Святло з вокан біла ў вочы Тарасу, і ён не адразу заўважыў Петруся, які сядзеў на лаве ў прасценку. Пятрусь устаў і пайшоў яму насустрач, хацеў пажартаваць, але не ўтрымаўся і кінуўся да Красантовіча ў абдымкі.
— Дзядзька Тарас!
Той схапіў яго, закруціў.
— Калі прыехаў?
— Раніцай...
I яны зноў абняліся.
Пасля снедання Сцепаніда заспяшалася ў краму. Пятрусь напомніў:
— Напішы ім заяву. Чуеш, мама!
— Добра, добра. Потым...
Да паўдня Пятрусь праседзеў з Тарасам, пасля пайшлі аглядаць горад. Тарас паказваў, дзе што адбудавана, запрашаў да сябе ў госці. Крыніца запярэчыў, пачаў адмаўляцца, абяцаў прысці ў нядзелю, але Тарас насядаў:
— Пойдзем, пасядзім, пагаворым. Чаго там дома аднаму тырчэць?
Ен раптам засмяяўся, падміргваючы:
— Праўда ж, табе няма калі. Што табе Тарас? Дзяўчына чакае...
Крыніца сапраўды меў намер пайсці да Нэлі. Да той радасці, што апаноўвала яго з ранку, дадавалася яшчэ адна: радасць чакання. Тое, што сказаў Тарас, не спадабалася яму.
— Гэта ўжо мая справа...
— Ото-то-то! — міралюбна перабіў яго Тарас.— Вольны казак, рабі, што хочаш. Толькі май на ўвазе: чалавеку, якога мала ведаеш,— вялікай веры не давай. Ты лепш адкажы: пойдзеш да мяне ці не?..
— Ну, хадзем!
На Задзвінне, дзе жыў Тарас, яны дабраліся хутка. На пераправе пашчаслівіла: паром адплыў, ледзьве яны ступілі на хісткі дашчаны насціл. На рацэ ляжалі ў вадзе разарваныя выбухам фермы чыгуначнага маста і побач з імі свяціліся пралёты новага: па мосце марудна поўз эшалон.
— Дык вось, браток. Усё трэба будаваць, уздымаць. Колькі гадоў спатрэбіцца!..
Крыніца, аглядаючы горад, маўчаў. Каменныя груды спаленых будынкаў глядзелі на раку чорнымі пустымі вачамі вокан. Паром павольна плыў па вадзе. Невялікія хвалі пеніліся, расступаючыся перад ім.
— Ты разумееш, думка такая прышла,— сказаў Пятрусь, паглядаючы на горад.— Вось дом... Спалены дом. Яго можна адбудаваць за месяц. А колькі ж часу патрэбна, каб выгадаваць чалавека, навучыць яго будаваць гэты дом? Праўда... Вунь колькі дамоў спаленых. А дзе гаспадары іх?.. Ішлі праз горад, і я нідзе не сустрэў знаёмых...
— Знойдзеш знаёмых, пачакай! Цяпер не тое, што да вайны: на вуліцах не шпацыруюць...
Тарас памаўчаў і дадаў, па-ранейшаму гледзячы на хвалі, што цяпер узбуйнелі і выгіналіся за паромам белымі грабянямі:
— А пра чалавека ты правільна. Колькі сродкаў трэба патраціць, каб ён стаў дарослым? Нашы маткі лепш гэта ведаюць.
У Тарасавай зямлянцы, куды яны прышлі праз паўгадзіны, было крыху цеснавата, але ўтульна. Супраць печкі стаяў ложак, засланы вайсковай коўдрай. Ля вузкага акенца размясціўся зграбны столік, на якім ляжаў разгорнуты часопіс, побач — папера і чырвоны аловак. На сцяне вісеў даваенны фотаздымак жонкі і дачкі. Крыніца адразу ж апусціў вочы — не хацеў, каб Тарас убачыў ягоную цікавасць, і абыякава спытаўся:
— Хваліся, як жывеш, гаспадар! Што маеш?
— Так вось і жыву,— паказаў Тарас вакол сябе. — Ты ж ведаеш, адзін я...
Ён спахмурнеў, закурыў. Сінявы дымок папоўз да акна, нібы хацеў хутчэй пабачыць сонца.
— У працы ратунак толькі,— дадаў ён яшчэ і спыніўся ля століка, прыкідваючы, чаго на ім нехапае. — Колькі дамоў пабудаваў! Глядзіш — людзі наваселле спраўляюць... А прыгадаеш, што і твае маглі б вось так... Усё нутро сціскаецца. Цяжка...
Крыніца моўчкі сачыў за тым, як Тарас збірае на стол скупы мужчынскі абед, расстаўляе пляшкі. Чым мог паспачуваць яму Крыніца? Ён сам яшчэ нядаўна блукаў у змрочным карагодзе супярэчлівых думак, вагаўся, шукаў упірышча ў жыцці, каб не зваліцца, каб жыць. Сябры дапамаглі яму. Ён ведаў гэта. I яшчэ ведаў ён, што час гоіць самыя глыбокія і страшныя раны.
9
Марфа чакала гасцей.
Яна сядзела на мяккай канапе, глядзела ў акно, за якім церушыў дождж. Кроплі паўзлі па шыбах і звілістым ручаём сцякалі ўніз.
Думкі былі няясныя, трывожныя. Фурс настойліва патрабуе, каб дабудоўвалася другая палавіна хаты. А як? Краму трасуць рэвізоры, і на мінулым тыдні прышлося паўтары тысячы выкласці з уласнай кішэні. Усім казала: апошнія грошы. Цяпер, калі возьмешся дабудоўваць, людзі што падумаюць? А Фурсу што? Яму грошы. Грошы ёсць, але ж шкада іх аддаваць. Во, каб у Фурса не было той паперкі! Адразу памякчэў бы і ўвогуле можна нічога не плаціць. Паспрабуй, давядзі, што я табе вінна! Няхай сто суддзяў сядзіць — чысты! I ўсё!
Канешне, не дужа хочацца, каб гэтыя суддзі ўмешваліся. Але ж жыццё вялікае — усё можа быць! Яго пражыць — не лыжку мёду з’есці.
Цяпер новы клопат — дачка. Нешта яна з Крыніцамі павялася. Ці ж не дурная! А той, вядома, на хату цэліць. Бач ты, выжла бязрукая...