— Што будуць паліць? Хто?
— Ты не ведаеш!? — Тэкля нахілілася да Марфы, шэптам паведаміла. — Грошы гэтыя будуць паліць. Медзяныя пойдуць. Ужо тры вагоны прывезлі. А замест картак — талоны пойдуць і спісы. Прышоў, атрымаў, а больш — ні-ні!..
— Брахня,— халаднеючы ад таго, што можа здарыцца, адсекла Марфа. — Нам у краме даўно было б вядома, калі што...
— Верныя людзі кажуць. Верныя!
Калі Тэкля пайшла, Марфа пабегла да Ласухі. Той сказаў, што калі што і будзе, дык грошы абмяняюць. Гісторыя ведае: пасля вайны бывае грашовая рэформа. Гэта не супакоіла Марфу. Яна прыбегла дахаты яшчэ больш узрушанай, дастала са схованкі грошы. Доўга разглядала тоўстыя пачкі. «Можа заплаціць Фурсу? I каб усё было чыста... А калі гэта мана? Не, грошыкі мае, я вас нікому не аддам... Хрыбтом нажывала... Калі што якое, усё ў сваёй краме закуплю, каб не прапалі...»
Яна пералічыла пачкі, зноў загарнула іх у анучку і запхнула ў сяннік.
22
У той вечар, збіраючыся ісці да Сцепаніды, Тарас галіўся з выключнай стараннасцю. Ён сядзеў ля стала, паставіўшы перад сабой круглае люстэрка, спакваля боўтаў старым памазком у бляшанцы. Тарас і сам яшчэ добра не ведаў, ці адважыцца сказаць Сцепанідзе пра тое, аб чым думаў штодзень, застаючыся сам-на-сам у сваім кутку.
Пачуцці, якія жылі ў яго сэрцы, не былі падобны на тое каханне, якое знаёма маладому, поўнаму адвагі, узнёслых мар і летуцення юнацкаму сэрцу. Гэта было іншае пачуццё, якое можа прысці да чалавека, калі за яго плячыма — дзесяткі пражытых гадоў і калі ў крыві ўжо не бунтуюць маладыя парыванні.
Сэрца чалавека не згарае ў адзіноце. Яно можа зведаць радасць, гора, роспач, перанесці шмат пакут і тугі. Але заўжды ў ім жывуць жаданні, надзеі на лепшае, вера ў тое, што гэтыя надзеі і жаданні могуць спраўдзіцца.
Такой надзеі Тарасава сэрца не губляла, Прышоў час, і яно абудзілася, затрапятала, нібы асветленае роўным і ціхім святлом. Каб хто запытаў Тараса, калі запалілася ў яго сэрцы гэтае святло, што сагравала і бадзёрыла, ён наўрад ці змог бы адказаць, бо сам таго не ведаў. Яшчэ ў той час, калі дапамагаў Тарас будаваць Сцепанідзе зямлянку, нечым уразіла яго гэтая сталая ўжо жанчына. У рысах яе твару, у ціхай разважлівай гаворцы ён знайшоў нешта такое, што нагадала жонку, якая загінула ў першы год вайны.
I цяпер, яшчэ нават не верачы ў тое, што зможа пайсці і адважыцца на гаворку аб пачуццях, Тарас рыхтаваўся да яе: прыбіраўся доўга, старанна, прыгладжваў пальцамі пасівелыя валасы на скронях. Скончыўшы галіцца, ён вымыў бляшанку, паклаў яе на палічку, апрануў свой адзіны святочны касцюм і адвыклымі пальцамі завязаў чорны гальштук. Потым зноў паглядзеў у люстэрка і нейкі час стаяў нерухома. Выгляд у яго быў такі, быццам нешта ўразіла яго. Тарас спахмурнеў, адклаў люстэрка, з ягонага твару знікла разважлівасць і няпэўнасць.
Асаблівым, відаць, толькі ўласцівым для жанчын адчуваннем, Сцепаніда адразу пазнала, чаму так старанна прыбраўся Тарас, і крышачку разгубілася.
Прывітаўшыся, яна ўзяла з Тарасавых рук капялюш і, прыладжваючы яго на вешалку, зробленую з крывой кляновай развілінкі, прагаварыла:
— Заходзь, заходзь, Пятровіч! Як ведала — самавар паставіла. Пачастую... Другі дзень без картак чай п’ю. Свята!..
— А дзе-небудзь у панчосе не прапалі тысячы?
— Не, Пятровіч. Спакойна сплю...
— Рэформа разумна зроблена. Праўда? Калі ў працоўнага чалавека на кніжцы пара тысяч якіх ляжала — калі ласка: яны і ёсць! А спекулянту дало па карку.
Сцепаніда заслала стол абрусам, паставіла дзве шклянкі на квяцістых сподачках, прынесла яблычнае варэнне. Паскардзілася:
— Цяпер жа зусім адна. Намервалася якую кватарантку пусціць, неяк весялей было б. Дык усё думаецца: можа зноў захочуць сюды перайсці...
— Ды яно так і бывае: маладыя пасварацца — бацькам гора... Ну як жа яны цяпер? Ці ладзяць?
— Ганарлівыя абое. А ён — асабліва. Нічога не гаворыць. А я ж адчуваю: нешта не так у яго. Часам прыдзе сюды і ходзіць, ходзіць па хаце. I ўсё моўчкі... Я дык ужо і не пытаюся... А людзі кажуць, што Марфа падбівае дачку, каб развялася. Яна — ого! — з вышэйшай адукацыяй, а ён... Ну, ведаеш жа!..
— Бач, не чалавек ёй патрэбен, а адукацыя! — Тараса аж перасмыкнула ад злосці. — А хіба мала нядобрых людзей сярод адукаваных? Дзіўна! Пры нашай уладзе рос чалавек, нічога старога не бачыў, а расце нягоднік-нягоднікам. Сёння ажаніўся, заўтра да другой хінецца: маўляў, характарамі не сышліся. А на мой пагляд так: вочы бачылі, што рукі бралі, як гаворыцца. Сыходзіліся, пэўна ж, пра нешта думалі, дык жывіце, тым больш, калі ўжо дзеці пайшлі.