Выбрать главу

13

Крыніца штурхнуў акно, і яно нячутна адчынілася. Перадранішняя прахалода дыхнула ў твар, і прыемны водар восеньскіх садоў хлынуў у пакой.

— Як пахне яблыкамі...

— А мне здаецца — вяргінямі,— ледзь чутна сказала Нэля.

Яны былі ў пакоі адны. Толькі што разышліся апошнія вясельныя госці. Нэля зрабілася іншай — ціхай і палахлівай.

— Ты чаго ўсміхаешся?

— Я прывыкла бачыць цябе ў фрэнчыку. У пінжаку ты нейкі дзіўны...

— Ведаеш, Нэля, твой Пятрусь цяпер самы шчаслівы чалавек на зямлі. I ведаеш чаму?

— Не,— яна шчасліва засмяялася, заплюшчыла вочы і даверліва прыціснулася да яго.— Скажы...

— Таму, што ты кахаеш мяне!..

На шчацэ ў Нэлі засвяціўся ружаваты водбліск ранняй зары. Пятрусь пацалаваў гэтую пунцовую плямку, і яму здалося, што не ранак барвовіць Нэліну шчаку, а гарачае сонца свеціць яму ў твар...

14

Вясна, другая пасля вайны, прышла трохі раней свайго часу. Ледзь паспелі адшумець лютаўскія завеі, а з поўдня падзьмулі ўжо цёплыя вятры. У згодзе з імі было, мусіць, і сакавіцкае сонца: за некалькі дзён аселі і пачарнелі гурбы снегу ля аселіц, па-над ракой, яшчэ закутай у тоўсты лёд, запушылася вярба, заспявалі сініцы-лазараўкі, пераскокваючы з галінкі на галінку, яны звінелі весела і галасіста:

— Пілі-клінь. Плінь-клінь. Пілі-пілі, клінь-клінь.

А сонейка з кожным днём прыгравала ўсё мацней і мацней, падоўгу затрымліваючыся на небасхіле. На высокіх пагорках, якія паспелі вызваліцца ад зімовага палону, ужо з’явіліся чорныя, як вугаль, шапкі. Птушкам было холадна. 3 раніцы яны грэліся на чорных праталінах, шукаючы штосьці ў пажоўклай мінулагодняй траве. Толькі апоўдні, калі паветра рабілася зусім цёплым, яны ляцелі аглядаць свае старыя хаткі, што былі пакінуты ўвосень.

Першым прыкмеціў шпакоў Тарас Красантовіч. Ён меў незвычайную схільнасць да птушак, але з усяго птаства больш за ўсё любіў шпакоў. Калі будаўнікі яго брыгады прыселі перакурыць, ён узяў некалькі дошчачак і пачаў нешта вычэрчваць на іх чырвоным алоўкам. На адным з іх намаляваў колца і ўзяўся долатам выбіраць дзірачку. Будаўнікі здагадаліся: шпакоўніца!

— Яна,— пацвердзіў Тарас.— Шпакам новую хату пастаўлю.

Да шпакоўніцы ён прыбіў жардзінку і павесіў яе на таполі. Дамок адразу прывабіў шпакоў. Паскакаўшы па ружаватых галінках, яны бясстрашна, з гаспадарчай руплівасцю ўзяліся аглядаць сваю кватэру. Тарас, закінуўшы галаву, з цікавасцю сачыў за птушыным клопатам. За гэтым заняткам яго і застаў Пятрусь Крыніца. Голасна прывітаўся.

— Ш-шшш! — паказаў Тарас на таполю.— Спалохаеш!

На новай шпакоўніцы сядзеў шпак — чорны, бліскучы. Ён пазганяў усіх сваіх прыяцеляў, з якімі толькі што аглядаў дамок, і цяпер распраўляў дзюбай крылы, трохі змятыя ў сварцы. Скончыўшы гэты занятак, шпак нахіліў галаву, паглядзеў на людзей і шчоўкнуў некалькі разоў, быццам вопытны музыка правяраў свой інструмент. Спробай той ён застаўся, відаць, задаволены і заспяваў, засвістаў на ўвесь голас, прыгожа выцягваючыся на тонкіх чырвоных лапках. Чорная птушка блішчэла на сонейку і кідала ў неабсяжны блакітны прасцяг цудоўную песню вясны.

Тарас усміхнуўся, пахваліў спевака і звярнуўся да Крыніцы, што стаяў і таксама глядзеў на таполю:

— Добра, што прышоў. Хадзем, інтэлігенцыя, пакажу, што працоўны народ робіць.

— Якая я табе інтэлігенцыя,— хмура адмахнуўся ад яго Крыніца.— Казаў прыду — вось і прышоў. Параіцца хачу...

Такое абяцанне Пятрусь даў раней, калі Тарас завітаў да яго ў госці. Яны сядзелі тады ўдваіх. Нэля пайшла да маці. Гаворка перакінулася на асабістыя справы, і Крыніца, размаўляючы з Тарасам, упершыню падумаў, што недзе ён зрабіў памылку, але якую і дзе — не ведаў.

Жыццё паварочвалася да яго сваім суровым бокам. Грошы, што ён прывёз пасля шпіталю, амаль усе былі зрасходаваны. У канцы зімы ён некаторы час працаваў кантралёрам у гарадскім клубе, але гэтую працу прышлося кінуць: Нэлі не падабалася, што яе муж стаіць пры дзвярах. Жончыны словы ў гэтай справе рашаючага значэння не мелі. Петрусю самому не падабалася тая праца. А за што ўзяцца цяпер? Да спадобы была лясная справа, якой займаўся да вайны бацька, але як прыстаць да яе? Адукацыі няма, спецыяльнасці няма. Трэба вучыцца. Сярэднюю школу да вайны ён не скончыў. Пайсці ў вячэрнюю? А далей? Не, трэба ад вучобы пакуль што адмовіцца. Трэба працаваць, каб былі грошы. Ён жа муж, а скора будзе бацька. Зусім скора...

— Вось што,— рашуча сказаў Тарас, які назіраў за змрочнымі ценямі, што праплывалі па твары Петруся.— Давай разам падумаем, што табе рабіць. Прыходзь да мяне, параімся. Абяцаеш, што прыдзеш?