Бліскучай чырванню набрынялі рабіны. На голых галінах ляшчэўніку, які раней ад усіх паскідаў счарнелае лісце, віселі пукатыя шэрыя завушніцы.
Тыдні са тры таму назад Пятрусь знайшоў гектары са два сеянага лесу — таполяў і клёнаў. Там-сям пракідаліся ліпкі. За вайну дрэвы выраслі, закупчасціліся. Сёння ўранку Пятрусь прыехаў сюды прасачыць за адпраўкай саджанцаў у горад. Дрэвы вазілі зеленгасаўская і яшчэ некалькі машын розных гарадскіх устаноў.
Ля выкапаных саджанцаў завіхаўся Ціхон Ластаўка — каранасты, моцны мужчына, з тварам, крыху пабітым рабаціннем. На ім быў зеленавата-шэры фрэнчык, падпяразаны шырокім рамянём, і такога ж колеру штаны. Гэта быў чалавек, горача ўлюбёны ў сваю працу. Гэтым ён і падабаўся Крыніцы. Сяброўства іх умацавалася яшчэ больш за той дзень, калі яны ўдвух шукалі ў лесе патрэбную дзялянку.
Акінуўшы яшчэ раз позіркам восеньскі лес, Крыніца пайшоў да машыны, шкадуючы, што трэба пакінуць гэтае хараство. Стоячы ля машыны, ён паклікаў Ластаўку:
— Ціхон Станіслававіч, я паеду гэтай машынай у горад. Кіруйце тут адпраўкай...
Раптам ён заўважыў, што замест таполяў і клёнаў на машыну пакладзены маладыя бярозкі. Здзіўлена падняў бровы:
— А гэта што? Вы ведаеце, што павінны адпраўляць?
— Тут такая справа, — Ластаўка нерашуча патупаў на месцы. — Прычапілася ўчора дачка: прывязі ёй бярозак. Гаворыць, што яны,— атрад піянерскі, ці што, — надумаліся пасадзіць у нядзельнік сваю піянерскую алею. Ну, і каб там бярозы былі... Я паабяцаў, а вам сказаць забыўся...
— Ну, што ж, — адразу памякчэў Крыніца.— Дзеці добра прыдумалі. Дзе яны там працуюць?
— У самым цэнтры парку...
Праязджаючы па вуліцах горада, Крыніца заўважыў, што нядзельнік быў як ніколі масавы. Сотні людзей завіхаліся на папялішчах, разбіралі паваленыя сцены спаленых будынкаў, грузілі на машыны патрушчаную цэглу і смецце. На ўцалелых сценах будынкаў палымнелі словы: «Мы ўзнімем з руінаў цябе, наш родны горад!»
На цэнтральнай плошчы горада грукаталі бульдозеры. Паміж дзвюх вуліц быў пустыр — папялішча былога квартала, ад якога нічога не засталося. Гэтае папялішча ператваралася ў цэнтральны гарадскі парк. Па абодва бакі яго планаваліся вуліцы, якія, зыходзячыся, утваралі вялікую плошчу.
Два магутных бульдозеры раўнавалі папялішчы. Жыхары рыдлёўкамі дапамагалі машынам. Гул натоўпу губляўся ў гуле матораў: сталёвыя волаты ішлі адзін услед за другім. Шырокія бліскучыя нажы зрэзвалі ўсё, што траплялася на шляху, і сунулі перад сабой горы зямлі і пабітай цэглы.
Шафёр, стукаючы рукой па чорнай баранцы, зморшчыўся і пачаў пільней углядацца наперад:
— Дзе ж тут Ціхонава гвардыя?..
На сярэдзіне плошчы Крыніца ўбачыў дзяцей з чырвонымі піянерскімі гальштукамі. Ён высунуў галаву з акна кабіны і паказаў шафёру ў той бок.
— Кіруйце да іх!
Піянеры ўбачылі машыну і загаманілі ўсе адразу:
— Дрэвы вязуць! Бярозы, бярозы!
Машыну разгрузілі ўмомант, і Крыніца адаслаў шафёра назад, сказаўшы:
— Перадайце Ластаўцы, няхай ён глядзіць там...
Насустрач Крыніцы хуткімі крокамі ішоў Радаценка — дырэктар школы, у якой працавала Нэля. Гэта быў высокі, шырокі ў плячах чалавек, хударлявы з твару. Гаварыў ён ціха і павольна, але ў кожным слове гучала заўзятасць, і гэта прымушала слухаць яго ўважліва, з цікавасцю. Пятрусь часта сустракаўся з ім, калі заходзіў у школу па Нэлю. У апошні час яны доўга не бачыліся, бо Нэля не хацела, каб Пятрусь заходзіў па яе: хіба яна маленькая?..
Радаценка прывітаўся з Крыніцай і весела загаварыў:
— Бачыце, усю школу прывёў! Сакратар гаркома з архітэктарам былі тут. Наша ідэя ўхвалена. I ведаеце, што сказаў сакратар архітэктару? Ён сказаў: вось з каго трэба браць прыклад: з нашых піянераў!.. А бярозкі вы прывезлі? О-ооо! Тады пойдзем...
I калі ішлі ўжо, Радаценка, нібыта між іншым, спытаў:
— А чаму ж гэта ваша палавіна не прышла? Захварэла? Нашы настаўнікі ўсе тут, як салдаты...
Гэтае пытанне непрыемна ўразіла Петруся. У апошніх словах ён адчуў папрок. Учора Нэля сказала яму, што на нядзельнік не пойдзе. У яе сабралася многа хатніх спраў... Цяпер Петрусю было вельмі няёмка перад Радаценкам, і ён схлусіў:
— Занядужала нешта... Пасля бальніцы гэта ў яе.
Радаценка крочыў шырока, хутка. На плошчы вучні ўжо разносілі і раскладалі па квадратах маладыя бярозкі. Крыніца ўбачыў гэта і сказаў:
— Пойдзем і мы пасадзім па дрэўцу!..
Гледзячы, як упэўнена і спрытна Радаценка рыхтуе ямку для дрэва, Пятрусь падумаў, што той не ўпершыню ўзяў у рукі рыдлёўку. Быццам адказваючы на яго думкі, Радаценка заўважыў: