Выбрать главу

Хутка ён развітаўся з Тарасам. Яны дамовіліся, што заўтра Тарас прыдзе да Петруся. Крыніца пайшоў ад яго, несучы ў сваім сэрцы цвёрдую пераконанасць, што робіць правільна, звязваючы свой лёс з Нэляй.

Пераехаўшы паромам раку, ён пачаў узбірацца крутой сцежкай на замчышча. Падняўся і стаяў, аддыхваючыся. Расшпіліў каўнер кашулі. «Слабы яшчэ пасля шпіталю». I тут жа супакоіў сябе: «Але ж і гара, паспрабуй узлезці! Ад гэтага і сэрца зайшлося...»

Унізе блішчэла рака. Замчышча амаль навісала над ёй крутымі, зарасшымі палыном схіламі. Вежы высокія царкоўных муроў, абшарпаныя, абабітыя за гады вайны кулямі і снарадамі, нагадвалі маўклівых і строгіх вартавых, што ахоўваюць спакой гэтай ракі.

3 пачуццём няяснай трывогі Крыніца аглядаў замчышча: тут дамовіліся яны з Нэляй сустрэцца. «Нешта ж позніцца. Час ёсць, пачакаю. Прыдзе!»

Ён прысеў на нізкі пяньчук, што застаўся ад дрэва, якое некалі расло тут. Глядзеў на Дзвіну. Ноч падплывала з захаду нячутна. Рака, здавалася, адпачывала пасля дзённай стомы і бруілася на перакатах лёгкімі хвалямі. 3 горада даносіўся вячэрні гоман.

Азірнуўшыся, Крыніца ўбачыў яе. Яна крочыла сцежкай праз замчышча. Ён ускочыў і пайшоў насустрач.

— Нэля...

— Я... Ты не заждаўся тут часам?

Ад яе ішоў ледзь улоўны пах нейкага віна і яблык.

— Нэля, Нэля! Нядобра пазніцца.

— Да нас Ласуха з Фурсам прыпёрліся. Ледзь уцякла я адтуль...

— Уцякла?

— Не магу з імі. П’юць і Ласуху нахвальваюць. Быццам бы я не ведаю яго!..

— А хто ён?

— Ласуха?.. Ну, як табе сказаць... Знаёмы наш. I толькі. Ды кінь ты аб ім...

Яны падышлі да месца, дзе толькі што сядзеў Крыніца. Сцяжынка бегла ўніз, бялеючы ў змроку. Сашчапіўшы рукі, Нэля паклала іх на плечы Крыніцы, шапнула:

— А ты харошы ў мяне. Чакаеш. На цэлую гадзіну прыпазнілася.

Ён прыгарнуў яе да сябе, адчуваючы, як пад тонкім плаццем б’ецца яе сэрца.

— Добра як, Нэля!

Хмары сплылі за вежы муроў, нясмела выглянуў з-за іх месячык, асвяціў наваколле і зноў схаваўся, быццам засаромеўшыся. Агеньчыкі за ракой гарэлі ярчэй.

— Ты памятаеш, як мы марылі пра наша шчасце да вайны?

— Памятаю, — Нэля яшчэ шчыльней прыціснулася да яго. — Ціха было, як цяпер. I месячык...

— I чаромха...

— На касагоры ля ручая. I салаўі спявалі. Паедзем, пабачым. У паромшчыка ёсць лодка, я сюды часта прыходзіла.

— Ты хочаш паехаць цяпер? Туды?

— Ага. I яшчэ хачу, каб у нас усё было, як і раней.

— Як і раней? Не, я хачу па-новаму каб... Мы ж разам!

Пятрусь павёў яе ўніз па сцяжынцы. ён ні аб чым не думаў і толькі адчуваў, як па ўсім целе разліваецца бадзёрасць. Яны збеглі ўніз і спыніліся ля самай вады.

Паромшчык — порсткі маленькі дзядок — доўга бурчэў, спасылаючыся на позні час, але, атрымаўшы ад Петруся дзесятку, загаварыў ахватней. Ён пабег за будан і прынёс вёслы і бляшанку, каб выліваць ваду.

— Во, хаваю ад жэўжыкаў гэтых. Бо сцягнуць удзень...

Адплыўшы ад берага, яны пусцілі човен на волю хваль. Недзе ўперадзе плёснулася рыбіна, і гэты гук доўга вісеў над вадой. Аднекуль данеслася гаворка, прыглушаная адлегласцю. Начная птушка пранеслася над чаўном.

I ніхто не бачыў, куды паплыў човен. Ніхто не ведаў, дзе ён прыпыніўся...

11

Пра свой намер выйсці замуж за Петруся Нэля сказала маці ў суботу. Сказала і адразу ж пашкадавала. Не трэба было прызнавацца. Настрой жа ў яе дрэнны. Усё з-за гэтай крамы...

Марфа праглядала раскладзеныя на стале грашовыя рахункі і таму адмахнулася ад дачкі, як гэта заўжды рабіла, калі тая назаляла.

— Не дуры галавы. Потым пагаворым, потым! Бачыш, які непарадак у мяне.

Нэля пакрыўджана скрывіла губы і настойліва прытупнула нагой:

— Якая ты няўважлівая, мама. Рашаецца мой лёс...

— Які лёс? — Маці злосна пазірала на Нэлю.

— Мы дамовіліся з Петрусём пажаніцца. Я дала яму слова.

— Ужо?!

— Не разумею. Чаго злавацца?

— Не разу-умею! — залемантавала Марфа, падскочыўшы, затупала, забегала па пакою. — Чуеце, людзі! Яна не разумее! А хто павінен разумець? Што табе маці? Родная маці што табе, я пытаюся? Без мяне рашылі — без мяне і жаніцеся! Чаго ж ты ад мяне хочаш?..

А ў сэрцы бушавала лютае полымя. «Праглядзела! Цяпер як пераробіш? I стаіць жа, як слуп. Ні слязінкі няма. Зломіцца, а не здасца. Мая натура выпірае. Мая!..»

Нэля не плакала. Загадзя, у душы падрыхтаваная да такой гаворкі і зразумеўшы, што не памылілася, яна цяпер слухала маці са спакойнай упэўненасцю чалавека, які цвёрда верыць у сваю правату. Сказала цвёрда, як гавораць аб справах, беспаваротна вырашаных і прадуманых.