Выбрать главу

Такім чынам, беларуская нацыянальнай ідэя – гэта праект рэалізацыі Беларускай дзяржавы і беларускай нацыі. Гэта стан існавання нашага грамадства, калі пра Беларусь не будуць гаварыць як пра краіну, насельніцтва якой размаўляе на мове суседняй дзяржавы – Расіі, пра краіну, дзе нацыянальны сцяг публічна рвуць на кавалкі дзяржаўныя асобы, пра краіну, якая не мае сваіх прыродных рэсурсаў, пра краіну, чыя эканоміка цалкам залежыць ад эканомікі Расіі, і шмат іншай лухты. А будуць гаварыць адваротнае – пра што яшчэ ў канцы 80-х гадоў выдатна сказаў Уладзімір Арлоў у эсэ "Незалежнасць – гэта..."

Цяпер, трохі вызначыўшыся з тэрмінам "беларуская нацыянальная ідэя", як з часовым тэрмінам пераходнагу перыяду да нашай незалежнасці, можна перайсці да разгляду нашых шанцаў у яе рэалізацыі. Магчымасць здзяйснення нацыянальнай ідэі ў сучаснай Беларусі далёка не трывіяльны факт. І апошнія падзеі – асабліва захады Лукашэнкі адносна Саюза з Расіяй – усё больш аддаляюць нас ад Беларусі, усё больш пацвярджаючы думкі Івана Макаловіча ў ягоным эсэ "О, як далёка нам яшчэ да Беларусі!"

Тым не менш, на маю думку, рэалізацыя беларускай нацыянальнай ідэі не толькі магчыма, а і непазбежна. ХХ-е стагоддзе – гэта трыумф нацыяналізму, масавага ўтварэння нацыянальных дзяржаў, росквіт нацыянальных культур. І Еўрапейскі саюз – гэта саюз нацыянальных, высока індустрыяльных, незалежных дзяржаў. Кожная з краін, удзельніц ЕС, прайшла шлях ад суіснавання ў складзе той ці іншай імперыі, потым шляху нацыянальнага станаўлення, ці, як мы цяпер гаворым, рэалізацыі нацыянальнай ідэі, потым, нарэшце, як самастойная нацыянальная дзяржава. Таму і няма зараз гаворкі, напрыклад, аб "італьянскай нацыянальнай ідэі", а з адпаведнай нагоды ідзе размова аб краіне Італія.

Беларусь стаіць цяпер перад выбарам: быць незалежнай дзяржавай – ці не. І ўсё наша грамадства падзелена на дзве часткі, кожная з якіх абрала свой узаемавыключаючы адказ на гэтае пытанне.

Першая частка – найбольш шматлікая, нізка адукаваная і люмпенізаваная. Гэта галоўным чынам насельніцтва вёскі, дробных гарадоў і ніжэйшых пластоў вялікіх гарадоў. Яны лічаць, што без Расіі нам не пражыць, што незалежнасць якраз і прычына нашага жабрацкага стану. Гэтыя людзі не ўяўляюць сябе жыхарамі незалежнай краіны Беларусь, па-ранейшаму жывуць у віртуальнай краіне СССР – можа быць не поўнага ранейшага складу – без Прыбалтыкі і Каўказа, але, несумненна, ў саюзе з Расіяй. Яны чытаюць “Правду”, “Труд” і “Комсомолку”, глядзяць расейскае ТБ, размаўляюць, ці імкнуцца размаўляць на рускай мове. Гэтыя людзі абсалютна абыякавыя да БНІ. Яны нясуць патэнцыяльную пагібель для беларускага нацыянальнага адраджэння, для Беларускай джяржаўнасці. (Група І).

Другая частка складаецца з найбольш перадавых, адукаваных людзей, якія стаяць на пазіцыях дзяржаўнай незалежнасці. Менавіта на гэтую частку і ўскладваюцца надзеі на нашую лепшую будучыню, на плённую працу па рэалізацыі праекта БНІ. (Група ІІ).

Трэба адзначыць, што ў самым пачатку дэмакратычных працэсаў і нават на момант атрымання Беларуссю дзяржаўнага суверэнітэту (які быў проста падораны нам), паміж гэтымі дзвюма часткамі беларускага грамадства колькасныя суадносіны былі значна іншымі – а менавіта на карысць першай групы. Цяпер жа сярод прыхільнікаў незалежнасці Беларусі шмат не толькі патрыётаў Бацькаўшчыны, адраджэнцаў, але і бізнесменаў, прадпрымальнікаў – тых, хто зразумеў выгоды самастойнасці пасля яе абвяшчэння.

Працэнт прыхільнікаў незалежнасці няўхільна павялічваецца. Аднак ён усё ж застаеца меншым за палову, хаця і нязначна. У сувязі з тым дзяржаўная незалежнасць Беларусі знаходзіцца пад пагрозай ліквідацыі. Гэтая пагроза абумоўлена не толькі здрадніцкай палітыкай прэзідэнта, але і менталітэтам вялікай колькасці грамадзян.

Якія ж нашыя шанцы адстаяць незалежнасць Беларусі і здзейсніць праект рэалізацыі нацыянальнай ідэі? Я мяркую, што вялікія. Падставы для аптымізму грунтуюцца на наступных фактарах:

1. Працэс дрэйфу ментальнасці насельніцтва Беларусі да прыняцця ідэі незалежнасці набывае ўсё большы размах. Калі ён дасягне нейкай крытычнай адзнакі, стаўшы выяўленнем волі ўсяго грамадства, то тады можна гаварыць аб перамозе канцэпцыі незалежнасці Беларусі. У сувязі з гэтым ёсць сэнс гаварыць аб тым, што менавіта ў крытычны момант пералому свядомасці грамадзян Беларусь атрымае сваю сапраўдную незалежнасць.

Такім чынам, першая фаза да поўнага суверэнітэту – акт абвяшчэння незалежнасці РБ у 1991 годзе. Гэта прыняццё вонкавай незалежнасці, па-сутнасці, палітычнае рашэнне міжнародных праблем на тэрыторыі Беларусі. Другая фаза, якая завяршае працэс фармавання дзяржаўнай незалежнасці, гэта якасныя пераўтварэнні ў самым грамадстве, працэс, што будзе ісці знутры – унутраная незалежнасць. І толькі пасля здзяйснення гэтых абедзвюх фаз мы з упэўненасцю можам гаварыць аб існаванні незалежнай беларускай дзяржавы.