Выбрать главу

Якая ж будучыня хрысціянства на Беларусі? На нашую думку шлях Беларусі не ў перацягванні каталікоў у праваслаўныя ці наадварот, не ў стварэнні уніі, не ў імпарце пратэстанцтва з-за акіяна, а крышнаіцтва з Індыі. Сапраўдны шлях – ва ўмацаванні самой веры ў Хрыстову Царкву, у стварэнні моцных рэлігійных цэнтраў і ў першую чаргу нацыянальных праваслаўных і каталіцкіх асяродкаў.

Некалькі заключных разважанняў

1. У чым сэнс нацыянальнай ідэі?

Яшчэ гадоў 5 – 7 назад, у нас на слыху вельмі рэдка гучала такое спалучэнне слоў , як "нацыянальная ідэя". Мы чулі словы "нацыянальнае адраджэнне", "нацыянальная свядомасць", нарэшце – "нацыяналізм"... І тут раптоўна пачалося! Пачаліся пошукі, так званай "нацыянальнай ідэі". І шукалі – хто бачыў гэтую "ідэю" ў беларускім нацыянальным адраджэнні, хто ў нацыянальна накіраванай палітыцы Беларусі, хто ў геапалітычным становішчы Беларусі і г.д. Пачаліся пошукі нацыянальнай беларускай ідэі. Падкрэслю – пошукі не нацыянальнай сутнасці, не нацыянальных беларускіх інтарэсаў, ці чаго-небудзь яшчэ іншага, а менавіта ідэі.

Гэта ўсё роўна, што пры пабудове, скажам, сацыялізму, пачаць пошукі сацыялістычнай ідэі. Гэтага ж не рабілася, бо мы ведалі, што робім – цэлыя тамы напісаны пра сацыялізм.

Ці вось яшчэ адно параўнанне. Ці чулі вы пра англійскую, альбо польскую нацыянальную ідэю? Скажаце, што не. Мы чулі пра Англію і пра Польшчу, пра англічан і палякаў. Інакш кажучы, мы ведаем, што такое дзяржава і што такое нацыя. І калі нехта загаворыць аб такой незалежнай дзяржаве, як Беларусь, то, дзе б ён ні жыў, – ён будзе мець на ўвазе краіну, дзе жыве народ – беларусы, дзе культура – беларуская, дзе ўнутраная і знешняй палітыка нацыянальная і ўласцівая толькі гэтай краіне. І яму – гэтаму чалавеку – не прыдзе нават у галаву разважаць аб так званай "беларускай нацыянальнай ідэі".

На мой погляд, з'явіліся гэтыя словы толькі таму, што фактычна няма незалежнай дзяржавы Беларусь – краіны , якая адпавядае агульна прынятым нормам незалежнай і нацыянальнай дзяржавы. Пастаянна чуецца: "мы не проживём без России". Палітыка і ўся дзейнасць нашага прэзідэнта наогул складаецца толькі з адной задачы – аб'яднання Беларусі з Расіяй, што ў рэальных умовах эквівалентна звычайнай анексіі Беларусі ў склад Расіі. І ў той жа час нават на прэзідэнцкім узроўні вядуцца пошукі гэтай самай "нацыянальнай ідэі". Ідзе, па сутнасці, падмена нацыянальнага адраджэння Беларусі нейкім новым праектам пад назвай "беларуская нацыянальная ідэя", вынікам ажыццяўлення якога з'яўляецца продаж Беларусі "старэйшаму брату", ці інакш кажучы – акупацыя Беларусі Расіяй.

Гледжанне на праект пад назвай нацыянальная ідэя павінна пачынацца найперш з асэнсавання нас грамадзянамі той зямлі, на якой мы зараз жывем і будзем жыць заўсёды. Тут мы нарадзіліся, тут мы і павінны застацца назаўжды – і так праз тысячагоддзі. У ХІІ – ХVІ стагоддзях мы жылі ў саюзе пад назвай ВКЛ, У ХVІІ – ХVIII стагоддзях – у канфедэрацыі Рэч Паспалітая. Усе гэтыя гады мы ўяўлялі сабой незалежную беларускую дзяржаву, хаця і не меўшую такую назву. Але потым больш за 200 год мы былі пад акупацыяй Расіі. Аднак мы здолелі захавацца як этнас, а з 1991 года зноў атрымалі незалежнасць. І, застаецца, здавалася б, невялікае намаганне – рэалізаваць нашую папяровую незалежнасць у сапраўдную.

Вось менавіта тут, на апошнім кроку, і пачаліся гэтыя гульні ў пошукі нацыянальнай ідэі. Адбываецца падмена рэальнай працы па адраджэнню нашай Бацькаўшчыны, замацаванню дзяржаўнасці – тэарэтызаваннямі, і часам шкоднымі, адносна так званай беларускай нацыянальнай ідэі. А, можа, і сапраўды зараз застаецца гаварыць аб беларускай нацыянальнай ідэі, а не аб Беларусі, як дзяржаве? Слова «ідэя» ўвасабляе ў сабе нематэрыяльную субстанцыю. І разважанні аб беларускай нацыянальнай ідэі павінны быць у першую чаргу разважаннямі аб магчымасці рэалізацыі беларускай дзяржавы, як нейтральнай, дэмакратычнай, незалежнай краіны, аб матэрыалізацыі беларускага народа, як паўнавартаснага члена сям’і народаў зямнога шара, аб беларускай мове, як мове гэтага народа, аб беларускай культуры, як адметнасці, уласцівай толькі гэтаму народу.