Выбрать главу

— Падумаем...

— Не, дарагі мой, тут думаць няма чаго. Калі ты кахаеш, то пойдзеш са мной, куды я захачу.

— Ну, добра, добра. Можа калі і пойдзем!

Сонна цікаў гадзіннік, дзелячы цемру ночы на роўныя, маленькія кавалкі. Шкло ў акне паціху трымцела ад ветру. Нэля паклала руку на галаву Петрусю; яго сэрца памякчэла і шчыра адгукнулася на пяшчоту.

Пятрусь хутка забыўся на тую гаворку, што была ўначы. А яна ўзнікла зноў праз тры дні і пайшла зусім у іншым напрамку.

Быў суботні вечар. Сеўшы за падручнік геаметрыі, Пятрусь трохі пачытаў, а потым непрыкметна задрамаў. Прачнуўся ён ад жаночых галасоў, якія даносіліся з кухні.

— А я вам што, служанка? — Нэля, відаць, сказала гэта смеючыся. — Дакуль гэта будзе? Памый, вынесі, дровы прынясі. Можа, скажаце, каб я яшчэ вашу свінню карміла?

— Што ты, дачушка! Можа першы раз і прашу. Бачыш жа, няўпраўка... Бялізны ж во колькі!..

— Няхай Пятрусь выносіць, а то распанеў... Няма чаго... Я ў школе цэлы дзень працавала.

— Не чапай яго, толькі ж за кніжку ўзяўся... — голас Сцепаніды задрыжаў. — Ніколі не казала табе, а зараз скажу: нельга так. Ты ж жонка яму, няўжо не бачыш, што ён ледзь ногі цягае? Удзень на рабоце, увечары — школа...

Пятрусь адчыніў дзверы на кухню, сказаў, не беручы пад абарону нікога:

— Зноў грымоты на ўсю хату... Ну, чаго вы не падзеліце?

Нэля ў светлым плацці стаяла ля стала і смактала цукерку. Твар яе быў ружовы ад хвалявання, а вочы блішчэлі халодна і злосна. 3 рук маці — худых і таксама ружовых ад гарачай вады — сцякала мыльная пена.

Белыя наздраватыя лёгкія капяжы падалі на падлогу ля босых ног. Пятрусь успомніў, што абяцаў маці купіць туфлі і не купіў, бо Нэля пашыла сабе новае плацце. Яму стала сорамна, ён пачырванеў.

— Ну, што тут у вас? Вядро? Давайце яго сюды. Толькі вы, мама, не крычыце на яе...

Пятрусь вынес вядро і зноў узяўся за падручнік.

За спіной пачуліся жончыны крокі. Ён аглянуўся. Нэля выцягвала з шафы свае сукенкі і складала іх у чамадан.

— Ты куды гэта збіраешся?

— Дахаты! 3 тваёй маці я жыць не магу!..

— Нэля, ты гэта сур’ёзна?

— Я ўсё жыццё была сур’ёзнай. Памыі цягаць... Давай збірайся. Дапаможаш...

Ён не зразумеў тады, што справа зусім не ў вядры, якое трэба было вынесці. Ён прыходзіў дахаты і бачыў чыста прыбраны пакой. Ён не стаяў у чарзе за хлебам, крупамі і не ведаў, хто робіць усё гэта. Утульнасць у хаце, добры абед, радасць у сэрцы — усё гэта звязвалася з жонкай, і ён мог дараваць ёй усё. Каханне рабіла яго сляпым. I цяпер Нэліны словы так збянтэжылі яго, што калі ў пакой увайшла маці, ён змог толькі сказаць:

— Паслухай, мама! Нэля хоча пайсці ад нас!

— Ваша справа. Вам жыць, вам і рашаць. — I паглядаючы на тое, як завіхаецца Нэля ля чамадана, сказала яшчэ: — Крыўдна мне за вас. I сорамна. Разберацеся некалі, дык зразумееце мяне...

Нэля падштурхнула Петруся плячом і сказала ціха, каб не чула Сцепаніда:

— Хадзем, хадзем! Не стой!

Яму цяжка было крануцца з месца. Ён адчуваў нейкую незразумелую пустэчу ў сэрцы і ўсё яшчэ не мог паверыць у тое, што ў яго жыцці адбылося нешта страшнае і непрыгожае.

19

Пятрусь Крыніца любіў лес. Калі ён бачыў гонкія дрэвы, што прыгожа выносілі ў неба магутныя верхавіны, незразумелае хваляванне апаноўвала ўсю яго істоту. Ён не ведаў, калі прачнулася ў ім гэтая замілаванасць да прыроды: у дзіцячыя гады, калі бацька вадзіў яго па барах, паказваючы, дзе растуць суніцы і грыбы, ці мо пазней, у партызанскія дні, калі давялося змераць шмат лясных пуцявін.

Цяпер Пятрусь стаяў ля маладых асінак, што палымнелі вогненнымі фарбамі. Дзень выдаўся пагодны і не па-восеньску цёплы. Неба было чыстае і сіняе. Празрыстае паветра мела такі выразны колер, які вельмі нагадваў падсіненую ваду ў начоўках; неба, здавалася, наблізілася да зямлі, каб здзівіць людзей сваёй сінявою.

На блеклай пажоўклай траве не прасохла яшчэ адтаяўшая намаразь. На ёй ляжалі апаўшыя ранкам лісты клёнаў, яны былі рудаватыя, падобныя на маленькія хлебчыкі, якія нядаўна выцягнулі з печы. Сумавалі на прылессі бярозы; насцярожаныя, задуменныя, яны скідалі сваё залацістае лісце. Сарвецца зверху лісцінка і не адразу ападзе на зямлю; спачатку прыхіліцца бокам да суседкі, быццам просячы дапамагчы затрымацца на дрэве; а тая сама баіцца, каб не зляцець, і штурхае сваю сяброўку да другой лісцінкі; абедзве не ўтрымаюцца, паляцяць уніз, і вось ужо густы бліскучы дождж цярушыцца долу. Галінкі ўздрыгваюць, нібы саромячыся сваёй чарнаты, раней схаванай у прыгожым адзенні.