Выбрать главу

2. Знешнія фактары. Працэс утварэння незалежных нацыянальных дзяржаў набірае абароты ва ўсім свеце. Услед за распадам СССР надыходзіць чарга Расіі. Ад Расіі ўжо аддзяляецца Чачня. Абвесцілі незалежнасць таксама Татарстан і Калмыкія. Шэраг абласцей Расіі ўжо маюць статус асобных эканамічных зон. Утрымліваць у стабільным стане такое вялізнае дзяржаўнае ўтварэнне, як Расія, становіцца ўсё больш праблематычным. Няма нічога надзвычайнага ў будучым распадзе Расіі на шэраг незалежных еўрапейскіх і азіяцкіх дзяржаў. Эпоха імперый завяршаецца трыумфам нацыянальных дзяржаў і нацыяналізму. І гэтыя абставіны вельмі спрыяльныя для ўмацавання дзяржаўнасці Беларусі і адраджэння беларусаў, як нацыі.

Лукашэнкаўскі Саюз з Расіяй – гэта спроба павярнуць гісторыю назад, спроба рэаніміраваць імперыю, якая ўжо даўно сканала у нетрах гісторыі. І глянуўшы чыста збоку на чырвоную пляму ў цэнтры дэмакратычнай Еўропы – сучасную Беларусь, прыйдзем да адназначнага вываду: усе спробы рэстаўрацыі камуністычнай савецкай імперыі асуджаны на правал. І ўсе памкненні Лукашэнкі – гэта агонія камуністычнага рэжыму, немагчымасць ісці насуперак гісторыі.

Чаму ж так здарылася? Чаму Беларусь аказалася адзінай краінай на развалінах СССР, якая не пайшла па шляху прагрэсу, як гэта зрабілі нашыя суседзі – Літва, Украіна і іншыя?

Прычыны мне бачацца менавіта ў колеры гэтай геаграфічнай плямы – Беларусь. А колер яе чырвоны. У 1991 годзе камуністычная сістэма рухнула. Упершыню ў гісторыі камуністы пацярпелі крах па ўсёй тэрыторі магутнага і разам з тым пачварнага ўтварэння – СССР. Яны, канешне, існуюць паўсюдна, але іх улада вельмі абмежаваная. Толькі ў Беларусі ім удалося цалкам захаваць свае пазіцыі. Нездарма Беларусь завуць аазісам камунізму. Толькі тут засталіся ўсе атрыбуты, ўласцівыя камуністычнаму рэжыму: аўтарытарная ўлада, планавая прамысловасць, заняпалая сельская гаспадарка з савецкай сістэмай калгасаў і саўгасаў, і галоўнае, той жа народ – баязлівы, выхаваны ў пакоры і страху. Змянілася толькі адно. На месцы правадыра, які раней паступова “вырошчваўся” ў наменклатурнай іерархічнай сістэме – раптоўна з'явіўся нікому невядомы старшыня саўгаса. Ён прыйшоў да ўлады, пераскочыўшы цэлы шэраг стуеяняў, і нездарма яго завуць непрадказальным. Бо кожнай наменклатурнай ступеньцы звычайна адпавядае чалавек, які там "прыцёрся", які толькі ёй, гэтай ступеньцы, уласцівы і нават патрэбны. Кажуць, што такі чалавек знаходзіцца на сваім узроўні кампетэнтнасці.

І цяпер самы час нагадаць вядомы прынцып Пітэра, згодна якому у кожнага чалавека ёсць свой узровень кампетэнтнасці. На гэтым узроўні ён добры спецыяліст, усімі паважаны чалавек. Але калі яго прымусам, ці па нейкай выпадковасці пасадзіць на іншае месца, дзе яго ўзроўню кампетэнтнасці не хапае, то ўся дзейнасць яго на новай пасадзе акажацца не якаснай, не прафесійнай – адным словам, тут ён аказваецца некампетэнтным чалавекам. У выпадку з Лукашэнкам мы якраз і назіраем дзеянне прынцыпа Пітэра ў дзяржаўным маштабе.

Падсумуем: на Беларусі захавалася камандна-адміністратыўная сістэма з усёй сеткай былой камуністычнай наменклатуры, якая імгненна прыстасавалася жыць без партбілетаў. Я свядома не кранаю цяперашніх беларускіх камуністаў, бо яны якраз і аказаліся крайнімі: з аднаго боку, з абоймы Сістэмы выпалі, бо трымаліся за камуністычную ідэю і партбілеты, і, з другога боку, на іх і валяць усе грахі папярэдняй сталінскай гісторыі. Сапраўдныя акулы камуністычнага рэжыму ніколі не выпадалі з наменклатурнай абоймы. Так, былі нейкія ператасоўкі, ракіроўкі і нават больш істотныя перамяшчэнні, як у прыкладзе з небывалым скачком старшыні саўгаса ў прэзідэнты.

І вось цяпер мы нарэшце і падышлі да самага важнага – адказу на пастаўленае ў загалоўку пытання. Можна сказаць смела: корань усіх нашых бед, прычына беларускага заняпаду ў тым, што мы, бадай, адзіная з рэспублік, у якой камуністычная сістэма засталася амаль некранутая. Яна нават умацавалася, бо шчыльна зраслася з крымінальнымі, мафіёзнымі структурамі. Вядомы змагар з рэжымам Барыс Хамайда ў Віцебску выдае газету "Выбар", забароненую за тое, што яна ўзяла курс на барацьбу са "Злачыннай савецкай уладай". Тут галоўны вораг дэмакратыі названы сваім іменем. Уся разгалінаваная, шматгранная Сістэма камуністычнай наменклатуры – вось што ўтрымлівае Беларусь на шляху ад прагрэсу.