігію і нават нейкую “моду” на яе. Цэлая катэгорыя адшчапенецаў карыстаючыся рэлігійнымі прыхільнасцямі людзей, спекулююць на гэтым, каб мець сваю карысць. Такія людзі, як флюгеры, мяняюць свае погляды, могуць існаваць і ў асяроддзі вернікаў, карыстацца, калі ім трэба, адкрытасцю і даверлівасцю вернікаў, але ў глыбіні душы трымаюць камень за пазухай. Для розных канфесій такая катэгорыя грамадзян павінна быць самай непрымальнай. Сапраўдныя вернікі розных канфесій звычайна хутчэй знаходзяць паразуменне паміж сабой, чым з атэістамі. У Гераманіі, напрыклад, пратэстантаў і католікаў амаль пароўну, аднак унутраных канфліктаў паміж імі няма, бо паважаюцца рэлігійныя вераванні.