Слухам пачуеце і не зразумеецеі вачамі глядзець будзеце і неўбачыце. Бо зрабілася грубымсэрца народа гэтага, і вушаміз цяжкасцю чуюць і вочы сваезаплюшчылі...
У газеце "Советская Белоруссия" за 21.03.92 г. былі надрукаваныя водгукі на маё інтэрв'ю "Белорус – это звучит гордо" (ад 25.01.92). У сувязі з тым, што пытанні ўзнятыя ў гэтым інтэрв'ю, даволі тыповыя, а абвінавачванні ў мой адрас таксама вельмі распаўсюджаныя, я палічыў сваім абавязкам даць хаця б кароткі адказ.
Так, у лісце Ф.Сівачэнка гаворыцца пра тое, што НДПБ і БНФ ірвуцца да ўлады не для таго, каб палепшыць становішча працоўных, а "каб набіць свае ўласныя кішэні і стаць капіталістамі". Ну што ж, спадар Ф.Сівачэнка амаль угадаў, прынамсі, у першай частцы свайго выказвання. Сапраўды, дзейнасць любой палітычнай партыі накіравана на заваёву ўлады, таму і БНФ, і НДПБ, і ПКБ і іншыя партыі не складаюць выключэння. Прычым, гэтая ўлада (ці тая фракцыя ў парламенце, якая прадстаўляе адпаведную партыю) імкнецца палепшыць становішча тых слаёў працоўных, якія падтрымліваць тую ці іншую партыю. А вось адносна таго, каб "набіць уласныя кішэні", то з гэтым у нас – палітыкаў – вельмі дрэнна. Дастаткова сказаць, што практычна ўсе старшыні існуючых партый, іх намеснікі і іншыя работнікі працуюць на чыстым энтузіязме. Вельмі часта рызыкуюць сваёй працай, а бывае губляюць яе, і, паверце мне, не прабытковая гэта справа, няўдзячная. Напрыклад, у Сялянскай партыі пасада старшыні вызваленая, але Яўген Лугін, які знаходзіцца на гэтай пасадзе ўжо некалькі год, не атрымаў нават рубля – няма чым плаціць. Дзякуй пенсіі – Яўген Міхайлавіч афіцэр у адстаўцы.
Спадар В.Н.Карбавец з Віцебска параіў мне: (цытую даслоўна) "содитесь и ликвидируйте лигбес". Вы ведаеце, я з задавальненнем зраблю так, хоць мяркую, што і Вам не пашкодзіла б заняцца лікбезам. Гэтым я займаюся, між іншым, кожны дзень, вечар, а бывае, і ноч. Займацца палітычнай дзейнасцю, адначасна спалучаючы гэта з выкладчыцкай і навуковай працай – вельмі вялікая нагрузка. Я не маю, фактычна, выхадных дзён і наогул таго, што завецца вольным часам. І свой крыж я павінен несці, пакуль гэта патрэбна людзям. Складаней адказаць на пытанне: навошта гэта патрэбна мне? Часткова адказ я ўжо даў ў эпіграфе да ўсёй кнігі перад артыкулам "Ад аўтара".
Але вярнуся да галоўнага. Да найбольш набалелай праблемы – мовы. Ёсць розныя думкі. Найбольш агрэсіўныя, напрыклад, пішуць аб дыктатуры беларускіх расістаў. Я думаю, што гэта не сур'ёзна. Распаўсюджаная думка – найбольш талерантная да іншых нацый менавіта беларуская нацыя. Хаця наконт талерантнасці беларусаў у мяне асобныя аднасіны [2].
Ці вось яшчэ праблема. Часта сустракаецца фраза "рускамоўны беларус". Добра гэта, ці дрэнна? Што ён за чалавек, які нібыта і беларус, прынамсі, па савецкаму пашпарту, але гаворыць па-руску? І не дзе-небудзь у Расіі, а ў сябе на Радзіме – у Беларусі. Нешта тут не тое. Хіба можа быць, скажам, "рускамоўны француз" у Францыі? Тэарэтычна, пэўна, можа, але калі да таго ж ён не з'яўляецца французкамоўным, тады з французам яўна нешта не ў парадку. Гэта Вам скажа любы "нармальны" француз. Забыцца сваю родную мову і не імкнуцца да яе засваення – гэта вельмі дрэнна. Бо адсутнасць мовы – "крыві народа" – вядзе да знікнення усяго народа.
Я вярнуся да пытання аб мове трохі пазней, даўшы спачатку невялічкі агляд гісторыі нашай Радзімы, бо менавіта ў ёй хаваецца наша бяда – наш пракляты нацыянальны нігілізм.
Ідэялагічны аддзел КПБ-КПСС гадамі апрацоўваў беларусаў у патрэбным рэчышчы шавіністычнай тэорыі "вялікага рускага старэйшага брата", і трэба сказаць, – небеспаспяхова. Асабліва "папрацавалі" ў напісанні скажонай гісторыі Беларусі вучоныя начале з прафесарам Абэцадарскім. У якасці гісторыі Беларусі мы вывучалі іх опусы наскрозь прасякнутыя хлуснёй і прапагандай гераізму і вялікасці рускіх. Вось некалькі прыкладаў палітыкі, што праводзілі расійскія шавіністы і якая пасля стала асновай канцэпцыі памянутых беларускіх гісторыкаў. Так, захопніцкія войны Масквы з Вялікім княствам Літоўскім – а Беларусь у ім складала аснову дзяржавы – прадстаўляліся як нацыянальна-вызваленчыя войны. Анексія Беларусі ў канцы ХVIII стагоддзя ў склад Расійскай імперыі прадстаўлялася як уз'яднанне з Вялікай Расіяй. А, між тым, вялікі для Расіі палкаводзец А.Сувораў у адносінах да беларусаў быў агрэсарам і акупантам. З яго дапамогай тысячы сялян з Кобрынскага і іншых заходнебеларускіх уездаў у канцы XVIII ст. былі вывезены ў якасці прыгонных у розныя губерні Расіі.