Выратаванне прышло зусім неспадзявана. Марфа ўбачыла вузкі завулачак і подбегам кінулася туды. Ад хуткае хады моцна забілася сэрца, і Марфа злосна сказала сама сабе: «Дажыла на старасці гадоў! Хавацца прыходзіцца!» Яна злавалася на сваю бездапаможнасць, на тое, што не можа так проста і асуджальна глядзець на сваю сваццю, і адчувала яе перавагу над сабою.
Нешта ўсё нядобра ішло ў той дзень. Новая бяда чакала Марфу ў хаце.
Калі яна пераступіла парог, Нэля сядзела на канапе і карміла Алеську. Марфа прысела побач і ўзялася выкладаць навіны, што прынесла з рынку.
Позірк яе спыніўся на дровах, што ляжалі каля печы. Папракнула:
— А печ няпаленая. На мяне ўсё спадзяешся... Вось, дасць бог, памру, тады пабачыш, як без маткі. Паба-ачыш!
— Ай, мама! Ты заўсёды так. Як жа я буду паліць, калі не ведаю, што варыць.
— Я ж казала, вазьмі мяса ў кладоўцы!
— Дык няма ж таго мяса, — весела сказала Нэля. — Каты з’елі!
— Ка-аты?
Марфа аслупянела, вейкі ў яе заміргалі часта-часта. Яна кінулася ў сенцы, і адтуль адразу ж пачуліся гнеўныя воклічы і лаянка.
Яна хутка вярнулася, несучы ў руках зашмальцаваную сумку ад працівагаза, у якой Пятрусь трымаў рыбацкія прылады. Папоркалася там і выцягнула перамёт, адрэзала чатыры кручкі на даўгіх шнурочках. На прыладу рашыла скарыстаць тое, што засталося ад бараніны. Мяса было зусім не відно, і нож слізгаў па жылах і косці. Гэта яшчэ больш раззлавала Марфу.
— Але ж во аб’елі, во аб’елі!.. Дармавое ж ім, не купленае. Нэлька! Нясі кілбасу з буфета... Мы іх на кілбасу возьмем!..
Матчына задума пакараць катоў надала Нэлі яшчэ больш весялосці. Яна хуценька прынесла кілбасу, адрэзвала ад яе кавалачкі і пырскала са смеху. Марфа бурчэла:
— Меншыя адрэзвай. А то абажруць, а кручок глытаць не будуць. Не-еее, праглынеш... За маё мясцо я вам кішкі павыдзіраю...
Яна шчэрыла рот у нядобрай усмешцы, і пальцы яе хутка і спрытна надзявалі маленькія колцы кілбасы на заіржавелыя рыбацкія кручкі. Скончыўшы гэты занятак, яна вынесла свае прылады ў сенцы і, добра прыкруціўшы шнур да цвіка, падвесіла кручкі ля сцяны. Пахвалілася дачцы, якая памагала:
— Скочыць ён гэта ўверх, схопіць кілбаску і — гатоў, даражэнькі... Ага, бачыш? Да мяне ў рукі трапіш — не сарвешся. Ну, хадзем!
Прышоўшы ў хату, Марфа ўзялася распакоўваць кошык і, адкрыўшы яго, пляснула далонямі.
— Дзе ж гэта я паклала яе? Памятаю, клала ў кошык. Ну, калі згубіла!.. Не, ёсць...
Яна выцягнула з кошыка трохі пакамечаную газету. Разгарнула яе і кінула на стол.
— На вось, чытай... Пра твайго напісана! Сорам які! Так люблю газету пачытаць, а цяпер і брацца не хочацца...
Марфа трохі крывіла душой, калі казала пра сваю любоў да газеты. Гэтая любоў паявілася ў яе не так даўно, пасля таго, як іх магазін наведаў карэспандэнт. 3 таго часу яна кожны дзень, не чакаючы, пакуль газету прынясуць дахаты, бегала ў кіёск і купляла свежы нумар. Але карэспандэнт загадкава маўчаў. Затое сёння Марфа была ўзнагароджана за сваю стараннасць: яна можа першай у горадзе прачытала маленькі допіс пра зеленгас. Крытыкавалі ў тым допісе зяця, у прыватнасці, гаварылася, што «... т. Крыніца, які выконвае абавязкі інжынера, занядбаў парніковую гаспадарку. Хутка вясна, а зеленгас нічога не робіць, каб да яе ўзорна падрыхтавацца. Звернемся да фактаў...»
Марфа не ўтрымалася і яшчэ раз, цераз Нэліна плячо, прачытала допіс. Паказала пальцам у куточак аркуша:
— Сюды глядзі! Бачыш, не «тав.», як ва ўсіх допісах, а толькі літара лерад прозвішчам «т.». Не к дабру гэта... Памятаю, і на Кільштэйна, які ў піўным ларку працаваў, таксама ў газеце пісалі «т. Кільштэйн». А праз тыдзень зволілі з работы і нават судзілі. I ты дачакаешся, што ў турму перадачу панясеш... Ты чуеш: «Т. Крыніца нетактоўна трымае сябе не толькі з рабочымі, але і з наведвальнікамі. Так, ён груба аблаяў тав. Цвіковіча, які прышоў і запытаўся, ці будуць прадаваць саджанцы вясной...» Гэта не так сабе напісана...
Нэля з хваляваннем глядзела ў газету. Нейкі таямнічы чалавек хаваўся за кароткім подпісам унізе допіса. Ён усё ведаў, гэты чалавек, і таму быў загадкавым. Яна яшчэ раз востра адчула, што маці гаворыць праўду. I побач з гэтым жыло іншае пачуццё — пачуццё жаласлівасці і няведання, што ёй трэба рабіць...
Няўдала пачаўшыся, гэты дзень прынёс у сваім канцы новыя і яшчэ большыя турботы. Увечары да Марфы прыбегла Тэкля. Вочы ў яе гарэлі, буйныя кроплі поту віселі над брывамі, і хусцінка, што збілася на бок, адкрывала ўскудлачаныя валасы.
— Паліць! Будуць паліць! Суседка, даражэнькая! — выдыхнула яна і плюхнулася ў крэсла, якое Марфа ёй падсунула. — Ай-яй-яй! Што ж гэта будзе?!